- 1. Чалавеку належаць намеры сэрца, а адказ языка ад Госпада.
- 2. Усе шляхі чалавека чыстыя ў ягоных вачах, а Гасподзь выпрабоўвае душы.
- 3. Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца.
- 4. Усё зрабіў Гасподзь дзеля Сябе; і нават бязбожнага на дзень гневу.
- 5. Агіднае Госпаду сэрца пыхліўца; можна паручыцца, што ён не застанецца без пакараньня.
- 6. Міласэрнасьцю і праўдаю ачышчаецца грэх, і страх Гасподні адводзіць ад ліха.
- 7. Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён і ворагаў яго прымірае зь ім.
- 8. Лепш нямногае з праўдаю, чым вялікія прыбыткі з крыўдаю.
- 9. Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Гасподзь кіруе шэсьцем ягоным.
- 10. У вуснах у цара - слова натхнёнае; вусны яго не павінны грашыць на судзе.
- 11. Правільныя вагі і вагавыя шалі - ад Госпада; ад Яго ж усе гіры ў торбе.
- 12. Агідная царам - дзея беззаконная, бо праўдай мацуецца трон.
- 13. Прыемныя цару вусны праўдзівыя, а таго, хто гаворыць праўду, ён любіць.
- 14. Царскі гнеў - весьнік сьмерці; а мудры чалавек умілажальвае яго.
- 15. У ясным позірку цара - жыцьцё, і ўпадабаньне ягонае - як воблака з позьнім дажджом.
- 16. Здабыць мудрасьць намнога лепш за золата, і здабыць розум лепш за чыстае срэбра.
- 17. Шлях у праведных - унікаць зла; той ратуе душу сваю, хто зважае на шлях свой.
- 18. Пагібелі папярэднічае гонар, і падзеньню - пыха.
- 19. Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі.
- 20. Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасны.
- 21. Мудры сэрцам разумным назавецца, і салодкая мова дадасьць да навукі.
- 22. Розум таму, хто мае яго, - крыніца жыцьця, а вучонасьць дурных - дурнота.
- 23. Сэрца мудрага язык ягоны ўмудрае і памнажае веды ў вуснах ягоных.
- 24. Прыемная мова - сотавы мёд, салодкая душы і гойная касьцям.
- 25. Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх - да сьмерці.
- 26. Працаўнік працуе на сябе, бо панукае яго рот ягоны.
- 27. Чалавек падступны намышляе благое, і на вуснах у яго нібы агонь палючы.
- 28. Чалавек хітры сее разлад, а нагаворшчык разлучае сяброў.
- 29. Чалавек зь нядобрымі намерамі разбэшчвае блізкага свайго і вядзе яго на дарогу благую;
- 30. прыплюшчвае вочы, каб прыдумаць падступства; закусваючы губы сабе, чыніць зладзейства.
- 31. Вянок славы - сівізна на дарозе праўды.
- 32. Доўгацярплівы лепшы за адважнага, і той, хто валодае сабою, лепшы за заваёўніка горада.
- 33. На падлогу кідаюць жэрабя, але ўвесь вырак ягоны - ад Госпада.
Ничего нет для сопоставления.