- 1. Паколькі ўжо многія ўзяліся складаць аповесць
пра падзеі, якія сярод нас адбыліся, - 2. як перадалі нам тыя,
што ад пачатку былі відавочцамі і служыцелямі Слова, - 3. прыйшло на думку і мне,
дакладна даследаваўшы ўсё ад пачатку,
паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Феофіле, - 4. каб ты спазнаў цвёрдую аснову таго вучэння,
у якім быў настаўлены. - 5. Быў у дні Ірада, цара Іудзейскага,
адзін святар імем Захарыя, з Авіевай чаргі;
і жонка яго з роду Ааронавага,
імя ёй Елісавета. - 6. Былі яны абое праведныя перад Богам,
жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленняў Гасподніх беззаганна. - 7. І не мелі яны дзіцяці,
бо Елісавета была няплодная,
і абое былі ўжо на схіле гадоў сваіх. - 8. І сталася:
калі ў парадку сваёй чаргі ён служыў перад Богам, - 9. выпала яму, паводле звычаю святарскага,
кадзіць, увайшоўшы ў храм Гасподні, - 10. а ўсё мноства людзей малілася звонку ў час каджэння;
- 11. і явіўся яму Ангел Гасподні,
стоячы справа ад кадзільнага ахвярніка. - 12. І сумеўся Захарыя, убачыўшы,
і страх напаў на яго. - 13. Але Ангел сказаў яму: не бойся, Захарыя,
бо пачута малітва твая,
і жонка твая Елісавета народзіць табе сына,
і назавеш яго імем Іаан, - 14. і будзе табе радасць і весялосць,
і многія нараджэнню яго ўзрадуюцца; - 15. бо ён будзе вялікі перад Госпадам;
і не будзе піць віна і сікеру;
і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй; - 16. і многіх з сыноў Ізраілевых зверне да Госпада Бога іх;
- 17. і будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліі,
каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей,
і непакорлівых да мудрасці праведных,
каб падрыхтаваць Госпаду народ гатовы. - 18. І сказаў Захарыя Ангелу: па чым я пазнаю гэта?
бо я стары, і жонка мая на схіле гадоў сваіх. - 19. І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыіл, што стаю перад Богам
і пасланы гаварыць з табой і дабравесціць табе гэта; - 20. і вось, будзеш маўчаць
і не зможаш гаварыць
да таго дня, калі збудзецца гэта,
за тое, што ты не паверыў словам маім,
якія здзейсняцца ў свой час. - 21. І чакаў народ Захарыю
і здзіўляўся, што ён марудзіць у храме. - 22. Ён жа, выйшаўшы, не мог гаварыць да іх;
і яны зразумелі, што ён бачыў відзенне ў храме;
а ён рабіў ім знакі, і заставаўся нямым. - 23. І сталася: калі скончыліся дні служэння яго,
пайшоў ён у дом свой. - 24. Пасля гэтых дзён зачала Елісавета, жонка яго ,
і таілася пяць месяцаў,
і гаварыла: - 25. так зрабіў мне Гасподзь у дні,
калі спаглянуў,
каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей. - 26. А ў шосты месяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога
ў горад Галілейскі пад назвай Назарэт - 27. да Дзевы, заручанай з мужам, імя якому Іосіф,
з дому Давідавага;
а імя Дзевы — Марыя. - 28. І ўвайшоўшы да Яе, Ангел сказаў:
радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою;
благаславёная Ты сярод жанчын. - 29. Яна ж, убачыўшы яго, збянтэжылася ад слова яго
і разважала, што ж гэта за вітанне. - 30. І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя,
бо Ты знайшла благадаць у Бога. - 31. І вось, зачнеш ва ўлонні,
і народзіш Сына,
і назавеш Яго імем Іісус. - 32. Ён будзе вялікі, і Сынам Усявышняга будзе названы,
і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго; - 33. і будзе царстваваць над домам Іакава давеку,
і Царству Яго не будзе канца. - 34. І сказала Марыя Ангелу:
як будзе гэта, калі Я мужа не знаю? - 35. Сказаў Ёй Ангел у адказ: Дух Святы найдзе на Цябе
і сіла Ўсявышняга ахіне Цябе;
таму і Святое, што народзіцца, Сынам Божым будзе названа; - 36. і вось, Елісавета,
сваячка Твая,
і яна зачала сына ў старасці сваёй,
і гэта ўжо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай; - 37. бо не застанецца бяссільным у Бога ніводнае слова.
