- 1. Пасля гэтага
абраў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў
і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім
у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці, - 2. і казаў ім: жніва многа, а работнікаў мала;
таму маліце Гаспадара жніва,
каб вывеў работнікаў на жніво Сваё. - 3. Ідзіце!
вось Я пасылаю вас як ягнят пасярод ваўкоў. - 4. Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку
і нікога ў дарозе не вітайце. - 5. Калі ж у які дом увойдзеце,
перш кажыце: мір дому гэтаму; - 6. і калі там будзе сын міру, то спачне на ім мір ваш;
а калі не, то да вас вернецца; - 7. і ў тым доме заставайцеся,
ешце і піце, што ў іх ёсць;
бо работнік дастойны ўзнагароды сваёй.
Не пераходзьце з дому ў дом. - 8. І калі ў які горад прыйдзеце і прымуць вас,
ешце, што вам пададуць; - 9. і ацаляйце хворых, якія ёсць там,
і кажыце ім: наблізілася да вас Царства Божае. - 10. А калі ў які горад прыйдзеце і не прымуць вас,
то, выйшаўшы на вуліцы яго, скажыце: - 11. і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтрасаем вам;
аднак тое ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае; - 12. кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе,
чым гораду таму. - 13. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда!
бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас,
яны б даўно ўжо, седзячы ў валасяніцы і попеле, пакаяліся; - 14. але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
- 15. І ты, Капернауме,
што да неба ўзвысіўся, да пекла будзеш нізрынуты. - 16. Хто слухае вас, Мяне слухае;
і хто адвяргае вас, Мяне адвяргае;
а хто адвяргае Мяне, адвяргае Таго, Хто паслаў Мяне. - 17. Вярнуліся ж семдзесят з радасцю,
гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакараюцца нам у імя Тваё. - 18. Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану,
што як маланка з неба ўпаў; - 19. Вось Я даю вам уладу
наступаць на змеяў і скарпіёнаў
і на ўсю сілу варожую,
і нішто не пашкодзіць вам; - 20. аднак таму не радуйцеся, што духі вам пакараюцца,
а радуйцеся, што імёны вашы запісаны на нябёсах. - 21. У той час узрадаваўся духам Іісус
і сказаў: слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі,
што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных
і адкрыў гэта малым дзецям.
Так, Ойча! бо гэта было добраўгодна перад Табою. - 22. І, павярнуўшыся да вучняў,
сказаў: усё Мне перададзена Айцом Маім,
і хто ёсць Сын, не ведае ніхто, акрамя Айца,
і хто ёсць Айцец, не ведае ніхто, акрамя Сына,
і каму Сын хоча адкрыць. - 23. І, павярнуўшыся да вучняў, асобна сказаў:
блажэнныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце; - 24. бо кажу вам, што многія прарокі і цары
хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі,
і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі. - 25. І вось, устаў нейкі законнік
і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік!
Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае? - 26. Ён жа сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
- 27. Той жа сказаў у адказ:
"узлюбі Госпада Бога твайго
ўсім сэрцам тваім,
і ўсёй душою тваёю,
і ўсёй сілаю тваёю,
і ўсім разуменнем тваім",
і "бліжняга твайго, як самога сябе". - 28. Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў;
рабі гэта, і будзеш жыць. - 29. Але той, хочучы апраўдаць сябе,
сказаў Іісусу: а хто мой бліжні? - 30. На гэта Іісус сказаў:
чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхон
і трапіў да разбойнікаў,
якія раздзелі яго і паранілі,
і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. - 31. Выпадкова адзін святар ішоў тою дарогаю
і, убачыўшы яго, прайшоў міма. - 32. Таксама і левіт, быўшы на тым месцы,
падышоў і, убачыўшы, прайшоў міма. - 33. А нейкі Самаранін, што быў ў дарозе, натрапіў на яго
і, ўбачыўшы яго, зжаліўся, - 34. і, падышоўшы, перавязаў раны яго, узліваючы алей і віно;
і, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу
і паклапаціўся пра яго; - 35. а на другі дзень, ад’язджаючы,
дастаў два дынарыі і даў гаспадару гасцініцы,
і сказаў яму: паклапаціся пра яго,
а калі болей што патраціш,
я, як вярнуся, аддам табе. - 36. Каторы з гэтых трох, здаецца табе,
быў бліжнім таму, хто трапіў да разбойнікаў? - 37. Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму.
Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэтак. - 38. І сталася: калі яны былі ў дарозе, зайшоў Ён у адно паселішча;
і жанчына нейкая, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой; - 39. і была ў яе сястра, што звалася Марыя,
якая, сеўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго. - 40. Марфа ж клапацілася, каб як найлепш услужыць,
і, падышоўшы, сказала: Госпадзі! ці ж не абыякава Табе,
што сястра мая адну мяне пакінула ўслужваць?
скажы ёй, каб дапамагла мне. - 41. Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа!
ты клапоцішся і турбуешся пра многае, - 42. а толькі адно патрэбна;
Марыя ж выбрала добрую долю,
якая не адымецца ў яе.
Ничего нет для сопоставления.