- 1. Хто любіць настаўленьне, той любіць веды; а хто ненавідзіць засьцярогі, той невук.
- 2. Добры здабывае ласку ў Госпада; а чалавека падступнага Ён асудзіць.
- 3. Ня сьцьвердзіць сябе чалавек беззаконьнем; а корань праведнікаў непахісны.
- 4. Дабрачынная жонка - вянок мужу свайму; а ганебная - як гнілізна ў касьцях у яго.
- 5. Помыслы праведных - праўда, а намыслы бязбожных - падступнасьць.
- 6. Словы бязбожных - засада на кроў, а вусны праведных ратуюць іх.
- 7. Як кранецца бязбожных няшчасьце - і няма іх, а дом праведных стаіць.
- 8. Хваляць чалавека паводле меры розуму ягонага, а распусны сэрцам будзе ў пагардзе.
- 9. Лепей быць простым, але мець працу, чым быць ганарыстым, але ня мець хлеба.
- 10. Праведны дбае і пра жыцьцё быдла свайго, а сэрца бязбожных жорсткае.
- 11. Хто ўрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам; а хто ідзе па сьлядах гультаёў, той розумам бедны.
- 12. Бязбожны хоча злавіць яго ў сетку зла; а корань праведных цьвёрды.
- 13. Бязбожны ловіцца грахамі вуснаў сваіх; а праведны выйдзе зь бяды.
- 14. Ад плоду вуснаў сваіх чалавек насычаецца дабром, і плата чалавеку - паводле дзеяў рук ягоных.
- 15. Дарога немысьля простая ў вачах ягоных; а хто слухае рады, той мудры.
- 16. У немысьля адразу выяўляецца гнеў ягоны, а разумны тоіць абразу.
- 17. Хто кажа тое, што ведае, той кажа праўду: а ў сьведкі ілжывага - ашуканства.
- 18. Сёй-той пустаслоў б'е як мечам, а язык мудрых - ацаляе.
- 19. Вусны праўдзівыя вечна жывуць, а ілжывы язык - хвіліну.
- 20. Хітрына - у сэрцы ў зламысьнікаў, радасьць - у міратворцаў.
- 21. Ня станецца праведніку ніякага ліха, а бязбожныя будуць напоўнены злом.
- 22. Агіда Госпаду - вусны ілжывыя, а хто гаворыць праўду, даспадобы Яму.
- 23. Чалавек разважлівы ўтойвае веды, а сэрца немысьляў выказвае дурасьць.
- 24. Рука руплівая здабудзе ўладу, а гультайская пад данінай будзе.
- 25. Смутак на сэрцы падаўляе чалавека, а добрае слова разьвесяляе яго.
- 26. Праведнік паказвае блізкаму свайму дарогу, а дарога бязбожных уводзіць іх у згубу.
- 27. Гультай ня смажыць сваёй дзічыны; а чалавек руплівы мецьме каштоўны набытак.
- 28. На дарозе праўды - жыцьцё, і на сьцежцы яе няма сьмерці.
Ничего нет для сопоставления.