Глава 31

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31
  • 1. Слова Лемуіла цара. Настаўленьне, якое дала яму маці ягоная:
  • 2. што, сыне мой? Што, сыне ўлоньня майго? Што, сыне зарокаў маіх?
  • 3. Не аддавай жанчыне сілы тваёй, ні шляхоў тваіх пагубніцам цароў.
  • 4. Не царам, Лемуіле, не царам піць віно, і не князям - сякеру,
  • 5. каб, напіўшыся, яны не забылі закона і не перакруцілі суд усіх прыгнечаных.
  • 6. Дайце сякеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою;
  • 7. хай ён вып'е і забудзе беднасьць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту.
  • 8. Размыкай вусны свае за безгалосага і дзеля абароны ўсіх занядбаных.
  • 9. Размыкай вусны свае дзеля правасудзьдзя і дзеля беднага і гаротнага.
  • 10. Хто знойдзе дабрадзейную жонку? цана яе вышэй за жэмчуг.
  • 11. Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і не застанецца ён бяз прыбытку.
  • 12. Яна аддае яму дабром, а ня злом, ва ўсе дні жыцьця свайго.
  • 13. Здабывае воўну і лён, і ахвотна працуе сваімі рукамі.
  • 14. Яна, як купецкія караблі, здалёку вязе свой хлеб.
  • 15. Яна ўстае на досьвітку, і раздае ежу ў доме сваім і належнае слугам сваім.
  • 16. Падумае пра поле, і купляе яго; ад плёну рук сваіх садзіць вінаграднік.
  • 17. Апярэзвае сілаю сьцёгны свае і мацуе мышцы свае.
  • 18. Яна адчувае, што занятак яе добры, і - сьветач яе ня тухне і ўначы.
  • 19. Працягвае рукі свае да прасьніцы, і пальцы яе бяруцца за верацяно.
  • 20. Далоню сваю яна растуляе беднаму, і руку сваю падае ўбогаму.
  • 21. Не баіцца сьцюжы для сям'і сваёй, бо ўся сям'я яе апранута ў двайную адзежу.
  • 22. Яна робіць сабе дываны; вісон і пурпура - вопратка яе.
  • 23. Муж яе вядомы каля брамы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі.
  • 24. Яна робіць покрывы, і прадае, і паясы дастаўляе купцам Фінікійскім.
  • 25. Моц і прыгажосьць яе - вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню.
  • 26. Вусны свае растуляе з мудрасьцю, і добрая парада на языку ў яе.
  • 27. Яна сочыць за гаспадаркай у доме сваім і ня есьць хлеба гультайскага.
  • 28. Устаюць дзеці - і дагаджаюць ёй, - муж, і хваліць яе:
  • 29. "шмат было жонак дабрадзейных; але ты пераўзышла іх усіх".
  • 30. Мілавіднасьць падманлівая і прыгажосьць марная; а жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.
  • 31. Дайце ёй ад плёну рук яе, і хай праславяць яе каля брамы ўчынкі яе!