- 1. Кіроўцу хору, Ідытуму. Псальма Давідава.
- 2. Я сказаў: пільнавацьмуся дарогі сваёй, каб маім языком не грашыць; цугляцьму я вусны мае, пакуль бязбожны перада мною.
- 3. Я быў нямы і безгалосы і маўчаў нават пра добрае; і жальба мая памацнела,
- 4. запалілася сэрца маё ўва мне; у думках маіх загарэўся вагонь; я пачаў гаварыць языком маім;
- 5. скажы мне, Госпадзе, пра канец мой і лік дзён маіх, які ён, каб я ведаў, які мой век.
- 6. Вось, Ты далоняю вымераў дні мае, а век мой - як нішто прад Табою. Сапраўды, поўная марнасьць - кожны жывы чалавек.
- 7. Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід; і марны клопат яго, зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта.
- 8. І сёньня чаго мне чакаць, Госпадзе? надзея мая на Цябе.
- 9. Ад усіх беззаконьняў маіх вызвалілі мяне, не аддавай мяне на паглум неразумным.
- 10. Я зрабіўся нямы, не растульваю вуснаў маіх, бо Ты ўчыніў гэта.
- 11. Ухілі ад мяне ўразы Твае; я зьнікаю ад удару пагібельнай рукі Тваёй.
- 12. Калі Ты дакорамі будзеш караць чалавека за злачынствы, рассыплецца, як ад молі, прывабнасьць ягоная. Так кожны чалавек - марны.
- 13. Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і выслухай енкі мае, ня будзь бязуважны да сьлёз маіх, бо вандроўнік я ў Цябе і прыхадзень, як бацькі мае ўсе.
- 14. Адступі ад мяне, каб я мог умацавацца, перш чым адыду і ня будзе мяне.
Ничего нет для сопоставления.