Глава 4

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Іісус жа, поўны Духа Святога,
    вярнуўся ад Іардана;
    і паведзены быў Духам у пустыню,
  • 2. дзе сорак дзён спакушаў Яго дыявал;
    і не еў нічога ў тыя дні;
    а як скончыліся яны, урэшце адчуў голад.
  • 3. І сказаў Яму дыявал: калі Ты Сын Божы,
    скажы каменю гэтаму, каб стаў хлебам.
  • 4. І сказаў Іісус яму ў адказ: напісана,
    што "не хлебам адным будзе жыць чалавек,
    а ўсякім словам Божым".
  • 5. І, узвёўшы Яго на высокую гару,
    паказаў Яму дыявал усе царствы свету
    ў імгненне часу,
  • 6. і сказаў Яму дыявал: Табе дам усю ўладу гэтую і славу іх,
    бо мне яна перададзена,
    і я, каму хачу, даю яе;
  • 7. і вось, калі Ты паклонішся перада мною, будзе ўсё Тваё.
  • 8. І ў адказ Іісус сказаў яму: адыдзі ад Мяне, сатана;
    бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся
    і Яму аднаму служы".
  • 9. І павёў Яго ў Іерусалім,
    і паставіў Яго на крыле храма,
    і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы,
    кінься адсюль уніз;
  • 10. бо напісана: "Ангелам Сваім Ён накажа пра Цябе ахаваць Цябе;
  • 11. і на руках панясуць Цябе,
    каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю".
  • 12. І ў адказ Іісус сказаў яму:
    сказана: "не спакушай Госпада Бога твайго".
  • 13. І, скончыўшы ўсё спакушэнне,
    дыявал адышоў ад Яго да пэўнага часу.
  • 14. І вярнуўся Іісус у сіле Духа ў Галілею;
    і вестка пра Яго разышлася па ўсім наваколлі.
  • 15. І Ён вучыў у іх сінагогах,
    і ўсімі быў слаўлены.
  • 16. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны,
    і ўвайшоў, па звычаю Свайму, у дзень суботні ў сінагогу,
    і ўстаў, каб чытаць.
  • 17. І падалі Яму кнігу Ісаіі прарока;
    і, разгарнуўшы кнігу,
    Ён знайшоў месца, дзе было напісана:
  • 18. "Дух Гасподні на Мне,
    бо Ён памазаў Мяне дабравесціць убогім,
    паслаў Мяне ацаліць скрушаных у сэрцы,
    абвясціць палонным вызваленне
    і сляпым відушчасць,
    адпусціць прыгнечаных на волю,
  • 19. абвясціць год Гасподні спрыяльны.
  • 20. І, згарнуўшы кнігу, аддаў служыцелю і сеў;
    і вочы ўсіх у сінагозе былі звернуты да Яго.
  • 21. І Ён пачаў гаварыць ім:
    сёння споўнілася пісанне гэтае, пачутае вамі.
  • 22. І ўсе засведчылі Яму гэта,
    І дзівіліся словам благадаці, якія выходзілі з вуснаў Яго,
    і гаварылі: ці не Іосіфаў гэта Сын?
  • 23. Ён жа сказаў ім: вы, пэўна, скажаце Мне гэтае выслоўе:
    "лекару! ацалі самога сябе";
    тое, што, як мы чулі, адбылося ў Капернауме,
    зрабі і тут, на бацькаўшчыне Тваёй.
  • 24. І сказаў: праўду кажу вам,
    што ніякага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго.
  • 25. Па праўдзе кажу вам: многа было ўдоў у Ізраілі ў дні Іліі,
    калі зачынена было неба на тры гады і шэсць месяцаў,
    так што настаў голад вялікі па ўсёй зямлі;
  • 26. і ні адной з іх не быў пасланы Ілія,
    толькі ў Сарэпту Сідонскую, да жанчыны-ўдавы;
  • 27. і шмат было пракажоных у Ізраілі пры Елісеі прароку,
    і ніводзін з іх не быў ачышчаны, акрамя Неемана Сірыяніна.
  • 28. І напоўніліся ярасцю ўсе ў сінагозе, пачуўшы гэта;
  • 29. і, падняўшыся, выгналі Яго прэч з горада,
    і павялі Яго на верх гары, на якой горад іх быў пабудаваны,
    каб скінуць Яго;
  • 30. Ён жа, прайшоўшы паміж імі, адышоў.
  • 31. І спусціўся ў Капернаум, горад Галілейскі;
    і вучыў іх па суботах.
  • 32. І здзіўляліся вельмі вучэнню Яго,
    бо з уладаю было слова Яго.
  • 33. І быў у сінагозе чалавек,
    які меў духа дэмана нячыстага,
    і закрычаў моцным голасам,
  • 34. кажучы: пакінь;
    што Табе да нас, Іісусе Назараніне?
    Ты прыйшоў загубіць нас;
    ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы.
  • 35. Але Іісус забараніў яму,
    кажучы: змоўкні і выйдзі з яго.
    І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну,
    выйшаў з яго, зусім не пашкодзіўшы яму.
  • 36. І жах ахапіў усіх,
    і размаўлялі паміж сабою, гаворачы: што гэта за слова,
    што Ён з уладаю і сілаю загадвае духам нячыстым,
    і яны выходзяць?
  • 37. І разнеслася погаласка пра Яго па ўсіх навакольных мясцінах.
  • 38. [Выйшаўшы з сінагогі, Ён увайшоў у дом Сімана;]
    а цешча Сіманава была ахоплена моцнай гарачкай;
    і прасілі Яго за яе.
  • 39. І, стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы;
    і пакінула яе;
    і адразу ўстаўшы, яна прыслужвала ім.
  • 40. А як заходзіла сонца,
    усе, хто меў хворых на розныя хваробы,
    прыводзілі іх да Яго;
    Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, ацаляў іх.
  • 41. Выходзілі таксама з многіх і дэманы, якія крычалі
    і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы.
    І, забараняючы, не дазваляў ім гаварыць,
    бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
  • 42. А як настаў дзень,
    Ён, выйшаўшы, адправіўся ў пустэльнае месца;
    і людзі шукалі Яго,
    і прыйшлі да Яго,
    і затрымлівалі Яго, каб не адыходзіў ад іх.
  • 43. Але Ён сказаў ім:
    і іншым гарадам павінен дабравесціць Я Царства Божае,
    бо на тое Я пасланы.
  • 44. І прапаведаваў у сінагогах Галілейскіх.
Ничего нет для сопоставления.