- 1. Сказаў жа Ён вучням Сваім:
немагчыма, каб не прыйшлі спакусы,
але гора таму, праз каго яны прыходзяць; - 2. лепш было б яму,
калі б жарон млыновы павесілі на шыю яму ды ўкінулі ў мора,
чым каб ён спакусіў аднаго з малых гэтых. - 3. Будзьце ўважлівымі да сябе.
Калі саграшыць супраць цябе брат твой, выгавары яму,
і калі пакаецца, даруй яму; - 4. і калі сем разоў на дзень саграшыць супраць цябе,
і сем разоў на дзень звернецца,
кажучы: каюся, —
даруй яму. - 5. І сказалі Апосталы Госпаду: прымнож нам веру.
- 6. Гасподзь жа сказаў:
калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне
і сказалі шаўкоўніцы гэтай:
вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора, —
і яна паслухалася б вас. - 7. Хто з вас, маючы раба, які арэ ці пасе,
пасля вяртання яго з поля,
скажа яму: адразу ж ідзі за стол? - 8. А хіба не скажа яму: прыгатуй мне павячэраць
і, падперазаўшыся, служы мне,
пакуль буду есці і піць,
а потым еж і пі сам? - 9. Ці падзякуе ён рабу гэтаму,
што зрабіў загаданае? Не думаю. - 10. Так і вы, калі зробіце ўсё загаданае вам,
кажыце: мы нічога не вартыя рабы,
бо зрабілі тое, што павінны зрабіць. - 11. І сталася: ідучы ў Іерусалім,
Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяй. - 12. І калі ўваходзіў Ён у нейкае паселішча,
сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных,
якія спыніліся воддаль; - 13. і яны голасна казалі:
Іісусе Настаўнік, памілуй нас. - 14. І, убачыўшы, Ён сказаў ім:
ідзіце, пакажыцеся святарам.
І сталася: калі яны ішлі — ачысціліся. - 15. Адзін жа з іх,
убачыўшы, што ацаліўся, вярнуўся,
голасна славячы Бога, - 16. і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму,
і гэта быў Самаранін. - 17. І ў адказ Іісус сказаў:
ці не дзесяць ачысціліся?
а дзе ж дзевяць? - 18. хіба не знайшлося з іх нікога,
хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу,
акрамя гэтага іншародца? - 19. І сказаў яму: устань і ідзі,
вера твая ўратавала цябе. - 20. А як спыталіся фарысеі, калі прыйдзе Царства Божае,
Ён, адказваючы ім, сказаў: не прыйдзе Царства Божае прыкметна, - 21. і не скажуць: вось, яно тут, ці: вось, там.
Бо вось, Царства Божае ўнутры вас. - 22. Сказаў жа вучням Сваім: прыйдуць дні,
калі пажадаеце ўбачыць хоць бы адзін з дзён Сына Чалавечага,
і не ўбачыце; - 23. і скажуць вам: вось, тут, ці: вось, там, —
не выходзьце і не ганяйцеся; - 24. бо як маланка, бліскаючы,
ад аднаго краю нябёс да другога свеціць,
так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой. - 25. Але перш належыць Яму многа адпакутаваць
і быць адрынутым родам гэтым. - 26. І як было ў дні Ноя,
так будзе і ў дні Сына Чалавечага: - 27. елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж
да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг;
і прыйшоў патоп і вынішчыў усіх. - 28. Таксама, як было і ў дні Лота:
елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі; - 29. а ў той дзень, калі выйшаў Лот з Садома,
праліліся дажджом з неба агонь і сера і вынішчылі ўсіх; - 30. так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы явіцца.
- 31. У той дзень хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме,
няхай не сыходзіць узяць іх;
і хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад. - 32. Памятайце пра жонку Лотаву.
- 33. Хто будзе старацца ўратаваць душу сваю, той загубіць яе,
а хто загубіць яе, той ажывіць яе. - 34. Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі:
адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты; - 35. будуць дзве разам малоць:
адна будзе ўзята, а другая пакінута; - 36. двое будуць на полі:
адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. - 37. І ў адказ сказалі Яму: дзе, Госпадзі?
Ён жа сказаў ім: дзе цела, там збяруцца і арлы.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Лукi > Глава 17