Глава 13

  • 1. І ў гэты самы час прыйшлі некаторыя
    і паведамілі Яму пра Галілеян,
    кроў якіх Пілат змяшаў з ахвярамі іх.
  • 2. І ў адказ Іісус сказаў ім: вы думаеце,
    што гэтыя Галілеяне былі грэшныя больш за ўсіх Галілеян,
    калі яны так пацярпелі?
  • 3. Не, кажу вам;
    але калі не пакаецеся, усе гэтаксама загінеце.
  • 4. Або тыя васемнаццаць,
    на якіх упала вежа Сілаамская і пабіла іх,
    думаеце, што яны былі вінаватыя больш за ўсіх людзей,
    якія жывуць у Іерусаліме?
  • 5. Не, кажу вам;
    але калі не пакаецеся, усе гэтаксама загінеце.
  • 6. І казаў такую прытчу:
    нехта меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу;
    і прыйшоў шукаць плоду на ёй,
    і не знайшоў;
  • 7. і сказаў вінаградару:
    вось ужо трэці год я прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы
    і не знаходжу;
    ссячы яе, нашто яна і зямлю марнуе?
  • 8. Але той сказаў яму ў адказ:
    гаспадар! пакінь яе і на гэты год,
    пакуль я абкапаю яе і абкладу гноем,
  • 9. і можа, яна дасць плод;
    калі ж не, то налета ссячэш яе.
  • 10. І вучыў Ён у адной з сінагог у суботу;
  • 11. і вось, была там жанчына,
    што васемнаццаць гадоў мела духа немачы;
    і была яна скурчаная і не магла выпрастацца зусім.
  • 12. Убачыўшы яе, Іісус падазваў і сказаў ёй:
    жанчына! ты вызвалена ад немачы тваёй.
  • 13. І ўсклаў на яе рукі;
    і адразу яна выпрасталася, і славіла Бога.
  • 14. А старэйшына сінагогі,
    абурыўшыся, што Іісус ацаліў у суботу,
    сказаў на гэта народу: ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць;
    у тыя і прыходзьце ацаляцца, а не ў дзень суботні.
  • 15. Гасподзь жа сказаў яму ў адказ: крывадушнік!
    ці ж не адвязвае кожны з вас
    у суботу свайго вала або асла ад ясляў
    і не вядзе паіць?
  • 16. а гэтую дачку Аўраамаву,
    якую вось ужо васемнаццаць гадоў як звязаў сатана,
    ці не трэба было вызваліць ад путаў гэтых у дзень суботні?
  • 17. І калі гаварыў Ён гэта, засаромеліся ўсе праціўнікі Яго,
    і ўвесь народ радаваўся усім слаўным учынкам Яго.
  • 18. Ён жа казаў: да чаго падобна Царства Божае,
    і з чым параўнаю яго?
  • 19. яно падобна да зярняці гарчычнага,
    якое чалавек, узяўшы, пасадзіў у садзе сваім;
    і яно вырасла, і стала вялікім дрэвам,
    і птушкі нябесныя гняздзіліся ў голлі яго.
  • 20. Яшчэ сказаў: з чым параўнаю Царства Божае?
  • 21. яно падобна да закваскі,
    якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі,
    пакуль не ўкісла ўсё.
  • 22. І праходзіў Ён па гарадах і вёсках,
    навучаючы і трымаючы шлях у Іерусалім.
  • 23. І сказаў Яму нехта:
    Госпадзі, ці мала ёсць тых, якія збаўляюцца?
    Ён жа сказаў ім:
  • 24. намагайцеся ўвайсці праз вузкія вароты;
    бо многія, кажу вам,
    будуць імкнуцца ўвайсці, і не змогуць.
  • 25. Калі ўстане гаспадар дома і зачыніць дзверы,
    то вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы
    і казаць: Госпадзі! Госпадзі! адчыні нам!
    І ў адказ Ён скажа вам: не ведаю вас, адкуль вы.
  • 26. Тады пачнеце казаць:
    мы елі перад Табою і пілі,
    і на вуліцах нашых вучыў Ты.
  • 27. А Ён скажа: кажу вам: не ведаю вас, адкуль вы;
    адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць няпраўду.
  • 28. Там будзе плач і скрыгат зубоў,
    калі ўбачыце Аўраама і Ісаака, і Іакава,
    і ўсіх прарокаў у Царстве Божым,
    а сябе выгнанымі вон.
  • 29. І прыйдуць з усходу і захаду
    і з поўначы і поўдня,
    і ўзлягуць у Царстве Божым.
  • 30. І вось, ёсць апошнія, якія будуць першымі,
    і ёсць першыя, якія будуць апошнімі.
  • 31. У той дзень падышлі некаторыя з фарысеяў
    і казалі Яму: выйдзі і ідзі адсюль,
    бо Ірад хоча Цябе забіць.
  • 32. І сказаў ім: ідзіце, скажыце гэтаму лісу:
    вось, Я выганяю дэманаў і ацаленні твару сёння і заўтра,
    а на трэці дзень скончу;
  • 33. аднак
    належыць Мне сёння і заўтра, і ў наступны дзень хадзіць,
    бо не можа стацца, каб прарок загінуў па-за Іерусалімам.
  • 34. Іерусаліме, Іерусаліме,
    які забіваеш прарокаў і каменнем пабіваеш пасланых да цябе!
    колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх,
    як птушка птушанят сваіх пад крылы,
    і вы не захацелі!
  • 35. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.
    І кажу вам: не ўбачыце Мяне,
    пакуль не прыйдзе час, калі скажаце:
    "благаславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!"