- 1. Слова Лемуіла цара. Настаўленьне, якое дала яму маці ягоная:
- 2. што, сыне мой? Што, сыне ўлоньня майго? Што, сыне зарокаў маіх?
- 3. Не аддавай жанчыне сілы тваёй, ні шляхоў тваіх пагубніцам цароў.
- 4. Не царам, Лемуіле, не царам піць віно, і не князям - сякеру,
- 5. каб, напіўшыся, яны не забылі закона і не перакруцілі суд усіх прыгнечаных.
- 6. Дайце сякеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою;
- 7. хай ён вып'е і забудзе беднасьць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту.
- 8. Размыкай вусны свае за безгалосага і дзеля абароны ўсіх занядбаных.
- 9. Размыкай вусны свае дзеля правасудзьдзя і дзеля беднага і гаротнага.
- 10. Хто знойдзе дабрадзейную жонку? цана яе вышэй за жэмчуг.
- 11. Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і не застанецца ён бяз прыбытку.
- 12. Яна аддае яму дабром, а ня злом, ва ўсе дні жыцьця свайго.
- 13. Здабывае воўну і лён, і ахвотна працуе сваімі рукамі.
- 14. Яна, як купецкія караблі, здалёку вязе свой хлеб.
- 15. Яна ўстае на досьвітку, і раздае ежу ў доме сваім і належнае слугам сваім.
- 16. Падумае пра поле, і купляе яго; ад плёну рук сваіх садзіць вінаграднік.
- 17. Апярэзвае сілаю сьцёгны свае і мацуе мышцы свае.
- 18. Яна адчувае, што занятак яе добры, і - сьветач яе ня тухне і ўначы.
- 19. Працягвае рукі свае да прасьніцы, і пальцы яе бяруцца за верацяно.
- 20. Далоню сваю яна растуляе беднаму, і руку сваю падае ўбогаму.
- 21. Не баіцца сьцюжы для сям'і сваёй, бо ўся сям'я яе апранута ў двайную адзежу.
- 22. Яна робіць сабе дываны; вісон і пурпура - вопратка яе.
- 23. Муж яе вядомы каля брамы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі.
- 24. Яна робіць покрывы, і прадае, і паясы дастаўляе купцам Фінікійскім.
- 25. Моц і прыгажосьць яе - вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню.
- 26. Вусны свае растуляе з мудрасьцю, і добрая парада на языку ў яе.
- 27. Яна сочыць за гаспадаркай у доме сваім і ня есьць хлеба гультайскага.
- 28. Устаюць дзеці - і дагаджаюць ёй, - муж, і хваліць яе:
- 29. "шмат было жонак дабрадзейных; але ты пераўзышла іх усіх".
- 30. Мілавіднасьць падманлівая і прыгажосьць марная; а жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.
- 31. Дайце ёй ад плёну рук яе, і хай праславяць яе каля брамы ўчынкі яе!
Ничего нет для сопоставления.