Глава 5

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І сталася:
    калі народ ціснуўся да Яго, каб пачуць слова Божае,
    а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага;
  • 2. убачыў Ён дзве лодкі, што стаялі пры возеры;
    а рыбакі, выйшаўшы з іх, прамывалі мярэжы.
  • 3. Увайшоўшы ў адну з лодак, якая належала Сіману,
    Ён прасіў яго адплыць крыху ад берага;
    і, сеўшы, з лодкі вучыў народ.
  • 4. А калі скончыў гаварыць, сказаў Сіману:
    адплыві на глыбіню, і закіньце мярэжы вашы для лову.
  • 5. І сказаў Сіман у адказ Яму:
    Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі,
    але па слову Твайму закіну мярэжу.
  • 6. І зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы,
    нават мярэжа іх прарывалася.
  • 7. І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы,
    каб прыйшлі памагчы ім;
    і тыя прыйшлі,
    і напоўнілі абедзве лодкі, так што яны пачыналі тануць.
  • 8. Убачыўшы ж гэта, Сіман Пётр прыпаў да каленяў Іісусавых
    і сказаў: выйдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзі.
  • 9. Таму што жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім,
    ад такога ўлову рыбы, выцягнутай імі;
  • 10. а таксама Іакава і Іаана, сыноў Зевядзеевых,
    што былі таварышамі Сімана.
    І сказаў Сіману Іісус: не бойся,
    з гэтага часу будзеш лавіць людзей.
  • 11. І, выцягнуўшы лодкі на бераг,
    яны пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім.
  • 12. І сталася: калі быў Іісус у адным з гарадоў,
    вось чалавек, увесь у праказе,
    убачыўшы Іісуса, упаў ніц, молячы Яго
    і кажучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачысціць.
  • 13. І, працягнуўшы руку, Іісус дакрануўся да яго
    і сказаў: хачу, ачысціся.
    І адразу праказа сышла з яго.
  • 14. І Ён загадаў яму нікому не расказваць:
    але ідзі, пакажыся святару
    і прынясі ахвяру за ачышчэнне тваё,
    як загадаў Маісей, дзеля сведчання ім.
  • 15. Але ўсё болей разыходзіліся чуткі пра Яго;
    і збіралася мноства народу
    слухаць і ацаляцца ў Яго ад немачаў сваіх.
  • 16. Ён жа адыходзіў у пустэльныя месцы і маліўся.
  • 17. І сталася аднаго дня: Ён вучыў;
    і сядзелі фарысеі і законавучыцелі,
    якія прыйшлі з усіх вёсак Галілейскіх і Іудзейскіх і з Іерусаліма;
    і сіла Гасподня была, каб ацаляць іх;
  • 18. вось людзі прынеслі на пасцелі чалавека,
    які быў паралізаваны,
    і спрабавалі ўнесці яго і пакласці перад Іісусам;
  • 19. і, не знайшоўшы як пранесці яго з-за натоўпу,
    яны, падняўшыся на дах,
    праз чарапіцу апусцілі яго з пасцеллю
    на сярэдзіну перад Іісусам.
  • 20. І Ён, убачыўшы веру іх,
    сказаў яму: чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае.
  • 21. І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі,
    гаворачы: хто гэта такі, што Бога зневажае?
    хто можа адпускаць грахі акрамя аднаго Бога?
  • 22. Іісус жа, зразумеўшы помыслы іх,
    сказаў ім у адказ: што разважаеце ў сэрцах вашых?
  • 23. што лягчэй — сказаць: "адпускаюцца табе грахі твае"
    ці сказаць: "устань і хадзі"?
  • 24. Але каб вы ведалі,
    што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, —
    Ён сказаў паралізаванаму: табе кажу:
    устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
  • 25. І адразу ўстаўшы перад імі
    і ўзяўшы тое, на чым ляжаў,
    ён пайшоў у дом свой, славячы Бога.
  • 26. І жах ахапіў усіх,
    і славілі Бога,
    і, перапоўненыя страхам,
    гаварылі: дзіўнае бачылі мы сёння.
  • 27. І пасля гэтага Іісус выйшаў
    і ўбачыў мытніка імем Левій,
    які сядзеў на мытні,
    і сказаў яму: ідзі ўслед за Мною.
  • 28. І, пакінуўшы ўсё,
    той устаў і пайшоў услед за Ім.
  • 29. І зрабіў Левій для Яго вялікі пачастунак у доме сваім,
    і было там мноства мытнікаў
    і іншых, якія з імі ўзляжалі.
  • 30. І наракалі кніжнікі іхнія і фарысеі на вучняў Яго,
    кажучы: навошта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясце і п‘яце?
  • 31. І ў адказ Іісус сказаў ім:
    не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
  • 32. Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў,
    а грэшнікаў да пакаяння.
  • 33. Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Іаанавы
    посцяцца часта і малітвы дзеюць,
    гэтаксама і фарысейскія,
    а Твае ядуць і п‘юць?
  • 34. Ён жа сказаў ім:
    хіба можаце вы прымусіць пасціць сыноў харомаў вясельных,
    калі з імі жаніх?
  • 35. Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх жаніх,
    тады будуць пасціць у тыя дні.
  • 36. Сказаў жа і прытчу ім:
    ніхто латкі з адзежыны новай не прыстаўляе да адзежыны старой;
    інакш і новую разарве, і да старой не падыдзе латка ад новай.
  • 37. І ніхто не ўлівае віно маладое ў мяхі старыя;
    інакш прарве маладое віно мяхі,
    і само выцеча,
    і мяхі прападуць;
  • 38. а віно маладое ў мяхі новыя ўліваць трэба:
    і зберагаецца тое і другое.
  • 39. І ніхто, піўшы старое, не захоча адразу маладога,
    бо кажа: старое лепшае.
Ничего нет для сопоставления.