Глава 21

  • 1. Глянуўшы, Ён убачыў багатых,
    што клалі дары свае ў скарбніцу;
  • 2. убачыў таксама і адну бедную ўдаву,
    якая паклала туды дзве лепты,
  • 3. і сказаў: праўду кажу вам,
    што ўдава гэтая бедная больш за ўсіх паклала;
  • 4. бо ўсе гэтыя ад дастатку свайго паклалі ў дар Богу,
    а яна з нястачы сваёй
    увесь пражытак, які мела, паклала.
  • 5. І калі некаторыя гаварылі пра храм,
    што ён каштоўнымі камянямі і дарункамі ўпрыгожаны,
    Ён сказаў:
  • 6. прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце,
    не застанецца каменя на камені,
    які не будзе зруйнаваны.
  • 7. І спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўнік! калі ж гэта будзе?
    і якое знаменне, калі павінна гэта збыцца?
  • 8. Ён жа сказаў: сцеражыцеся, каб не ўвялі вас у зман;
    бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я.
    І гэты час наблізіўся;
    не ідзіце за імі.
  • 9. Калі ж пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся,
    бо гэта павінна быць спачатку;
    але не адразу канец.
  • 10. Тады сказаў ім:
    паўстане народ на народ і царства на царства,
  • 11. і будуць вялікія землятрусы месцамі,
    і голад,
    і мор,
    будуць і жахі,
    і знаменні вялікія з неба.
  • 12. Але перад гэтым усім пакладуць на вас рукі свае і будуць гнаць,
    аддаючы ў сінагогі і ў цямніцы,
    і павядуць да цароў і да правіцеляў за імя Маё;
  • 13. будзе ж гэта вам дзеля сведчання.
  • 14. Так што пакладзіце ў сэрцах сваіх
    не абдумваць загадзя, што адказваць,
  • 15. бо Я дам вам вусны і мудрасць,
    якой не змогуць супрацьстаяць або пярэчыць
    усе праціўнікі вашы.
  • 16. Выдадзены ж будзеце і бацькамі,
    і братамі, і сваякамі, і сябрамі;
    і заб’юць некаторых з вас;
  • 17. і будзеце зненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
  • 18. але і волас з галавы вашай не прападзе;
  • 19. цярпеннем вашым здабудзьце душы вашы.
  • 20. Калі ж убачыце акружаны войскам Іерусалім,
    тады ведайце, што наблізілася спусташэнне яго;
  • 21. тады тыя, хто ёсць у Іудзеі, няхай бягуць у горы,
    а хто ў горадзе, няхай выходзяць,
    а хто ў ваколіцах, няхай не ўваходзяць у яго,
  • 22. таму што гэта дні пакарання,
    каб споўнілася ўсё напісанае.
  • 23. Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні,
    бо вялікае бедства будзе на зямлі
    і гнеў на народ гэты;
  • 24. і ўпадуць ад вастрыя мяча,
    і будуць адведзены ў палон ва ўсе народы,
    і Іерусалім будзе патаптаны язычнікамі,
    пакуль не скончацца часы язычнікаў.
  • 25. І будуць знаменні на сонцы і месяцы, і зорках,
    а на зямлі туга народаў у роспачы
    ад шуму марскога і хвалявання;
  • 26. і людзі будуць мярцвець ад страху
    і чакання таго, што надыходзіць на сусвет,
    бо сілы нябесныя зрушацца,
  • 27. і тады ўбачаць Сына Чалавечага,
    Які прыйдзе на воблаку з сілаю і славаю вялікаю.
  • 28. Калі ж пачне гэта збывацца,
    то выпрастайцеся і ўзніміце галовы вашы,
    таму што набліжаецца адкупленне ваша.
  • 29. І сказаў ім прытчу:
    паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы:
  • 30. калі яны ўжо распускаюцца,
    вы, бачачы гэта, самі ведаеце, што блізка лета.
  • 31. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца,
    ведайце, што блізка Царства Божае.
  • 32. Праўду кажу вам:
    не міне род гэты, як усё гэта будзе;
  • 33. неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
  • 34. Сцеражыцеся, каб сэрцы вашы
    не абцяжарваліся абжорствам і п’янствам, і клопатамі жыццёвымі,
    і каб не прыйшоў да вас неспадзявана дзень той;
  • 35. бо ён, як пастка,
    прыйдзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі;
  • 36. дык будзьце пільныя і ўвесь час маліцеся,
    каб спадобіліся вы пазбегнуць усяго гэтага, што мае адбыцца,
    і стаць перад Сынам Чалавечым.
  • 37. Удзень Ён вучыў у храме,
    а ночы, выходзячы, праводзіў на гары,
    называнай Елеонскаю.
  • 38. І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.