- 1. І сталася:
калі Ён маліўся ў адным месцы, і як перастаў,
нехта з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзі!
навучы нас маліцца, як і Іаан навучыў вучняў сваіх. - 2. Ён жа сказаў ім: калі моліцеся, гаварыце:
Ойча наш, Які ў нябёсах!
няхай свяціцца імя Тваё;
няхай прыйдзе Царства Тваё;
няхай будзе воля Твая як на небе, і на зямлі; - 3. хлеб наш надзённы давай нам кожны дзень;
- 4. і даруй нам грахі нашы,
бо і мы даруем кожнаму даўжніку нашаму;
і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога. - 5. І сказаў ім:
хтосьці з вас, маючы сябра,
прыйдзе да яго апоўначы
і скажа яму: дружа! пазыч мне тры хлябы, - 6. бо сябар мой прыйшоў да мяне з дарогі,
і не маю чаго даць яму; - 7. а той знутры скажа ў адказ:
не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя,
і дзеці мае пры мне ў пасцелі;
не магу я ўстаць і даць табе. - 8. Кажу вам: калі ён не ўстане
і не дасць дзеля таго, што ён сябар яго,
то з-за неадступнасці яго ўстане
і дасць яму, колькі трэба. - 9. І Я вам кажу:
прасіце, і дадзена будзе вам;
шукайце, і знойдзеце;
стукайцеся, і адчыняць вам; - 10. бо кожны, хто просіць, атрымлівае,
і хто шукае, знаходзіць,
і, хто стукаецца, таму адчыняюць. - 11. Хіба каторы бацька з вас,
калі сын папросіць у яго хлеба, падасць яму камень?
або папросіць рыбы, хіба замест рыбіны падасць яму змяю? - 12. або, калі папросіць яйка, хіба падасць яму скарпіёна?
- 13. Дык вось, калі вы, будучы ліхімі,
умееце дары добрыя даваць дзецям вашым,
тым болей Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго. - 14. І выганяў Ён дэмана, які быў нямы;
і сталася: калі дэман выйшаў, нямы загаварыў,
і здзівіліся людзі. - 15. Некаторыя ж з іх казалі:
сілаю вельзевула, князя дэманскага, Ён выганяе дэманаў. - 16. А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго знамення з неба.
- 17. Ён жа, ведаючы думкі іх, сказаў ім:
усякае царства, самое ў сабе раздзеленае, спусташаецца,
і дом на дом падае; - 18. калі ж і сатана сам у сабе раздзеліцца,
то як устаіць царства яго?
а вы кажаце, што Я сілаю вельзевула выганяю дэманаў; - 19. і калі Я сілаю вельзевула выганяю дэманаў,
то сыны вашы чыёю сілаю выганяюць?
Таму яны вам будуць суддзямі. - 20. Калі ж Я пярстом Божым выганяю дэманаў,
значыць, прыйшло да вас Царства Божае. - 21. Калі дужы, узброіўшыся, ахоўвае свой двор,
то ў бяспецы маёмасць яго; - 22. калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго,
то забярэ ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся,
і здабытае ў яго раздасць. - 23. Хто не са Мной, той супраць Мяне,
і хто не збірае са Мною, той раскідае. - 24. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека,
то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою,
і, не знаходзячы, кажа:
вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў; - 25. і, прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;
- 26. тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люцейшых за сябе,
і, увайшоўшы, жывуць там;
і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. - 27. І сталася: калі Ён гаварыў гэта,
адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму:
блажэннае ўлонне, якое насіла Цябе,
і грудзі, якія Ты ссаў. - 28. А Ён сказаў: тым больш блажэнныя тыя,
што слухаюць слова Божае і выконваюць яго. - 29. Калі ж стала збірацца ўсё больш народу,
Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі,
ён шукае знамення, ды знаменне не будзе дадзена яму,
акрамя знамення Іоны прарока; - 30. бо як Іона быў знаменнем для Ніневіцянаў,
так будзе і Сын Чалавечы для роду гэтага. - 31. Царыца Поўдня ўстане на судзе з мужамі роду гэтага
і асудзіць іх,
бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай,
і вось, тут большае за Саламона. - 32. Мужы Ніневійскія ўстануць на судзе з родам гэтым
і асудзяць яго,
бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай,
і вось, тут большае за Іону. - 33. Ніхто, запаліўшы свечку,
не ставіць яе ў патаемным месцы, ні пад пасудзінай,
а на падсвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло. - 34. Свяцільня целу ёсць вока;
калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё светлае;
калі ж ліхое, то і цела тваё цёмнае; - 35. дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не было цемрай.
- 36. Калі ж усё цела тваё светлае,
і не мае ніводнай цёмнай часткі,
то будзе яно светлае ўсё так,
як бы свяцільнік ззяннем асвятляў цябе. - 37. Калі Ён сказаў гэта,
прасіў Яго адзін фарысей, каб Ён паабедаў у яго;
і Ён, увайшоўшы, узлёг. - 38. Фарысей жа,
убачыўшы, здзівіўся, што Ён перш за ўсё не ўмыўся перад абедам. - 39. А Гасподзь сказаў яму:
цяпер вы, фарысеі, звонку чашу і блюда ачышчаеце,
а нутро ваша поўнае драпежнасці і злобы. - 40. Неразумныя!
ці ж не Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае? - 41. Аднак падавайце міласціну з таго, што ўнутры;
тады ўсё для вас чыстае будзе. - 42. Але гора вам, фарысеям,
што даяце дзесяціну з мяты і руты, і ўсялякай агародніны,
ды не дбаеце пра суд і любоў Божую;
гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць. - 43. Гора вам, фарысеям,
што любіце наперадзе сядзець у сінагогах
і каб віталі вас на плошчах. - 44. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
што вы — як магілы непрыкметныя,
і людзі ходзяць зверху і не ведаюць. - 45. У адказ нехта з законнікаў кажа Яму:
Настаўнік! гаворачы гэта, Ты і нас зневажаеш. - 46. А Ён сказаў: і вам, законнікам, гора,
што абцяжарваеце людзей цяжарамі невыноснымі,
а самі ніводным пальцам сваім не дакранаецеся да цяжараў тых. - 47. Гора вам, што будуеце грабніцы прарокам,
а бацькі вашы забілі іх; - 48. значыць, вы сведчыце пра ўчынкі бацькоў вашых
і згаджаецеся з імі:
бо яны забілі іх, а вы будуеце ім грабніцы. - 49. Таму і мудрасць Божая сказала:
пашлю да іх прарокаў і Апосталаў,
і некаторых з іх заб’юць, а некаторых будуць гнаць, - 50. каб была спагнаная з роду гэтага кроў усіх прарокаў,
пралітая ад стварэння свету, - 51. ад крыві Авеля да крыві Захарыі,
які загінуў паміж ахвярнікам і храмам.
Так, кажу вам: яна будзе спагнаная з роду гэтага. - 52. Гора вам, законнікам,
што вы ўзялі ключ пазнання:
самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашкодзілі. - 53. Калі ж Ён гаварыў ім гэта,
кніжнікі і фарысеі пачалі жорстка нападаць на Яго
і дапытвацца ў Яго пра многае, - 54. падсцерагаючы Яго
і стараючыся падлавіць на нечым з вуснаў Яго,
каб абвінаваціць Яго.
Ничего нет для сопоставления.