Глава 36

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40
  • 1. І пачаў працаваць Вэсэлііл і Агаліяў і ўсе мудрыя сэрцам, якім Гасподзь даў мудрасьць і розум, каб умець зрабіць усякую працу, патрэбную для сьвятыні, як загадаў Гасподзь.
  • 2. І заклікаў Майсей Вэсэлііла і Агаліява і ўсіх мудрых сэрцам, якім Гасподзь даў мудрасьць, і ўсіх, каго вяло сэрца прыступіць да працы і працаваць.
  • 3. І ўзялі яны ў Майсея ўсе прынашэньні, якія прынесьлі сыны Ізраілевыя, на патрэбы сьвятыні, каб працаваць. Тым часам усё яшчэ прыносілі яму дабравольныя дары кожнае раніцы.
  • 4. Тады прыйшлі ўсе мудрыя сэрцам, якія рабілі ўсялякую працу ў сьвятыні, кожны ад сваёй працы, якую хто рабіў,
  • 5. і сказалі Майсею, кажучы: люд шмат прыносіць, больш, чым трэба для працы, якую Гасподзь загадаў зрабіць.
  • 6. І загадаў Майсей, і абвешчана было ў табары, каб ні мужчына, ні жанчына не рабілі ўжо нічога дзеля прынашэньня ў сьвятыню; і перастаў люд прыносіць.
  • 7. Запасу было дастаткова на ўсякую працу, якую належала рабіць, і нават засталося.
  • 8. І зрабілі ўсе мудрыя сэрцам, якія займаліся працаю ў скініі: дзесяць покрываў з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны; і херувімаў зрабілі на іх майстэрскаю працаю;
  • 9. даўжыня кожнага покрыва дваццаць восем локцяў, і шырыня кожнага покрыва чатыры локці: усім покрывам адна мера.
  • 10. І злучыў ён пяць покрываў адно з адным, і астатнія пяць покрываў злучыліся адно з адным.
  • 11. І зрабіў петлі блакітнага колеру на краі аднаго покрыва, дзе яно злучалася з другім; гэтак сама зрабіў ён і на краі апошняга покрыва, для злучэньня яго з другім;
  • 12. пяцьдзясят петляў зрабіў ён у адным покрыве і пяцьдзясят петляў зрабіў у канцы покрыва, дзе яно злучаецца з другім; петлі гэтыя адпавядалі адна адной;
  • 13. і зрабіў пяцьдзясят гачкоў залатых і гачкамі злучыў адно покрыва з другім, і стала скінія адно цэлае.
  • 14. Потым зрабіў покрывы з казінай воўны, каб накрываць скінію: адзінаццаць покрываў зрабіў такіх;
  • 15. удаўжыню покрыва трыццаць локцяў, і ўшырыню покрыва чатыры локці: у адзінаццаці покрываў мера адна.
  • 16. І злучыў ён пяць покрываў асобна і шэсьць покрываў асобна.
  • 17. І зрабіў пяцьдзясят петляў на краі покрыва крайняга, дзе яно злучаецца з другім, і пяцьдзясят петляў зрабіў на краі покрыва, якое злучаецца з другім;
  • 18. і зрабіў пяцьдзясят медных гачкоў для злучэньня покрыва, каб склалася адно цэлае.
  • 19. І зрабіў для скініі покрыва з чырвоных барановых скураў і накрыўку зьверху са скураў сініх.
  • 20. і зрабіў брусы для скініі з дрэва сітым стромкія:
  • 21. дзесяць локцяў даўжыня ў бруса, і паўтара локця шырыня ў кожнага бруса;
  • 22. у кожным брусе па два асьцюкі, адзін насупраць аднаго: так зрабіў ён усе брусы скініі.
  • 23. І зрабіў для скініі дваццаць такіх брусоў на паўднёвы бок,
  • 24. і сорак срэбраных падножжаў зрабіў пад дваццаць брусоў: па два падножжы пад адзін брус на два асьцюкі яго, і два падножжы пад другі брус на два асьцюкі яго;
  • 25. і для другога боку скініі, на поўнач, зрабіў дваццаць брусоў
  • 26. і сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус;
  • 27. а на задні бок скініі, на захад, зрабіў шэсьць брусоў,
  • 28. і два брусы зрабіў на кут у скініі на тыльны бок;
  • 29. і былі яны злучаныя знізу і злучаныя ўгары ў адным колцы: так зрабіў ён зь імі абодвума на абодвух кутах;
  • 30. і было восем брусоў і срэбраных падножжаў шаснаццаць, па два падножжы пад кожны брус.
  • 31. І зрабіў жэрдкі з дрэва сітым, пяць на брусы аднаго боку скініі,
  • 32. і пяць жэрдак на брусы другога боку скініі, і пяць жэрдак на брусы задняга боку скініі;
  • 33. і зрабіў унутраную жэрдзь, якая праходзіла б па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога;
  • 34. брусы абклаў золатам, і колцы, у якія ўкладваюцца жэрдкі, зрабіў з золата, і жэрдкі абклаў золатам.
  • 35. І зрабіў заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, і майстэрскаю працаю зрабіў на ёй херувімаў;
  • 36. і зрабіў для яе чатыры слупы зь сітыму і абклаў іх золатам, з залатымі гачкамі, і выліў для іх чатыры срэбраныя падножжы.
  • 37. І зрабіў заслону на ўваход у скінію з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, узорыстага вырабу,
  • 38. і пяць слупоў для яе з гачкамі; і абклаў вярхі іх і завязі іх золатам і выліў пяць медных падножжаў.