Глава 9

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Склікаўшы ж дванаццаць,
    Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі,
    і ацаляць ад хвароб;
  • 2. і паслаў іх прапаведаваць Царства Божае
    і ацаляць хворых.
  • 3. І сказаў ім: нічога не бярыце ў дарогу:
    ні посаха, ні торбы,
    ні хлеба, ні срэбра,
    і не майце па дзве вопраткі;
  • 4. і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся
    і адтуль выпраўляйцеся далей;
  • 5. а калі хто не прыме вас,
    то, выходзячы з горада таго,
    абтрасіце пыл з ног вашых
    у сведчанне на іх.
  • 6. І, пайшоўшы, яны праходзілі па селішчах,
    дабравесцячы і ацаляючы ўсюды.
  • 7. І пачуў Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Іісус,
    і недаўмяваў, бо некаторыя казалі,
    што Іаан паўстаў з мёртвых,
  • 8. а некаторыя, што Ісаія явіўся,
    а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрэс.
  • 9. І сказаў Ірад: Іаану я адсек галаву;
    хто ж Гэты, пра Каго я чую такое?
    І імкнуўся ўбачыць Яго.
  • 10. І, вярнуўшыся,
    апосталы расказалі Яму, што зрабілі;
    і ўзяўшы іх, пайшоў асобна ў пустэльнае месца
    каля горада, які называўся Віфсаіда.
  • 11. Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім;
    і Ён, прыняўшы іх, гаварыў ім пра Царства Божае,
    і тых, хто меў патрэбу ў ацаленні, ацаляў.
  • 12. Дзень жа пачаў хіліцца да вечара.
    І, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму:
    адпусці людзей,
    каб пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі
    і знайшлі прытулак і ежу,
    бо мы тут у пустэльным месцы.
  • 13. Але Ён сказаў ім: вы ім дайце есці.
    Яны ж сказалі: няма ў нас больш нічога,
    акрамя пяці хлябоў і дзвюх рыбін,
    хіба што пайсці нам купіць ежы для ўсіх гэтых людзей.
  • 14. Бо іх было каля пяці тысяч мужчын.
    Але Ён сказаў вучням Сваім:
    рассадзіце іх групамі па пяцьдзесят.
  • 15. І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
  • 16. Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны,
    і ўзвёўшы вочы на неба, благаславіў іх
    і пераламіў, і даваў вучням, каб разнеслі народу.
  • 17. І елі,
    і насыціліся ўсе;
    і сабрана было ў іх рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў.
  • 18. І сталася: калі Ён маліўся ў адзіноце,
    з Ім былі вучні,
    і Ён спытаўся ў іх: за каго Мяне прымае народ?
  • 19. Яны ж сказалі ў адказ: за Іаана Хрысціцеля,
    іншыя ж за Ілію,
    а іншыя кажуць, што нехта са старажытных прарокаў уваскрэс.
  • 20. Ён жа сказаў ім: а вы за каго прымаеце Мяне?
    І ў адказ Пётр сказаў: за Хрыста Божага.
  • 21. Але Ён, забараняючы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,
  • 22. сказаўшы, што Сыну Чалавечаму належыць многа адпакутаваць,
    і быць адрынутым старэйшынамі і першасвятарамі, і кніжнікамі,
    і быць забітым,
    і на трэці дзень уваскрэснуць.
  • 23. А да ўсіх казаў:
    хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе
    і возьме крыж свой штодня
    і ідзе ўслед за Мною.
  • 24. Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той загубіць яе;
    а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той уратуе яе.
  • 25. Бо якую карысць мае чалавек, здабыўшы ўвесь свет,
    а сябе загубіўшы ці сабе пашкодзіўшы?
  • 26. Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў,
    таго Сын Чалавечы пасаромеецца,
    калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айца, і святых Ангелаў.
  • 27. Кажу вам па праўдзе: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя,
    якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага.
  • 28. І сталася пасля гэтых слоў дзён праз восем:
    узяўшы Пятра, Іаана і Іакава, узышоў Ён на гару памаліцца.
  • 29. І калі маліўся, выгляд твару Яго стаў іншым,
    і ўбранне Яго стала белым і зіхатлівым.
  • 30. І вось, два мужы размаўлялі з Ім,
    гэта былі Маісей і Ілія;
  • 31. явіўшыся ў славе, яны гаварылі пра адыход Яго,
    які Ён меў здзейсніць у Іерусаліме.
  • 32. А Пятра і тых, што былі з ім, змарыў сон;
    прабудзіўшыся ж, яны ўбачылі славу Яго,
    і двух мужоў, што стаялі з Ім.
