Глава 17

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40
  • 1. І рушыла ўсё супольства сыноў Ізраілевых з пустыні Сін у дарогу сваю, паводле загаду Гасподняга, і разьмясьцілася табарам у Рэфідыме; і ня было вады піць людзям.
  • 2. І дакаралі людзі Майсея, і казалі: дайце нам вады піць. І сказаў ім Майсей: што вы дакараеце мяне? што спакушаеце Госпада?
  • 3. І прагнуў там люд вады, і наракаў люд на Майсея, кажучы: навошта ты вывеў нас зь Егіпта, замарыў смагаю нас і дзяцей нашых і статкі нашыя?
  • 4. Майсей заенчыў да Госпада і сказаў: што мне рабіць з народам гэтым? яшчэ крыху, і пабэюць мяне камянямі.
  • 5. І сказаў Гасподзь Майсею: прайдзі перад людзьмі, і вазьмі з сабою некаторых старэйшынаў Ізраільскіх, і посах твой, якім ты ўдарыў па вадзе, вазьмі ў руку тваю, і ідзі;
  • 6. вось, Я стану перад табою там на скале ў Харыве, і ты ўдарыш у скалу, і пойдзе зь яе вада, і будзе піць народ. І зрабіў так Майсей на вачах у старэйшынаў Ізраільскіх.
  • 7. І даў мясьціне той назву: Маса і Мэрыва, з прычыны дакараньня сыноў Ізраілевых, і таму, што яны спакушалі Госпада, кажучы: ці ёсьць Гасподзь сярод нас, ці няма?
  • 8. І прыйшлі Амалікіцяне і ваявалі зь Ізраільцянамі ў Рэфідыме.
  • 9. Майсей сказаў Ісусу: выберы нам мужоў і ідзі біцца з Амалікіцянамі: заўтра я стану на вяршыні пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй.
  • 10. І зрабіў Ісус, як сказаў яму Майсей, і пайшоў біцца з Амалікіцянамі; а Майсей і Аарон і Ор узышлі на верх пагорка.
  • 11. І калі Майсей падымаў рукі свае, адольваў Ізраіль, а калі апускаў рукі свае, адольваў Амалік;
  • 12. але рукі Майсеевыя ацяжэлі, і тады ўзялі камень і падклалі пад яго, і ён сеў на ім, а Аарон і Ор падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца.
  • 13. І скінуў Ісус Амаліка і народ ягоны лязом мяча.
  • 14. І сказаў Гасподзь Майсею: напішы гэта на памяць у кнігу і давядзі Ісусу, што Я цалкам згладжу памяць пра Амалікіцянаў з паднябеснай.
  • 15. І зладзіў Майсей ахвярнік і даў яму назву: Ягова Нісі,
  • 16. бо, сказаў ён, рука на троне Госпада: бітва ў Госпада супроць Амаліка з роду ў род.