- 1. І сказаў Гасподзь Майсею: вычашы сабе дзьве скрыжалі каменныя, падобныя на ранейшыя, і Я напішу на гэтых скрыжалях словы, якія былі на ранейшых скрыжалях, якія ты разьбіў;
- 2. і будзь гатовы да раніцы; і падыміся раніцай на гару Сінай і стань перад Мною там на вяршыні гары;
- 3. але ніхто не павінен падымацца з табою, і ніхто не павінен паказвацца на ўсёй гары; нават быдла, дробнае і буйное, не павінна пасьвіцца паблізу гары гэтай.
- 4. І вычасаў Майсей дзьве скрыжалі каменныя, падобныя да ранейшых, і ўстаўшы з самае раніцы, падняўся на гару Сінай, як загадаў яму Гасподзь; і ўзяў у рукі свае дзьве скрыжалі каменныя.
- 5. І сышоў Гасподзь у воблаку, і спыніўся там паблізу яго, і ўзьвясьціў імя Яговы.
- 6. І прайшоў Гасподзь перад тварам ягоным і абвясьціў: Гасподзь, Гасподзь, Бог чалавекалюбны і мілажальны, доўгацярплівы і многаміласэрны і праўдзівы,
- 7. Які захоўвае літасьць у тысячы родаў, даруе віну і злачынства і грэх, але не пакідае без пакараньня, карае віну бацькоў у дзецях і ў дзецях дзяцей да трэцяга і чацьвёртага роду.
- 8. Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся
- 9. і сказаў: калі я здабыў упадабаньне ў вачах Тваіх, Уладару, дык хай пойдзе Ўладар сярод нас; бо народ гэты цьвёрдахрыбетны; даруй беззаконьні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёю.
- 10. І сказаў: вось, Я заключаю запавет: перад усім народам Тваім учыню цуды, якіх ня было на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, і ўбачыць увесь народ, сярод якога ты жывеш, дзею Госпада, бо страшна будзе тое, што Я зраблю дзеля цябе;
- 11. захавай тое, што загадваю табе сёньня: вось, Я праганяю ад твару твайго Амарэяў, Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў Габрэяў і Евусэяў;
- 12. глядзі, ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, у якую ты ўвойдзеш, каб яны не зрабіліся сеткаю вам сярод вас.
- 13. Ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце, высечыце гаі іхнія,
- 14. бо ты не павінен пакланяцца богу іншаму, апрача Госпада, бо імя Яго "руплівец"; Ён Бог руплівец.
- 15. Ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, каб, калі яны будуць блудадзеяць ідучы за багамі сваімі і прыносіць ахвяры багам сваім, не запрасілі і цябе, і ты не скаштаваў бы ахвяры іхняй;
- 16. і не бяры з дочак іхніх жонак сынам сваім, каб дочкі іхнія, блудадзеючы, ідучы за багамі сваімі, не ўвялі і сыноў тваіх у блуд за багамі сваімі.
- 17. Не рабі сабе багоў літых.
- 18. Сьвята праснакоў шануй: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў месяцы Авіве выйшаў ты зь Егіпта.
- 19. Усе, хто размыкае сьцёгны, Мне, як і ўсё быдла тваё мужчынскага полу, якое размыкае сьцёгны, з валоў і авечак;
- 20. першароднае з аслоў замяняй ягнём, а калі не заменіш, дык выкупі яго; усіх першынцаў з сыноў тваіх выкупляй; хай не зьяўляецца перад абліччам Маім з пустымі рукамі.
- 21. Шэсьць дзён працуй, а ў сёмы дзень спачывай; спачывай і ў час сяўбы і жніва.
- 22. І сьвята сяміцаў спраўляй, сьвята зажынкаў пшаніцы і сьвята збору пладоў у канцы года;
- 23. тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладара, Госпада Бога Ізраілевага,
- 24. бо Я праганю народы ад твару твайго і пашыру межы твае, і ніхто не запрагне зямлі тваёй, калі ты будзеш зьяўляцца перад аблічча Госпада, Бога твайго, тры разы на год.
- 25. Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і ахвяра сьвята Пасхі не павінна пераначаваць да раніцы.
- 26. Самыя першыя плады зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.
- 27. І сказаў Гасподзь Майсею: напішы сабе словы гэтыя, бо ў гэтых словах Я пастанаўляю запавет з табою і зь Ізраілем.
- 28. І прабыў там у Госпада сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў; і напісаў Майсей на скрыжалях словы запавету, дзесяціслоўе.
- 29. Калі сыходзіў Майсей з гары Сінай, і дзьве скрыжалі адкрыцьця былі ў руцэ ў Майсея пры сыходзе яго з гары, дык Майсей ня ведаў, што аблічча яго пачало зьзяць прамянямі ад таго, што Бог гаварыў зь ім.
- 30. І ўбачыў Майсея Аарон і ўсе сыны Ізраілевыя, і вось, твар у яго зьзяе, і баяліся падысьці да яго.
- 31. І паклікаў іх Майсей, і прыйшлі да яго Аарон і ўсе правадыры супольства, і гутарыў Майсей зь імі.
- 32. Пасьля гэтага наблізіліся ўсе сыны Ізраілевыя, і ён наказаў ім усё, што казаў Яму Гасподзь на гары Сінаі.
- 33. І калі Майсей перастаў гутарыць зь імі, дык ахінуў твар свой покрывам.
- 34. А калі ўваходзіў Майсей перад аблічча Госпада, каб гаварыць зь Ім, тады здымаў покрыва, пакуль ня выходзіў; а выйшаўшы пераказваў сынам Ізраілевым усё, што наказана было яму.
- 35. І бачылі сыны Ізраілевыя, што зьзяе твар Майсееў, і Майсей зноў кладзе покрыва на твар свой, пакуль не ўваходзіць гаварыць зь Ім.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выхад > Глава 34