Глава 12

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Тым часам,
    калі сабраліся многія тысячы людзей,
    так што ціснулі адзін аднаго,
    Ён пачаў гаварыць найперш вучням Сваім:
    сцеражыцеся закваскі фарысейскай, гэта значыць крывадушнасці.
  • 2. Няма нічога схаванага, што не адкрыецца,
    і таемнага, што не стане вядомым;
  • 3. таму ўсё, што казалі вы ў цемры, пры святле пачута будзе;
    і што вы прамовілі на вуха ў пакоі, будзе абвешчана на дахах.
  • 4. Кажу ж вам, сябрам Маім:
    не бойцеся тых, што забіваюць цела
    і пасля гэтага нічога больш не могуць зрабіць;
  • 5. але ўкажу вам, каго баяцца:
    бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену;
    так, кажу вам, яго бойцеся.
  • 6. Ці не пяць вераб’ёў прадаюцца за два асарыі?
    і ніводзін з іх не забыты перад Богам.
  • 7. А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны.
    Таму не бойцеся: вы больш вартыя, чым мноства вераб’ёў.
  • 8. Гавару ж вам:
    кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі,
    таго і Сын Чалавечы вызнае перад Ангеламі Божымі;
  • 9. а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі,
    той адрынуты будзе перад Ангеламі Божымі.
  • 10. І кожнаму,
    хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе;
    а хто будзе зневажаць Духа Святога, таму не будзе даравана.
  • 11. Калі ж прывядуць вас у сінагогі і да начальства і да ўлад,
    не турбуйцеся, як ці што адказаць, альбо што гаварыць;
  • 12. бо Святы Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць.
  • 13. І сказаў Яму нехта з народу: Настаўнік!
    скажы брату майму, каб ён раздзяліў са мною спадчыну.
  • 14. Ён жа сказаў яму: чалавеча,
    хто Мяне паставіў судзіць або дзяліць вас?
  • 15. І сказаў ім:
    глядзіце, захоўвайце сябе ад хцівасці,
    бо нічыё жыццё не залежыць ад празмернай яго маёмасці.
  • 16. І расказаў ім прытчу, гаворачы:
    у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля.
  • 17. І ён разважаў, сам сабе кажучы: што мне рабіць?
    не маю куды сабраць свой ураджай.
  • 18. І сказаў: вось што зраблю:
    разбяру свірны мае і большыя збудую,
    і збяру туды ўсе плады свае і ўсё дабро сваё;
  • 19. і скажу душы сваёй:
    душа! маеш многа дабра, на многія гады складзенага —
    адпачывай, еш, пі, весяліся.
  • 20. А Бог сказаў яму: неразумны!
    у гэтую ноч душу тваю забяруць ад цябе;
    а тое, што ты назапасіў, каму дастанецца?
  • 21. Так бывае з тым, хто збірае скарбы для сябе,
    а не ў Бога багацее.
  • 22. І сказаў вучням Сваім: дзеля таго кажу вам:
    не турбуйцеся для душы вашай, што будзеце есці,
    ні для цела, у што апранецеся;
  • 23. душа больш значыць за ежу,
    а цела за адзенне.
  • 24. Паглядзіце на воранаў: яны не сеюць, не жнуць,
    не маюць ні каморы, ні свірна,
    і Бог корміць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак!
  • 25. І хто з вас, турбуючыся,
    можа падоўжыць свой век хоць на адзін локаць?
  • 26. Дык вось, калі і найменшага не можаце,
    чаго пра іншае турбуецеся?
  • 27. Паглядзіце на лілеі, як яны растуць:
    не працуюць, не прадуць;
    але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй
    так не апранаўся, як кожная з іх.
  • 28. Калі ж траву,
    якая сёння ў полі, а заўтра ў печ будзе ўкінутая,
    Бог убірае так,
    то тым болей вас, малаверы!
  • 29. І вы не шукайце, што вам есці, ці што піць,
    і не клапаціцеся,
  • 30. бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету;
    Айцец жа ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым;
  • 31. шукайце толькі Царства Божага,
    і гэта ўсё дадасца вам.
  • 32. Не бойся, малое стада!
    Бо Айцец ваш меў ласку даць вам Царства.
