- 1. Вось, што павінен ты ўчыніць зь імі, каб прысьвяціць іх у сьвятары Мне; вазьмі адно цяля з валоў, і два бараны без пахібы,
- 2. і хлябоў прэсных, і праснакоў, зьмешаных з алеем, і ляпёшак прэсных, памазаных алеем: з мукі пшанічнай сьпячы іх;
- 3. і пакладзі іх у адзін кош, і прынясі іх у кашы, і разам цяля і двух бараноў.
- 4. А Аарона і сыноў ягоных прывядзі да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою.
- 5. І вазьмі вопратку, і апрані Аарона ў хітон і ў верхнюю рызу, у эфод і ў нагруднік, і аперажы яго па эфодзе;
- 6. і надзень яму на галаву кідар і ўмацуй дыядэму сьвятыні на кідары;
- 7. і вазьмі алей памазаньня, і вылі яму на галаву, і памаж яго.
- 8. І прывядзі таксама сыноў ягоных і апрані іх у хітоны;
- 9. і аперажы іх поясам, Аарона і сыноў ягоных, і накладзі на іх павязкі, і будзе ім належаць сьвятарства паводле статута навекі; і напоўні рукі Аарона і сыноў ягоных.
- 10. І прывядзі цяля да скініі сходу, і пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву цяляці;
- 11. і закалі цяля перад абліччам Гасподнім каля ўваходу ў скінію сходу;
- 12. вазьмі крыві цяляці і накладзі пальцам тваім на рогі ахвярніка, а ўсю кроў вылі пад ахвярнік;
- 13. вазьмі ўвесь лой, які пакрывае вантробы, і сальнік зь печані і абедзьве ныркі, і спалі на ахвярніку;
- 14. а мяса цяляці і скуру яго і бруд яго спалі на агні па-за табарам: гэта ахвяра за грэх.
- 15. І вазьмі аднаго барана, і пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;
- 16. і закалі барана, і вазьмі крыві ягонай, і пакрапі на ахвярнік з усіх бакоў;
- 17. разатні барана на часткі, вымый вантробы ягоныя і галені ягоныя, і пакладзі на расьсечаныя часткі яго і на галаву яго;
- 18. і спалі ўсяго барана на ахвярніку: гэта цэласпаленьне Госпаду, духмянасьць прыемная, ахвяра Госпаду.
- 19. Вазьмі і другога барана, і хай пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;
- 20. і закалі барана, і вазьмі крыві ягонай, і пакладзі на край вуха Ааронавага і на край правага вуха сыноў ягоных, і на вялікі палец правай нагі іхняй; і пакрапі крывёю ахвярнік з усіх бакоў;
- 21. і вазьмі крыві, якая на ахвярніку, і алею памазаньня, і пакрапі на Аарона і на вопратку ягоную, і на сыноў ягоных і на вопратку сыноў ягоных зь ім, - і будуць асьвечаныя, ён і вопратка ягоная, і сыны ягоныя і вопратка іхняя зь ім.
- 22. І вазьмі з барана лой і курдзюк, і здор, які пакрывае вантробы, і сальнік зь печані, і абедзьве ныркі і лой, які на іх, правую лапатку,
- 23. і адзін круглы хлеб, адну ляпёшку на алеі і адзін праснак з каша, які перад Госпадам,
- 24. і пакладзі ўсё на руку Аарону і на рукі сынам ягоным, і прынясі гэта, патрасаючы перад абліччам Гасподнім;
- 25. і вазьмі гэта з рук іхніх і спалі на ахвярніку з цэласпаленьнем, дзеля духмянасьці перад Госпадам; гэта ахвяра Госпаду.
- 26. І вазьмі грудзіну барана ўручэньня, які для Аарона, і прынясі іх, патрасаючы перад абліччам Гасподнім, - і гэта будзе твая доля;
- 27. і асьвяці грудзіну прынашэньня, якою патрасаў, і лапатку паднашэньня, які падносіў, з барана ўручэньня, які для Аарона і для сыноў ягоных, -
- 28. і будзе гэта Аарону і сынам ягоным у надзел вечны ад сыноў Ізраілевых, бо гэта - паднашэньне; паднашэньне павінна быць ад сыноў Ізраілевых пры мірных ахвярах, паднашэньне іх Госпаду.
- 29. А сьвяшчэнная вопратка, якая для Аарона, пяройдзе пасьля яго да сыноў ягоных, каб у ёй памазваць іх і ўручаць ім сьвятарства;
- 30. сем дзён павінен апранацца ў іх сьвятар з сыноў ягоных, які заступае яго месца, які будзе ўваходзіць у скінію сходу дзеля служэньня ў сьвятыні.
- 31. А барана ўручэньня вазьмі і згатуй мяса ягонае на месцы сьвятым;
- 32. і хай зьядуць Аарон і сыны ягоныя мяса барана гэтага з каша, каля дзьвярэй скініі сходу,
- 33. бо праз гэта зьдзяйсьняецца ачышчэньне дзеля ўручэньня ім сьвятарства і дзеля прысьвячэньня іх; староньні не павінен есьці гэтага, бо гэта сьвятыня;
- 34. калі застанецца ад мяса ўручэньня і ад хлеба да раніцы, дык спалі рэшту на агні: ня трэба есьці яго, бо гэта сьвятыня.
- 35. І зрабі з Ааронам і з сынамі ягонымі ва ўсім так, як Я загадаў табе; сем дзён напаўняй рукі іхнія.
- 36. І цяля за грэх прынось кожны дзень дзеля ачышчэньня, і ахвяру за грэх учыняй на ахвярніку дзеля ачышчэньня яго, і памаж яго дзеля ачышчэньня яго;
- 37. сем дзён ачышчай ахвярнік, і асьвяці яго, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая: усё, што дакранаецца да ахвярніка, асьвеціцца.
- 38. Вось, што будзеш ты прыносіць на ахвярніку: двух ягнят аднагодкаў кожны дзень пастаянна:
- 39. адно ягня прынось раніцай, а другое ягня прынось увечары,
- 40. і дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, зьмешанай з чвэрцю гіна чаўленага алею, а дзеля выліваньня чвэрць гіна віна, на адно ягня;
- 41. другое ягня прынось увечары: з мучным дарам, падобным на ранішні, і з такім самым выліваньнем прынось яго дзеля духмянасьці прыемнай, у ахвяру Госпаду.
- 42. Гэта цэласпаленьне заўсёднае ў роды вашыя перад дзьвярамі скініі сходу перад Госпадам, дзе буду адкрывацца вам, каб гаварыць з табою;
- 43. там буду адкрывацца сынам Ізраілевым, і асьвеціцца месца гэтае славаю Маёю.
- 44. І асьвячу скінію сходу і ахвярнік; і Аарона і сыноў ягоных асьвячу, каб яны сьвятарылі Мне;
- 45. і жыцьму сярод сыноў Ізраілевых і буду ім Богам,
- 46. і ўведаюць, што Я Гасподзь, Бог іхні, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, каб Мне жыць сярод іх. Я Гасподзь Бог іхні.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выхад > Глава 29