  • 33. І сталася:
    калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр да Іісуса:
    Настаўнік! добра нам тут быць;
    і зробім тры шатры:
    адзін Табе і адзін Маісею, і адзін Іліі, —
    не ведаючы, што кажа.
  • 34. Калі ж ён гаварыў гэта,
    узнікла воблака і ахінула іх;
    і яны спалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.
  • 35. І быў з воблака голас,
    які гаварыў: гэта Сын Мой Узлюблены;
    Яго слухайце.
  • 36. І калі быў голас гэты, апынуўся Іісус адзін.
    І яны маўчалі,
    і нікому не расказалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
  • 37. І сталася на другі дзень: калі яны сышлі з гары,
    сустрэла Яго мноства народу.
  • 38. І вось, нейкі чалавек з натоўпу ўскрыкнуў, гаворачы: Настаўнік!
    малю Цябе, узглянь на сына майго;
    бо ён адзіны ў мяне;
  • 39. і вось, дух хапае яго,
    і ён раптам ускрыквае,
    і курчыць яго, так што ён пену пускае;
    і ледзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
  • 40. я прасіў вучняў Тваіх, каб выгналі яго,
    і яны не змаглі.
  • 41. Іісус жа сказаў у адказ:
    о, родзе бязверны і разбэшчаны!
    дакуль буду з вамі і буду цярпець вас?
    прывядзі сюды сына свайго.
  • 42. І калі той яшчэ падыходзіў,
    кінуў яго дэман і скурчыў.
    Але Іісус забараніў духу нячыстаму,
    і ацаліў хлопца,
    і аддаў яго бацьку яго.
  • 43. І ўсе дзівіліся велічы Божай.
    Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Іісус,
    Ён сказаў вучням Сваім:
  • 44. укладзіце вы ў вушы свае словы гэтыя:
    Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя.
  • 45. Яны ж не разумелі слова гэтага,
    і было яно скрыта ад іх, так што яны не спасціглі яго;
    і баяліся яны спытацца ў Яго пра слова гэтае.
  • 46. І прыйшло ім на думку: хто быў бы з іх большы?
  • 47. Іісус жа, бачачы помысел сэрца іх,
    узяў дзіця, паставіў яго каля Сябе
  • 48. і сказаў ім:
    хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;
    а хто прыме Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;
    бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.
  • 49. Іаан жа сказаў у адказ: Настаўнік!
    мы бачылі некага, хто імем Тваім выганяў дэманаў,
    і забаранілі яму, бо ён не следуе за Табою з намі.
  • 50. І сказаў яму Іісус: не забараняйце;
    бо хто не супраць вас, той за вас.
  • 51. І сталася: калі набліжаліся дні ўзяцця Яго ў неба,
    Ён цвёрда вырашыў ісці ў Іерусалім.
  • 52. І паслаў вестуноў перад абліччам Сваім;
    і яны пайшлі і ўвайшлі ў паселішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;
  • 53. але там не прынялі Яго,
    таму што Ён ішоў у Іерусалім.
  • 54. Убачыўшы гэта, вучні Яго Іакаў і Іаан
    сказалі: Госпадзі!
    хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба
    і знішчыў іх, як і Ілія зрабіў?
  • 55. Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім,
    кажучы: не ведаеце, якога вы духа;
  • 56. бо Сын Чалавечы прыйшоў
    не загубіць душы чалавечыя, але ўратаваць.
    І пайшлі ў другое паселішча.
  • 57. І сталася: калі яны былі ў дарозе,
    сказаў нехта Яму: я пайду за Табою,
    куды б Ты не ішоў, Госпадзі!
  • 58. І сказаў яму Іісус: лісы маюць норы,
    і птушкі нябесныя — гнёзды,
    а Сын Чалавечы не мае дзе галаву прыхіліць.
  • 59. Другому ж сказаў: ідзі ўслед за Мною.
    А той сказаў: Госпадзі!
    дазволь мне пайсці і перш пахаваць бацьку майго.
  • 60. Але Іісус сказаў яму:
    пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых;
    а ты ідзі абвяшчай Царства Божае.
  • 61. І сказаў яшчэ адзін: я пайду за Табою, Госпадзі,
    але перш дазволь мне развітацца з тымі, хто ў доме маім.
  • 62. Іісус жа яму сказаў:
    ніхто з тых, хто кладзе руку сваю на плуг і азіраецца назад,
    не прыдатны для Царства Божага.
Ничего нет для сопоставления.