- 1. І пачуў Ётор, сьвятар Мадыямскі, цесьць Майсееў, пра ўсё, што зрабіў Бог Майсею і Ізраілю, народу Свайму, калі вывеў Гасподзь Ізраіля зь Егіпта,
- 2. і ўзяў Ётор, цесьць Майсееў, Сэпфору, жонку Майсеевую, якая перад тым была вернутая,
- 3. і двух сыноў яе, аднаму зь якіх імя Гірсам, бо казаў Майсей: я прыхадзень у зямлі чужой;
- 4. а другому імя Эліезэр, бо Бог бацькі майго быў за памочніка і выбавіў мяне ад меча фараонавага
- 5. І прыйшоў Ётор, цесьць Майсееў, з сынамі ягонымі і жонкаю ягонаю да Майсея ў пустыню, дзе ён стаў табарам каля гары Божай,
- 6. і даў знак Майсею: я цесьць твой Ётор, іду да цябе, і жонка твая, і два сыны яе зь ёю.
- 7. Майсей выйшаў насустрач цесьцю свайму, і пакланіўся, і цалаваў яго, і пасьля ўзаемнага прывітаньня яны ўвайшлі ў намёт.
- 8. І расказаў Майсей цесьцю свайму пра ўсё, што зрабіў Гасподзь з фараонам і зь Егіпцянамі за Ізраіля, і пра ўсе цяжкасьці, якія спаткаліся ім на дарозе, і як уратаваў іх Гасподзь.
- 9. Ётор радаваўся за ўсе дабрачынствы, якія Гасподзь учыніў Ізраілю, калі выратаваў яго з рукі Егіпцянаў,
- 10. і сказаў Ётор: дабраславёны Гасподзь, Які выратаваў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі фараонавай, Які выратаваў народ гэты з-пад улады Егіпцянаў,
- 11. сёньня даведаўся я, што Гасподзь вялікі большы за ўсіх багоў, у тым самым, чым яны ўзносіліся над Егіпцянамі.
- 12. І прынёс Ётор, цесьць Майсееў, цэласпаленьне і ахвяры Богу; і прыйшоў Аарон і ўсе старэйшыны Ізраілевыя есьці хлеб зь цесьцем Майсеевым перад Богам.
- 13. На другі дзень сеў Майсей судзіць людзей, і стаялі людзі перад Майсеем з раніцы да вечара.
- 14. І бачыў цесьць Майсееў усё, што ён робіць зь людзьмі, і сказаў: што гэта такое робіш ты зь людам? навошта ты сядзіш адзін, а ўсе людзі стаяць перад табою з раніцы да вечара?
- 15. І сказаў Майсей цесьцю свайму: народ прыходзіць да мяне прасіць суду ў Бога:
- 16. калі здараецца ў іх якая справа, яны прыходзяць да мяне, і я суджу між тым і другім і абвяшчаю статуты Божыя і законы Ягоныя.
- 17. Але цесьць Майсееў сказаў яму: нядобра ты гэта робіш:
- 18. ты змучыш і сябе і народ гэты, які з табою, бо надта цяжкая табе гэтая справа: ты адзін ня можаш выпраўляць яе;
- 19. дык вось, паслухай слоў маіх: я дам табе раду, і будзе Бог з табою: будзь ты народу пасярэднікам перад Богам і прадстаўляй Богу дзеі;
- 20. вучы іх пастановам і законам, паказвай ім дарогу, па якой яны павінны ісьці, і справы, якія яны павінны рабіць;
- 21. а ты нагледзь з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўдзівых, якія ненавідзяць карысьлівасьць, і пастаў над ім тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі;
- 22. хай яны судзяць народ у любы час і пра ўсякую важную справу даносяць табе, а ўсе малыя справы судзяць самыя: і будзе табе лягчэй, і яны панясуць з табою цяжар:
- 23. калі ты зробіш гэта, і Бог скажа табе, дык ты можаш устояць, і ўвесь народ гэты будзе адыходзіць у сваю мясьціну зь мірам.
- 24. І паслухаўся Майсей цесьцевых слоў і зрабіў усё, што той казаў:
- 25. і выбраў Майсей з усяго Ізраіля здольных людзей і паставіў іх начальнікамі народу, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі і дзясяцкімі,
- 26. і судзілі яны народ у любы час; пра справы важныя даносілі Майсею, а ўсе малыя справы судзілі самыя.
- 27. і адпусьціў Майсей цесьця свайго, і ён пайшоў у зямлю сваю.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выхад > Глава 18