- 1. Псальма Давідава. Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне;
- 2. вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне;
- 3. агалі меч, і заступі дарогу тым, што гоняць мяне; скажы душы маёй: Я - ратунак твой!
- 4. Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю, хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду мне намышляе;
- 5. хай будуць яны, як пыл на ветры, і анёл Гасподні хай праганяе іх.
- 6. Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх,
- 7. бо яны бязь віны схавалі мне яму - сетку сваю; выкапалі яе на бязьвінную душу маю!
- 8. Хай спадзе на яго пагібель нянаджаная, і сетка ягоная, якую ён схаваў на мяне, хай яго самога і ўловіць; хай у яе і ўпадзе на пропадзь сваю.
- 9. А душа мая зарадуецца ў Госпадзе; усьцешыцца збавеньнем ад Яго.
- 10. Усе косткі мае скажуць: "Госпадзе! хто да Цябе падобны? Ты ратуеш слабога ад дужага, беднага і ўбогага ад зьдзірцы ягонага?"
- 11. Паўсталі на мяне сьведкі няправедныя: чаго я ня ведаю, - выпытваюць у мяне;
- 12. плацяць мне злом за дабро, сіроцтвам душы маёй.
- 13. А як былі хварэлі яны, я апранаўся ў вярэту, душу маю таміў пастом, і малітва мая вярталася ў нетру маю.
- 14. Я рабіў, быццам сябру, як брату майму; я хадзіў смутны, панурыўшы голаў, як бы аплакваючы маці.
- 15. А калі я спатыкаўся, яны радаваліся і зьбіраліся; зьбіраліся агуднікі супроць мяне, ня ведаю завошта, ганілі мяне, і не пераставалі;
- 16. з крывадушнымі пакепнікамі скрыгаталі на мяне зубамі сваімі.
- 17. Госпадзе! ці доўга будзеш глядзець на гэта? Адвядзі душу маю ад злачынстваў іхніх, ад ільвоў - самотную душу маю!
- 18. Я праслаўлю Цябе на сходзе вялікім, сярод процьмы народу ўсхвалю Цябе,
- 19. каб не збыткавалі зь мяне тыя, што ваявалі супроць мяне несправядліва, і не перамігваліся вачыма тыя, што ненавідзяць мяне бязьвіннага;
- 20. бо не за мір прамаўляюць яны, а супроць мірных на землях плятуць аблудныя намыслы;
- 21. разьзьяўляюць на мяне вусны свае; кажуць: "добра! добра! бачыла наша вока".
- 22. Ты бачыў, Госпадзе, не змаўчы; Госпадзе! не аддаляйся ад мяне.
- 23. Устань, прачніся на суд мой, на цяжбіну маю, Божа мой і Госпадзе мой!
- 24. Судзі мяне па праўдзе Тваёй, Госпадзе, Божа мой, і хай ня радуюцца яны празь мяне;
- 25. хай ня кажуць у сэрцы сваім: "добра! добра!, нам да душы!" Хай ня кажуць: "мы праглынулі яго".
- 26. Няхай пасаромяцца і паганьбуюцца ўсе, хто радуецца зь няшчасьця майго; хай убяруцца ў сорам і ганьбу, хай фанабэрацца над мною.
- 27. Няхай радуюцца і весяляцца, хто маёй слушнасьці прагне, і няхай кажуць заўсёды: "хай праславіцца Гасподзь, Які зычыць міру рабу Свайму!"
- 28. І язык мой будзе абвяшчаць Тваю праўду і хвалу Табе дзень у дзень.
Ничего нет для сопоставления.