- 1. Слова, якое было ва ўяве Ісаю, сыну Амосаваму, пра Юдэю і Ерусалім.
- 2. І будзе ў апошнія дні гара дома Гасподняга, будзе пастаўлена на чале гор, і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе народы.
- 3. І пойдуць многія народы, і скажуць: прыйдзеце, і ўзыйдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якаўлевага, і навучыць Ён нас Сваім шляхам; і хадзіцьмем па сьцежках Ягоных. Бо ад Сіёна выйдзе закон, і слова Гасподняе - зь Ерусаліма.
- 4. І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае - на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць.
- 5. О, доме Якава! Прыйдзеце, і будзем хадзіць у сьвятле Гасподнім.
- 6. Але Ты адкінуў народ Твой, доме Якава, бо яны шмат перанялі ад усходу: і чарадзеі ў іх, як у Філістымлянаў, і з сынамі чужымі яны ў згодзе.
- 7. І напоўнілася зямля яго срэбрам і золатам, і ліку няма скарбам ягоным; і напоўнілася зямля яго конямі, і ліку няма калясьніцам ягоным;
- 8. і напоўнілася зямля ягоная ідаламі; яны пакланяюцца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы іхнія.
- 9. І пакланіўся чалавек, і прынізіўся мужчына; і Ты не даруеш ім.
- 10. Ідзі ў скалу, і схавайся ў зямлю ад страху Госпада і ад славы велічы Ягонай.
- 11. Панікнуць гордыя вочы чалавека, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.
- 12. Бо ідзе дзень Госпада Саваофа на ўсё ганарыстае і пыхлівае і на ўсё ўзьнесенае, - і яно будзе прыніжана,
- 13. і на ўсе кедры Ліванскія, высокія і выносныя, і на ўсе дубы Васанскія,
- 14. і на ўсе высокія горы, і на ўсе пагоркі, якія ўзвышаюцца,
- 15. і на ўсякую вежу высокую, і на ўсякі моцны мур,
- 16. і на ўсе караблі Тарсіскія, і на ўсе панадныя акрасы іхнія.
- 17. І ўпадзе чалавечая веліч, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.
- 18. І ідалы зьнікнуць зусім.
- 19. І ўвойдуць людзі ў расколіны скал і ў прорвы зямлі ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.
- 20. У той дзень чалавек кіне кратам і кажанам сваіх срэбраных і залатых сваіх ідалаў, якіх зрабіў сабе на пакланеньне ім,
- 21. каб увайсьці ў цясьніны скал і ў расколіны гор ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.
- 22. Перастаньце вы спадзявацца на чалавека, чыё дыханьне ў ноздрах у яго: бо што ён значыць?
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Iсая > Глава 2