- 1. Уява Ісаі, сына Амосавага, якую ён бачыў пра Юдэю і Ерусалім, у дні Азіі Ёатама, Ахаза, Эзэкіі - цароў Юдэйскіх.
- 2. Слухайце, нябёсы, і ўважай, зямля; бо гаворыць Гасподзь: Я выхаваў і ўзвысіў сыноў, а яны ўзбунтаваліся супраць Мяне.
- 3. Вол ведае гаспадара свайго, і асёл ясьлі гаспадара свайго; а Ізраіль ня знае Мяне, народ Мой не разумее.
- 4. О, народзе грэшны, народзе пад цяжкімі беззаконьнямі, ліхадзейскае племя, сыны пагібельныя! Пакінулі Госпада, заняхаілі Сьвятога Ізраілевага, - павярнуліся назад.
- 5. Па чым вас біць яшчэ, калі далей жывяце ва ўпартасьці? Уся галава ў струпах, і ўсё сэрца струхлела.
- 6. Ад ступкоў да цемені няма на ім месца здаровага; струпы, плямы, гнойныя раны, неабмытыя і неперавязаныя, і алеем неразьмякчаныя.
- 7. Зямля ваша спустошана; гарады вашыя агнём спалены; палі вашыя на вашых вачах паядаюць чужынцы; усё запусьцела, быццам пасьля руйнаваньня чужынскага.
- 8. І засталася дачка Сіёна, як намёт у вінаградніку, як будан у гародзе, як абложаны горад.
- 9. Калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам невялікае рэшты, дык мы былі б тое самае, што Садома, прыпадобніліся б да Гаморы.
- 10. Слухайце слова Гасподняе, князі Садомскія: уважай закону Бога нашага, народзе Гаморскі!
- 11. Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? кажа Гасподзь. Я перанасыціўся цэласпаленьнямі бараноў і тлушчам укормленага быдла; і крыві цялят, і ягнят, і казлоў не хачу.
- 12. Калі вы прыходзіце, каб зьявіцца перад аблічча Маё, хто патрабуе ад вас, каб вы тапталі падворкі Мае?
- 13. Не насеце болей дарункаў марнотных; дым кадзільны агідны Мне; навамесяцаў і суботаў, сходаў сьвяточных трываць не магу: беззаконьне - і сьвяткаваньне!
- 14. Навамесяцы вашыя і сьвяты вашыя ненавідзіць душа Мая; яны цяжкія Мне; Мне цяжка іх несьці.
- 15. І калі вы працягваеце рукі вашыя, Я заплюшчваю ад вас Мае вочы; і калі памнажаеце вы малітвы свае, Я ня чую: вашыя рукі ў крыві.
- 16. Абмыйцеся, ачысьціцеся; адвядзеце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх; перастаньце рабіць зло;
- 17. навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву.
- 18. Тады прыйдзеце, і рассудзім, кажа Гасподзь. Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, - як сьнег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, - як воўну адбялю.
- 19. Калі захочаце і паслухаецеся, дык есьцімеце даброты зямлі.
- 20. Калі ж адмовіцеся і будзеце ўпарціцца, дык меч зжарэ вас: бо вусны Гасподнія маўляюць.
- 21. Як зрабілася блудадзейкаю верная сталіца, поўная правасудзьдзя! Праўда жыла ў ёй, а цяпер забойцы.
- 22. Срэбра тваё зрабілася шлакам, віно тваё сапсавана вадою.
- 23. Князі твае - законаадступнікі і пасобнікі злодзеяў; усе яны любяць дарункі і ўгоньваюцца за грашыма; не бароняць сіраты, і гора ўдавы ня абыходзіць ім.
- 24. Таму кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф, Моцны Ізраілеў: о, Я ўсьцешу Сябе над супраціўцамі Маімі і адпомшчу ворагам Маім!
- 25. І павярну на цябе руку Маю, і, як лугам, адчышчу зь цябе дамесак, і аддзялю ад цябе ўсё сьвінцовае
- 26. і пастаўляцьму судзьдзяў табе, як раней, і радцаў, як напачатку; тады будуць казаць пра цябе: "горад праўды, сталіца веры".
- 27. Сіён уратуецца правасудзьдзем, і навернутыя сыны яго - справядлівасьцю.
- 28. А ўсім адступнікам і грэшнікам - пагібель, і тыя, што пакінулі Госпада, вынішчацца.
- 29. Яны будуць пасаромленыя за дубровы, якіх вы так прагнулі, і брыдка ім будзе за сады, якія вам так панадныя.
- 30. Бо вы будзеце, як дуб, зь якога лісьце апала, і як сад, у якім няма вады.
- 31. І моцны будзе ашмоцьцем, і дзея ягоная - іскраю; і будуць паліцца разам, - і ніхто не патушыць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсая > Глава 1