- 1. Пасьля гэтага Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне сьвята ў пустыні.
- 2. Але фараон сказаў: хто такі Гасподзь, каб я паслухаўся голасу Ягонага і адпусьціў Ізраіля? я ня ведаю Госпада і Ізраіля не адпушчу.
- 3. Яны сказалі: Бог Габрэяў заклікаў нас; адпусьці нас у пустыню на тры дні дарогі прынесьці ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб Ён не пакараў нас пошасьцю, альбо мячом.
- 4. І сказаў ім цар Егіпецкі: навошта вы, Майсей і Аарон, ухіляеце народ ад справаў ягоных? ідзеце да сваёй працы.
- 5. І сказаў фараон: вось, народ у зямлі гэтай шматлікі, і вы ўхіляеце яго ад працы ягонай.
- 6. І таго ж самага дня фараон даў загад прыстаўнікам над народам і наглядчыкам, кажучы:
- 7. не давайце наперад народу саломы, каб рабіць цэглу, як учора і заўчора: хай яны самыя ходзяць і зьбіраюць сабе салому;
- 8. а цэглы накладзеце на іх тую ж самую зададзеную норму, якую яны рабілі ўчора і заўчора, і не зьмяншайце; яны гультаі, таму і крычаць: хадзем, прынясем ахвяру Богу нашаму;
- 9. даць ім болей працы, каб яны працавалі і не займаліся пустымі размовамі.
- 10. І выйшлі прыстаўнікі народу і наглядчыкі ягоныя і сказалі народу: так кажа фараон: не даю вам саломы;
- 11. самі ідзеце, бярэце сабе салому, дзе знойдзеце; а ад працы вашай нічога не зьмяншаецца.
- 12. І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Егіпецкай зьбіраць жніво замест саломы.
- 13. А прыстаўнікі пануквалі, кажучы: выконвайце працу сваю кожны дзень, як і тады, калі была ў вас салома.
- 14. А наглядчыкі з сыноў Ізраілевых, якіх паставілі над імі прыстаўнікі фараонавыя, білі, кажучы: чаму вы ўчора і сёньня ня робіце зададзенай вам нормы цэглы, як было дагэтуль?
- 15. І прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраілевых і залямантавалі фараону, кажучы: навошта ты так робіш з рабамі тваімі?
- 16. саломы не даюць рабам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабеце. І вось, рабоў тваіх бэюць. Грэх народу твайму!
- 17. Але ён сказаў: гультаі вы, гультаі, таму і кажаце: хадзем, прынясем ахвяру Госпаду.
- 18. Ідзеце ж, працуйце; саломы не дадуць вам, а належную колькасьць цэглы давайце.
- 19. І ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраілевых бяду сваю ў словах: не зьмяншайце нормы цэглы, што на кожны дзень.
- 20. І калі яны выйшлі ад фараона, дык сустрэліся з Майсеем і Ааронам, якія стаялі, чакаючы іх,
- 21. і сказалі ім: хай бачыць і судзіць вас Гасподзь за тое, што вы зрабілі нас ненавісьнікамі ў вачах фараонавых і рабоў ягоных і далі ім меч у рукі, каб забіць нас.
- 22. І зьвярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: Госпадзе! навошта Ты паддаеш народ гэты такому бедству, навошта паслаў мяне?
- 23. бо з таго часу, як я прыйшоў да фараона і пачаў гаварыць ад імя Твайго, ён пачаў горш абыходзіцца з народам гэтым; вызвалі ж, - Ты ня вызваліў народу Твайго.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выхад > Глава 5