- 1. У пачатку было Слова,
і Слова было ў Бога,
і Богам было Слова. - 2. Яно было ў пачатку ў Бога;
- 3. усё праз Яго пачало быць,
і без Яго нішто не пачало быць, што пачало быць. - 4. У Ім было жыццё,
і жыццё было святлом для людзей; - 5. і святло ў цемры свеціць,
і цемра не агарнула яго. - 6. Быў чалавек, пасланы ад Бога;
імя яму Іаан; - 7. ён прыйшоў для сведчання,
каб сведчыць пра Святло,
каб усе ўверавалі праз яго. - 8. Ён не быў святлом,
але прыйшоў, каб сведчыць пра Святло; - 9. было Святло ісціннае,
Якое прасвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у свет; - 10. у свеце быў,
і свет праз Яго пачаў быць,
і свет Яго не пазнаў; - 11. да сваіх прыйшоў,
і свае Яго не прынялі. - 12. А тым, што прынялі Яго,
даў уладу стаць дзецьмі Божымі,
тым, што веруюць у імя Яго, - 13. якія не ад крыві,
і не ад жадання плоці,
і не ад жадання мужа,
а ад Бога нарадзіліся. - 14. І Слова стала плоццю,
і жыло сярод нас,
і мы бачылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага,
поўнага благадаці і ісціны. - 15. Іаан сведчыць пра Яго
і, ўсклікаючы, гаворыць: гэта быў Той,
пра Каго я сказаў: Той, Хто ідзе за мною, наперадзе мяне стаў,
бо раней за мяне быў; - 16. і ад паўнаты Яго мы ўсе прынялі і благадаць на благадаць;
- 17. бо закон праз Маісея дадзены,
а благадаць і ісціна праз Іісуса Хрыста сталіся. - 18. Бога ніхто не бачыў ніколі;
Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён явіў. - 19. І вось сведчанне Іаана,
калі Іудзеі паслалі з Іерусаліма святароў і левітаў,
каб спыталі яго: хто ты? - 20. І ён вызнаў і не адрокся;
і вызнаў: я не Хрыстос. - 21. І спыталі яго: дык што?
ты Ілія?
І ён сказаў: не.
Ты прарок?
І адказаў: не. - 22. Сказалі яму: хто ж ты?
каб даць адказ тым, хто паслаў нас;
што ты скажаш пра самога сябе? - 23. Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні:
выпрамце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісаія. - 24. А пасланыя былі з фарысеяў;
- 25. і яны пыталіся ў Яго і казалі Яму: чаго ж Ты хрысціш,
калі Ты не Хрыстос, ні Ілія, ні прарок? - 26. Адказаў ім Іаан, кажучы: я хрышчу вадою;
але сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце; - 27. гэта Той, Хто ідзе за мною, Які наперадзе мяне стаў,
у Якога я няварты развязаць рамень абутку Яго. - 28. Гэта было ў Віфавары за Іарданам,
дзе хрысціў Іаан. - 29. На другі дзень бачыць Іаан Iісуса, Які ідзе да яго,
i кажа: вось Агнец Божы,
што бярэ на Сябе грахі свету; - 30. гэта Той, пра Якога я сказаў:
"за мною ідзе Муж, Які наперадзе мяне стаў,
бо раней за мяне быў"; - 31. і я не ведаў Яго;
але, каб Ён быў яўлены Ізраілю,
дзеля гэтага прыйшоў я хрысціць вадою. - 32. I сведчыў Іаан,
кажучы: я бачыў Духа, Які сыходзіў як голуб з неба,
i Ён застаўся на Ім; - 33. і я не ведаў Яго;
але Той, Хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне:
"над Кім убачыш Духа, Які сыходзіць і застаецца на Ім,
Той i ёсць, што хрысціць Духам Святым"; - 34. і я бачыў i засведчыў,
што Ён — Сын Божы. - 35. На другі дзень зноў стаяў Іаан i двое з вучняў яго.
- 36. I, убачыўшы Іісуса, Які ішоў,
ён сказаў: вось Агнец Божы. - 37. І пачулі абодва вучні, як ён казаў гэта,
i пайшлі за Iісусам. - 38. Іісус жа, абярнуўшыся i ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім,
кажа ім: чаго вы шукаеце?
Яны сказалі Яму: Равві
(што азначае: Вучыцель),
дзе Ты жывеш? - 39. Ён кажа ім: ідзіце i ўбачыце.
Яны пайшлі i ўбачылі, дзе Ён жыве,
i прабылі ў Яго дзень той.
Было ж каля дзесятай гадзіны. - 40. Адзін з дваіх,
што пачулі ад Іаана пра Іісуса i пайшлі за Ім,
быў Андрэй, брат Сімана Пятра. - 41. Ён першы знаходзіць брата свайго Сімана
i кажа яму: мы знайшлі Месію
(што ў перакладзе азначае: Хрыстос). - 42. І прывёў яго да Іісуса.
Глянуўшы на яго, Іісус сказаў: ты Сіман, сын Іоны;
ты будзеш звацца Кіфа (што азначае: камень). - 43. На другі дзень захацеў Ён ісці ў Галілею;
i знаходзіць Філіпа і кажа яму: ідзі за Мною. - 44. Філіп жа быў з Віфсаіды,
з горада Андрэя i Пятра. - 45. Знаходзіць Фiлiп Нафанаіла i кажа яму:
мы знайшлі Таго, пра Kаго пiсалі Маісей у законе i прарокі,
Іісуса, Сына Іосіфавага, з Назарэта. - 46. І сказаў яму Нафанаіл: ці можа з Назарэта быць што добрае?
Філіп кажа яму: ідзі і паглядзі. - 47. Убачыў Іісус Нафанаіла, які ішоў да Яго, і кажа пра яго:
вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма крывадушнасці. - 48. Кажа Яму Нафанаіл: адкуль Ты мяне ведаеш?
У адказ Іісус сказаў яму: перш, чым паклікаў цябе Філіп,
калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе. - 49. Нафанаіл адказаў Яму: Равві!
Ты Сын Божы, Ты Цар Ізраілеў. - 50. У адказ Іісус сказаў яму: ты верыш,
бо Я сказаў табе: "Я бачыў цябе пад смакоўніцаю";
убачыш большае за гэта. - 51. I кажа яму: праўду, праўду кажу вам:
з гэтага часу ўбачыце неба раскрытае
i ангелаў Божых, што ўзыходзяць i сыходзяць да Сына Чалавечага.
Ничего нет для сопоставления.