- 1. Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё;
- 2. бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе.
- 3. Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго:
- 4. і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей.
- 5. Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой.
- 6. На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае.
- 7. Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха;
- 8. Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім.
- 9. Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;
- 10. і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном.
- 11. Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя;
- 12. бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму.
- 13. Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум!
- 14. Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата.
- 15. Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю.
- 16. Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава;
- 17. шляхі яе - шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе - мірныя.
- 18. Яна - дрэва жыцьця тым, што называюць яе, - і шчасныя тыя, што маюць яе!
- 19. Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам;
- 20. Яго мудрасьцю адчыніліся бездані, і воблакі кропяць расою.
- 21. Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне і разважлівасьць:
- 22. і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй.
- 23. Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца.
- 24. Калі ляжаш спаць, ня будзеш баяцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе.
- 25. Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе;
- 26. бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі.
- 27. Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта.
- 28. Не кажы сябру твайму: "ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам", калі маеш з сабою.
- 29. Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з табою.
- 30. Не сварыся з чалавекам бяз прычыны, калі ён не зрабіў табе благога.
- 31. Не зайздросьці посьпехам гвалтаўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя,
- 32. бо Гасподзь грэбуе тым, хто распусны, а справядлівага даверам Сваім адарае.
- 33. Праклён Гасподні на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе.
- 34. Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату.
- 35. Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу.
Ничего нет для сопоставления.