Глава 7

  • 1. Калі ж Ён скончыў усе словы Свае да народа,
    які слухаў, то ўвайшоў у Капернаум.
  • 2. У аднаго сотніка
    раб, якім ён даражыў,
    быў хворы пры смерці.
  • 3. Пачуўшы ж пра Іісуса,
    ён паслаў да Яго старэйшын Іудзейскіх,
    просячы Яго, каб прыйшоў ацаліць раба яго.
  • 4. І яны, прыйшоўшы да Іісуса, настойліва прасілі Яго,
    гаворачы: ён варты, каб Ты зрабіў для яго гэта,
  • 5. бо ён любіць народ наш
    і сінагогу збудаваў для нас.
  • 6. Іісус пайшоў з імі.
    І калі ўжо Ён быў недалёка ад дома,
    паслаў да Яго сотнік сяброў
    сказаць Яму: Госпадзі! не турбуйся,
    бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
  • 7. таму і сябе самога я не палічыў годным, каб прыйсці да Цябе;
    але скажы слова, і выздаравее слуга мой.
  • 8. Бо і я, чалавек, падпарадкаваны ўладзе,
    але, маючы пад сабою воінаў,
    кажу аднаму: "ідзі", і ідзе;
    і другому: "прыйдзі", і прыходзіць;
    і рабу майму: "зрабі гэта", і робіць.
  • 9. Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся яму
    і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім:
    кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такой веры.
  • 10. І, вярнуўшыся ў дом, пасланыя
    знайшлі хворага раба здаровым.
  • 11. І сталася пасля гэтага:
    пайшоў Іісус у горад, які называўся Наін;
    і з Ім ішлі многія вучні Яго і мноства народу.
  • 12. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы,
    якраз, выносілі памерлага,
    адзінага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава;
    і шмат людзей з горада было з ёю.
  • 13. Убачыўшы яе, Гасподзь злітаваўся над ёю
    і сказаў ёй: не плач.
  • 14. І, падышоўшы, дакрануўся да насілак;
    тыя, што неслі, спыніліся;
    і сказаў: юнак! табе кажу, устань.
  • 15. І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць;
    і аддаў яго Іісус маці яго.
  • 16. І ахапіў усіх страх,
    і славілі Бога,
    кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас,
    і наведаў Бог народ Свой.
  • 17. І гэтае слова пра Яго разышлося па ўсёй Іудзеі
    і па ўсім наваколлі.
  • 18. І паведамілі Іаану вучні яго пра ўсё гэта.
  • 19. І, паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх,
    Іаан паслаў іх да Іісуса спытаць:
    ці Той Ты, Які мае прыйсці,
    ці чакаць нам другога?
  • 20. Прыйшоўшы да Яго, гэтыя мужы сказалі:
    Іаан Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытаць:
    ці Той Ты, Які мае прыйсці,
    ці чакаць нам другога?
  • 21. А ў гэты час
    Ён многіх ацаліў ад хвароб і немачаў і злых духаў
    і многім сляпым падараваў зрок.
  • 22. І сказаў ім Іісус у адказ:
    пайдзіце, паведаміце Іаану, што вы бачылі і чулі:
    як сляпыя робяцца відушчымі,
    кульгавыя ходзяць,
    пракажоныя ачышчаюцца,
    глухія чуюць,
    мёртвыя ўваскрасаюць,
    убогія дабравесцяць;
  • 23. і блажэнны, хто не спакусіцца аба Мне.
  • 24. А калі адышлі пасланцы Іаанавы,
    пачаў Ён гаварыць народу пра Іаана:
    што глядзець хадзілі вы ў пустыню?
    трысціну, ветрам калыханую?
  • 25. Што ж глядзець хадзілі вы?
    чалавека, убранага ў мяккае адзенне?
    Але хто ў пышных уборах і ў раскошы жыве,
    тыя ў царскіх палацах.
  • 26. Што ж глядзець хадзілі вы?
    прарока?
    Так, кажу вам, і больш, чым прарока.
  • 27. Гэта той, пра каго напісана:
    "вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім,
    які падрыхтуе шлях Твой перад Табою".
  • 28. Бо кажу вам: з народжаных жанчынамі
    няма ніводнага прарока, большага за Іаана Хрысціцеля;
    але меншы ў Царстве Божым большы за яго.
  • 29. І ўвесь народ, што слухаў,
    і мытнікі прызналі правату Бога,
    хрысціўшыся хрышчэннем Іаанавым;
  • 30. а фарысеі і законнікі адкінулі волю Божую наконт сябе,
    не хрысціўшыся ад яго.
  • 31. І сказаў Гасподзь:
    з кім жа параўнаю людзей роду гэтага?
    і да каго яны падобныя?
  • 32. Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку
    і аклікаюць адны другіх і гавораць:
    мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі,
    мы спявалі вам жалобнае, а вы не плакалі.
  • 33. Бо прыйшоў Іаан Хрысціцель:
    ні хлеба не есць, ні віна не п’е;
    і вы кажаце: у ім дэман.
  • 34. Прыйшоў Сын Чалавечы: есць і п’е;
    і вы кажаце: вось чалавек, які любіць есці і віно піць,
    сябра мытнікам і грэшнікам.
  • 35. І апраўдана мудрасць усімі дзецьмі яе.
  • 36. Нехта з фарысеяў прасіў Яго паесці разам з ім,
    і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, узлёг.
  • 37. І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніцай,
    даведаўшыся, што Ён узляжыць у доме фарысея,
    прынесла алебастравую пасудзіну міра
  • 38. і, стаўшы ззаду каля ног Яго, плачучы,
    пачала абліваць слязьмі ногі Яго
    і валасамі галавы сваёй выцірала,
    і цалавала ногі Яго,
    і мазала мірам.
  • 39. Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго,
    сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарокам,
    то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакранаецца да Яго,
    бо яна грэшніца.
  • 40. І, адказваючы, Іісус сказаў яму:
    Сімане! Я маю нешта сказаць табе.
    Той прамовіў: скажы, Настаўнік.
  • 41. Іісус сказаў: у аднаго пазыкадаўцы было два даўжнікі:
    адзін быў павінен пяцьсот дынарыяў,
    а другі — пяцьдзесят;
  • 42. але, паколькі яны не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум.
    Каторы з іх, скажы, больш узлюбіць яго?
  • 43. І сказаў Сіман у адказ: думаю, той, якому больш дараваў.
    Ён жа сказаў яму: правільна ты рассудзіў.
  • 44. І, павярнуўшыся да жанчыны,
    сказаў Сіману: бачыш гэтую жанчыну?
    Я ўвайшоў у дом твой,
    і ты вады Мне на ногі не даў;
    а яна слязамі абліла Мне ногі
    і валасамі галавы сваёй выцерла.
  • 45. Ты цалавання Мне не даў;
    а яна з таго часу, як Я ўвайшоў,
    не пераставала цалаваць Мне ногі.
  • 46. Ты галавы Маёй алеем не памазаў,
    яна ж мірам памазала Мне ногі.
  • 47. А таму кажу табе:
    адпускаюцца грахі яе многія,
    бо яна ўзлюбіла многа;
    а каму мала адпускаецца, той мала любіць.
  • 48. І ёй сказаў: адпускаюцца табе грахі.
  • 49. І пачалі тыя, што ўзляжалі з Ім, гаварыць самі сабе:
    хто Ён, што і грахі адпускае?
  • 50. Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе;
    ідзі з мірам.