Глава 3

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40
  • 1. Майсей пасьвіў авечкі ў Ётора, цесьця свайго, сьвятара Мадыямскага. Аднаго разу правёў ён статак далёка ў пустыню і прыйшоў да гары Божай, Харыва.
  • 2. І зьявіўся яму анёл Гасподні ў полымі агню зь сярэдзіны цярновага куста. І ўбачыў ён, што цярновы куст гарыць агнём, але куст не згарае.
  • 3. Майсей сказаў: пайду і падзіўлюся на гэтую вялікую зьяву, чаму куст не згарае.
  • 4. Гасподзь убачыў, што ён ідзе глядзець, і паклікаў яго Бог зь сярэдзіны куста, і сказаў: Майсею! Майсею! Ён сказаў: вось я!
  • 5. І сказаў Бог: не падыходзь сюды: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
  • 6. І сказаў: Я Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава. Майсей засланіў твар свой, бо баяўся глянуць на Бога.
  • 7. І сказаў Гасподзь: Я ўбачыў пакуты народа Майго ў Егіпце і пачуў енк яго ад прыстаўнікаў ягоных; Я ведаю смуткі яго
  • 8. і іду выратаваць яго ад рукі Егіпцянаў і вывесьці яго зь зямлі гэтай у зямлю добрую і прасторную, дзе цячэ малако і мёд, у зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў.
  • 9. І вось, ужо енк сыноў Ізраілевых дайшоў да Мяне, і Я бачу прыгнёт, якім прыгнятаюць іх Егіпцяне.
  • 10. Дык вось ідзі: Я пашлю цябе да фараона; і выведзі зь Егіпта народ Мой, сыноў Ізраілевых.
  • 11. Майсей сказаў Богу: хто я, каб мне ісьці да фараона і вывесьці зь Егіпта сыноў Ізраілевых?
  • 12. І сказаў: Я буду з табою, і вось табе азнака, што Я паслаў цябе: калі ты выведзеш народ зь Егіпта, вы ўчыніце служэньне Богу на гэтай гары.
  • 13. І сказаў Майсей Богу: вось, я прыйду да сыноў Ізраілевых і скажу ім: Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас. А яны скажуць мне: як Яго імя? Што я скажу ім?
  • 14. Бог сказаў Майсею: Я - Сутны. І сказаў: так скажы сынам Ізраілевым: Сутны паслаў мяне да вас.
  • 15. І сказаў яшчэ Бог Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: Гасподзь Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава паслаў мяне да вас. Вось імя Маё навекі, і памятаньне пра Мяне з роду ў род.
  • 16. Ідзі, зьбяры старэйшынаў Ізраілевых і скажы ім: Гасподзь, Бог бацькоў вашых, зьявіўся мне, Бог Абрагама, Ісаака і Якава, і сказаў: Я наведаў вас і ўбачыў, што робіцца з вамі ў Егіпце.
  • 17. І сказаў: Я выведу вас ад прыгнёту Егіпецкага ў зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд.
  • 18. І яны паслухаюць голасу твайго, і пойдзеш ты і старэйшыны Ізраілевыя да цара Егіпецкага, і скажаце яму: Госпадзе, Бог Габрэяў, паклікаў нас; дык вось адпусьці нас у пустыню, на тры дні дарогі, каб прынесьці ахвяру Госпаду Богу нашаму.
  • 19. Але Я ведаю, што цар Егіпецкі не дазволіць вам ісьці, калі ня прымусіць яго рукою моцнаю;
  • 20. і працягну руку Маю і ўражу Егіпет усімі дзівосамі Маімі, якія ўчыню сярод яго; і пасьля таго ён пусьціць вас.
  • 21. І дам народу гэтаму літасьць у вачах Егіпцянаў; і калі пойдзеце, дык пойдзеце ня з пустымі рукамі;
  • 22. кожная жанчына выпрасіць у суседкі сваёй і ў той, што жыве ў доме ў яе, рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі, і вы адзеньце ў іх сыноў вашых і дочак вашых і спустошыце Егіпет.