Глава 1

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40
  • 1. Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія ўвайшлі ў Егіпет зь Якавам, увайшлі кожны з домам сваім:
  • 2. Рувім, Сымон, Лявій і Юда,
  • 3. Ісахар, Завулон і Веньямін,
  • 4. Дан і Нэфталім, Гад і Асір.
  • 5. А ўсіх душаў, што выйшлі са сьцёгнаў Якава, было семдзесят (пяць), а Язэп быў ужо ў Егіпце.
  • 6. І памёр Язэп і ўсе браты ягоныя і ўвесь род іхні;
  • 7. а сыны Ізраілевыя плодзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі.
  • 8. І паўстаў у Егіпце новы цар, які ня ведаў Язэпа,
  • 9. і сказаў народу свайму: вось, народ сыноў Ізраілевых шматлікі і дужэйшы за нас;
  • 10. перахітрым жа яго, каб ён ня множыўся; інакш, калі здарыцца вайна, злучыцца ён з нашымі няпрыяцелямі, і ўзброіцца супроць нас, і выйдзе зь зямлі.
  • 11. І паставіў над ім упраўцаў працы. І ён пабудаваў фараону Пітом і Раамсэс, гарады пад склады.
  • 12. Але чым болей тамілі яго, тым болей ён множыўся і тым болей пашыраўся, так што пабойваліся сыноў Ізраілевых.
  • 13. І таму Егіпцяне жорстка прымушалі сыноў Ізраілевых да працы,
  • 14. і рабілі жыцьцё іхняе горкім ад цяжкай працы над глінаю і цэглаю і ад усякай працы польнай, ад усякай працы, да якое прымушалі іх жорстка.
  • 15. Цар Егіпецкі загадаў бабкам-павітухам Габрэек, імя адной зь якіх Шыфра, а другое Фуа,
  • 16. і сказаў: калі вы будзеце спавіваць у Габрэек, дык назірайце пры родах: калі будзе сын, дык аддавайце яго сьмерці, а калі дачка, дык няхай жыве.
  • 17. Але бабкі-павітухі баяліся Бога і не рабілі так, як казаў ім цар Егіпецкі, і пакідалі дзяцей жывых.
  • 18. Цар Егіпецкі паклікаў бабак-павітухаў і сказаў ім: навошта вы робіце такую справу, што пакідаеце дзяцей жывых?
  • 19. Бабкі-павітухі сказалі фараону: Габрэйскія жанчыны не такія, як Егіпецкія: яны здаровыя, бо перш чым прыйдзе да іх бабка-павітуха, яны ўжо родзяць.
  • 20. За гэта Бог рабіў дабро бабкам-павітухам, а народ множыўся і вельмі памацняўся.
  • 21. І як што бабкі-павітухі баяліся Бога, дык ён уладжваў дамы іхнія.
  • 22. Тады фараон усяму народу свайму загадаў, кажучы: кожнага народжанага сына кідайце ў раку, а кожную дачку пакідайце жывою.