  • 33. Прадайце маёмасць вашую і раздайце як міласціну.
    Рыхтуйце сабе мяхі, якія не зношваюцца,
    скарб невычэрпны на нябёсах,
    куды злодзей не набліжаецца і дзе моль не знішчае;
  • 34. бо дзе скарб ваш, там і сэрца ваша будзе.
  • 35. Няхай будуць паясніцы вашыя падперазанымі і свяцільнікі запаленымі;
  • 36. а вы — падобнымі да людзей,
    што чакаюць гаспадара свайго, калі ён вернецца з вяселля,
    каб, як прыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.
  • 37. Блажэнныя рабы тыя,
    якіх, прыйшоўшы, гаспадар застане нядрэмнымі;
    праўду кажу вам: падперажэцца ён і пасадзіць іх за стол,
    і, падышоўшы, будзе прыслужваць ім.
  • 38. І калі прыйдзе ў другую варту,
    і калі ў трэцюю варту прыйдзе,
    і застане іх такімі, то блажэнныя рабы тыя.
  • 39. Вось што ведайце: калі б гаспадар дома ведаў,
    у які час прыйдзе злодзей, то не спаў бы
    і не дазволіў бы падкапаць дом свой.
  • 40. Будзьце ж і вы гатовыя,
    бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
  • 41. Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзі!
    нам прытчу гэтую гаворыш, ці ўсім?
  • 42. А Гасподзь сказаў:
    Хто ж ёсць верны домаўпраўнік і мудры,
    якога паставіць гаспадар над чэляддзю сваёю,
    каб даваў ім у свой час меру хлеба?
  • 43. Блажэнны раб той,
    якога гаспадар яго, прыйшоўшы, застане, што ён робіць так;
  • 44. праўду кажу вам,
    што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.
  • 45. Калі ж скажа раб той у сэрцы сваім:
    "не хутка гаспадар мой прыйдзе",
    і пачне біць слуг і служанак,
    есці і піць, і напівацца, —
  • 46. прыйдзе гаспадар раба таго
    ў дзень, у які ён не чакае,
    і ў гадзіну, якой ён не ведае,
    і рассячэ яго напалам,
    і вызначыць яму адзін лёс з нявернымі.
  • 47. Той раб,
    які ведаў волю гаспадара свайго
    і не падрыхтаваўся
    і не зрабіў па волі яго,
    будзе біты многа;
  • 48. а той,
    які не ведаў,
    але зрабіў нешта вартае пакарання,
    будзе біты мала.
    З кожнага, каму дадзена многа, многа будзе спагнана з яго,
    і каму даручана многае, большага будуць патрабаваць ад яго.
  • 49. Агонь прыйшоў Я звесці на зямлю,
    і як хачу Я, каб ён ужо загарэўся!
  • 50. Хрышчэннем маю Я быць ахрышчаны,
    і як Я тамлюся, пакуль гэта не здзейсніцца!
  • 51. Вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі?
    не, кажу вам, а хутчэй раздзяленне;
  • 52. бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць раздзеленыя:
    трое супраць двух і двое супраць трох;
  • 53. раздзеляцца: бацька супраць сына, і сын супраць бацькі;
    маці супраць дачкі, і дачка супраць маці;
    свякроў супраць нявесткі сваёй,
    і нявестка супраць свекрыві сваёй.
  • 54. Гаварыў Ён і народу:
    калі вы бачыце, што хмара падымаецца з захаду,
    адразу кажаце: "будзе дождж",
    і бывае так;
  • 55. і калі дзьме паўднёвы вецер,
    кажаце: "будзе спёка",
    і бывае.
  • 56. Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце,
    як жа часу гэтага не распазнаяце?
  • 57. Чаму ж вы і самі па сабе не судзіце, што правільнае?
  • 58. Бо калі ты ідзеш з праціўнікам сваім да начальніка,
    то па дарозе пастарайся пазбавіцца ад яго,
    каб ён не пацягнуў цябе да суддзі,
    а суддзя не аддаў цябе прыставу,
    а прыстаў не кінуў цябе ў цямніцу;
  • 59. кажу табе: не выйдзеш адтуль,
    пакуль не аддасі і апошняга гроша.
Ничего нет для сопоставления.