- 38. Тады сказала Марыя: вось, Я — раба Гасподня;
няхай будзе Мне па слову твайму.
І адышоў ад Яе Ангел. - 39. І ўстаўшы, Марыя ў тыя дні
пайшла з паспешнасцю ў горны край,
у горад Іудаў; - 40. і ўвайшла ў дом Захарыі,
і павітала Елісавету. - 41. І сталася: калі пачула Елісавета вітанне Марыіна,
устрапянулася дзіцятка ва ўлонні яе;
і напоўнілася Елісавета Духам Святым, - 42. і ўсклікнула моцным голасам
і сказала: благаславёная Ты сярод жанчын
і благаславёны плод улоння Твайго! - 43. І адкуль гэта мне,
што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? - 44. Бо, калі голас вітання Твайго дайшоў да вушэй маіх,
устрапянулася дзіцятка радасна ва ўлонні маім. - 45. І блажэнная Тая, што паверыла,
бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада. - 46. І сказала Марыя: велічае душа Мая Госпада,
- 47. і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збавіцелі Маім,
- 48. што спаглянуў Ён на пакору Рабы Сваёй;
бо вось ад гэтага часу будуць зваць Мяне блажэннай усе роды; - 49. бо ўчыніў Мне вялікае Моцны,
і святое імя Яго; - 50. і міласэрнасць Яго ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;
- 51. Ён праявіў сілу рукою Сваёю;
рассеяў ганарлівых думкамі сэрца іх; - 52. скінуў моцных з прастолаў
і ўзнёс пакорлівых; - 53. галодных здаволіў дабром,
а багатых адпусціў ні з чым; - 54. прыхінуў Ізраіля, слугу Свайго,
памятаючы пра міласць, — - 55. як гаварыў бацькам нашым, —
да Аўраама і семені яго давеку. - 56. Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў
і вярнулася ў дом Свой. - 57. А Елісавеце настаў час радзіць,
і яна нарадзіла сына. - 58. І пачулі суседзі і сваякі яе,
што прымножыў Гасподзь міласць Сваю да яе
і радаваліся з ёю. - 59. І сталася: у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця,
і хацелі назваць яго імем бацькі яго, Захарыем. - 60. І, адказваючы, маці яго сказала: не, а названы будзе Іаанам.
- 61. І сказалі ёй: няма нікога ў радні тваёй,
хто б зваўся гэтым імем. - 62. І знакамі пыталіся ў бацькі яго,
як бы ён хацеў, каб назвалі яго. - 63. І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў: Іаан будзе імя яму.
І здзівіліся ўсе. - 64. І адразу адкрыліся вусны яго і язык яго,
і ён стаў гаварыць, благаслаўляючы Бога. - 65. І быў страх ва ўсіх, хто жыў вакол іх;
і па ўсім горным краі Іудзейскім расказвалі пра ўсё гэта. - 66. І ўсе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрцы сваім,
кажучы: што будзе з дзіцяці гэтага?
І рука Гасподня была з ім. - 67. І Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым
і прарочыў, кажучы: - 68. благаславёны Гасподзь Бог Ізраілеў,
што наведаў народ Свой і выкупіў яго; - 69. і ўзняў нам рог збаўлення ў доме Давіда, слугі Свайго,
- 70. як сказаў вуснамі святых Сваіх прарокаў адвеку,
- 71. што збавіць нас ад ворагаў нашых
і ад рукі ўсіх, хто ненавідзіць нас; - 72. каб зрабіць міласць бацькам нашым і ўспомніць запавет Свой святы,
- 73. клятву, якой кляўся Ён Аўрааму, бацьку нашаму, каб даць нам,
- 74. вызваленым ад рукі ворагаў нашых, без боязі
- 75. служыць Яму ў святасці і праведнасці перад Ім
ва ўсе дні жыцця нашага. - 76. І ты, дзіця, прарокам Усявышняга будзеш названа,
бо ты будзеш ісці перад абліччам Госпада,
каб падрыхтаваць шляхі Яму, - 77. даць народу Яго спазнаць збаўленне ў адпушчэнні грахоў,
- 78. па сардэчнай міласці Бога нашага,
якою наведаў нас Усход з вышыні, - 79. каб асвятліць тых, што сядзяць у цемры і цені смерці,
скіраваць ногі нашы на шлях міру. - 80. Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам;
і было ў пустынях да дня з‘яўлення свайго Ізраілю.
Ничего нет для сопоставления.