Глава 37

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40
  • 1. І зрабіў Вэсэлііл каўчэг з дрэва сітым: даўжыня яго два локці з палавінаю, шырыня яго паўтара локця і вышыня Яго паўтара локця;
  • 2. і абклаў яго чыстым золатам зь сярэдзіны і звонку і зрабіў вакол яго залаты вянок;
  • 3. і выліў для яго чатыры колцы залатыя, на чатырох ніжніх кутках яго: па два колцы з аднаго боку яго, і два колцы з другога боку яго.
  • 4. І зрабіў жэрдкі з дрэва сітым і абклаў іх золатам;
  • 5. і ўклаў жэрдкі ў колцы, па баках каўчэга, каб насіць каўчэг.
  • 6. і зрабіў века з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня паўтара локця.
  • 7. і зрабіў двух херувімаў з золата: чаканнага вырабу зрабіў іх на абодвух канцах века,
  • 8. аднаго херувіма з аднаго канца, а другога херувіма з другога канца: пукатымі зь века зрабіў херувімаў з абодвух канцоў яго;
  • 9. і былі херувімы раскрыленыя ўгору і пакрывалі крыламі сваімі века, а тварамі сваімі былі павернутыя адзін да аднаго; херувімы былі тварамі да века.
  • 10. І зрабіў стол з дрэва сітым даўжынёю ў два локці, шырынёю ў локаць і вышынёю ў паўтара локця,
  • 11. і абклаў яго золатам чыстым, і зрабіў вакол яго залаты вянок;
  • 12. і зрабіў вакол яго сьценкі ў далоню і зрабіў залаты вянок каля сьценак яго;
  • 13. і выліў для яго чатыры колцы залатыя і ўмацаваў колцы на чатырох кутах, каля чатырох ножак яго:
  • 14. пры сьценках былі колцы, каб укладваць жэрдкі і насіць стол;
  • 15. і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым і абклаў іх золатам, каб насіць стол.
  • 16. Потым зрабіў посуд да стала: міскі, кадзільніцы, кубкі і чары, каб паліваць зь іх, з чыстага золата.
  • 17. І зрабіў сьвяцільню з золата чыстага, чаканную зрабіў сьвяцільню; сьцябло яе, галіны яе, чарачкі яе, яблыкі яе і кветкі яе выходзілі зь яе;
  • 18. шэсьць галін выходзіла з бакоў яе: тры галіны сьвяцільні з аднаго боку яе і тры галіны сьвяцільні з другога боку яе;
  • 19. тры чарачкі былі накшталт міндальнай кветкі, яблык і кветкі на адной галінцы, і тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, яблык і кветкі на другой галінцы: так на ўсіх шасьці галінках, што выходзяць зь сьвяцільні;
  • 20. а на сьцябле сьвяцільні было чатыры чарачкі накшталт міндальнай кветкі зь яблыкамі і кветкамі;
  • 21. у шасьці галінак, што выходзяць зь яе, яблык пад першымі дзьвюма галінкамі, і яблык пад другімі дзьвюма галінкамі, і яблык пад трэцімі дзьвюма галінкамі;
  • 22. яблыкі і галінкі іх выходзілі зь яе; уся яна была чаканная, цэльная, з чыстага золата.
  • 23. І зрабіў да яе сем лампад, і абцужкі да яе і латкі да яе, з чыстага золата;
  • 24. з таланту чыстага золата зрабіў яе з усімі прыладамі яе.
  • 25. І зрабіў ахвярнік дымленьня з дрэва сітым; даўжыня яго локаць, і шырыня яго локаць, чатырохкутны, вышыня яго два локці; зь яго выходзілі рогі яго;
  • 26. і абклаў яго чыстым золатам, верх яго і бакі яго вакол і рогі яго, і зрабіў да яго залаты вянок вакол;
  • 27. пад вянком яго на двух кутах яго зрабіў два колцы залатыя, абапал яго зрабіў іх, каб укладваць у іх жэрдкі і насіць яго;
  • 28. жэрдкі зрабіў з дрэва сітым і абклаў іх золатам.
  • 29. І зрабіў міра на сьвяшчэннае памазаньне і дымленьне пахучае, чыстае, ад умельства таго, хто складвае масьці.