Глава 24

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40
  • 1. І Майсею сказаў Ён: узыдзі да Госпада ты і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых, і пакланецеся здалёк;
  • 2. Майсей адзін няхай наблізіцца да Госпада, а яны няхай не набліжаюцца, і народ хай не падымаецца зь ім.
  • 3. І прыйшоў Майсей і пераказаў людзям усе словы Гасподнія і ўсе законы. І адказаў увесь люд у адзін голас і сказалі: усё, што сказаў Гасподзь, зробім.
  • 4. І напісаў Майсей усе словы Гасподнія, і ўстаўшы з самае раніцы, паставіў пад гарою ахвярнік і дванаццаць камянёў, паводле ліку дванаццаці плямёнаў Ізраілевых;
  • 5. і паслаў хлопцаў з сыноў Ізраілевых, і прынесьлі яны цэласпаленьні і закалолі цялят у мірную ахвяру Госпаду.
  • 6. Майсей, узяўшы палавіну крыві, уліў у чары, а другою палавінаю акрапіў ахвярнік;
  • 7. і ўзяў кнігу запавету і прачытаў уголас люду, і сказалі яны: усё, што сказаў Гасподзь, зробім і будзем паслухмяныя.
  • 8. І ўзяў Майсей крыві і акрапіў народ, кажучы: вось кроў запавету, які Гасподзь склаў з вамі пра ўсе словы гэтыя.
  • 9. Потым узышоў Майсей і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых,
  • 10. і бачылі Бога Ізраілевага; і пад нагамі ў Яго нешта падобнае на твор з чыстага сапфіру і, як самое неба, яснае.
  • 11. І Ён не прасьцёр рукі Сваёй на выбраных з сыноў Ізраілевых: яны бачылі Бога, і елі і пілі.
  • 12. І сказаў Гасподзь Майсею: узыдзі да Мяне на гару і будзь там; і дам табе скрыжалі каменныя, і закон і запаведзі, якія Я напісаў, каб навучыцца іх.
  • 13. І ўстаў Майсей зь Ісусам, службітам сваім, і пайшоў Майсей на гару Божую,
  • 14. а старэйшынам сказаў: заставайцеся тут, пакуль мы ня вернемся да вас; вось Аарон і Ор з вамі; хто будзе мець клопат які, хай прыходзіць да іх.
  • 15. І ўзышоў Майсей на гару, і пакрыла воблака гару,
  • 16. і слава Гасподняя асяніла гару Сінай; і пакрывала яе воблака шэсьць дзён, а ў сёмы дзень Гасподзь усклікнуў Майсею зь сярэдзіны воблака.
  • 17. А выгляд славы Гасподняй на вяршыні гары быў перад вачыма сыноў Ізраілевых, як агонь паглынальны.
  • 18. І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў нагару; і быў Майсей на гары сорак дзён і сорак ночаў.