- 1. Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам.
- 2. Разумны раб валадарыць над шалапутным сынам і між братамі падзеліць спадчыну.
- 3. Плавільня - на срэбра, і гарніла - пад золата, а сэрцы выпрабоўвае Гасподзь.
- 4. Ліхадзей слухае вусны беззаконных, ілгун слухаецца вуснаў беззаконных.
- 5. Хто ганіць убогага, той ганіць Госпада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня.
- 6. Вянок старых - сыны сыноў, і словы дзяцей - бацькі іхнія.
- 7. Ня прыстоіць неразумнаму важная прамова, тым болей знакамітаму - вусны ілжывыя.
- 8. Хабар - каштоўны камень у вачах таго, хто валодае ім; куды ні зьвернецца ён, яму шчасьціць.
- 9. Хто прыкрывае правіну - шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра.
- 10. На разумнага мацней дзее вымова, чым на неразумнага сто ўдараў.
- 11. Злосьнік шукае толькі зла; таму жорсткі анёл будзе пасланы супраць яго.
- 12. Лепей сустрэць чалавеку мядзьведзіху зьбязьдзетненую, чым неразумнага ў дрымоце ягонай.
- 13. Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло.
- 14. Пачатак свары - як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна.
- 15. Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага - абодва агідныя Госпаду.
- 16. Навошта скарб у руках у неразумнага? Каб набыць мудрасьць, у яго няма розуму.
- 17. Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці.
- 18. Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго.
- 19. Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шукае падзеньня.
- 20. Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду.
- 21. Калі нарадзіў хто немысьля - сабе на гора, і бацька немысьля не парадуецца.
- 22. Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці.
- 23. Бязбожны вымае гасьцінец з-за пазухі, каб скрывіць шляхі правасудзьдзя.
- 24. Мудрасьць - перад абліччам у разумнага, а вочы неразумнага - на канцы зямлі.
- 25. Неразумны сын - прыкрасьць бацьку свайму і крыўда маці сваёй.
- 26. Нядобра і вінаваціць невінаватага, і біць вяльможу за праўду.
- 27. Разумны і ўстрымлівы ў словах сваіх, і разумны мае халодную кроў.
- 28. І неразумны, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі замыкае вусны свае.
Ничего нет для сопоставления.