Глава 6

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І давялося Яму ў суботу,
    першую па другім дні Пасхі,
    праходзіць пасевамі,
    і вучні Яго зрывалі каласы
    і елі, расціраючы рукамі.
  • 2. Некаторыя ж з фарысеяў сказалі ім:
    чаму вы робіце тое, што не дазволена рабіць па суботах?
  • 3. І сказаў ім Іісус у адказ:
    хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід,
    калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
  • 4. як увайшоў ён у дом Божы
    і ўзяў хлябы выстаўлення,
    якіх не дазволена было есці нікому, а толькі адным святарам,
    і еў, і даў тым, што з ім былі.
  • 5. І казаў ім: Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.
  • 6. Давялося і ў другую суботу ўвайсці Яму ў сінагогу і вучыць;
    і быў там чалавек, і правая рука ў яго была сухая.
  • 7. Кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім,
    ці не ацаліць Ён у суботу,
    каб знайсці абвінавачанне супраць Яго.
  • 8. Але Ён ведаў помыслы іх
    і сказаў чалавеку, які меў сухую руку:
    падыміся і стань пасярэдзіне.
    І той, падняўшыся, стаў.
  • 9. Іісус жа сказаў ім: спытаюся Я ў вас:
    што дазволена рабіць па суботах —
    дабро рабіць ці зло рабіць?
    душу ўратаваць ці загубіць?
    Яны ж маўчалі.
  • 10. І, паглядзеўшы на ўсіх іх,
    сказаў яму: працягні руку тваю.
    І ён зрабіў так,
    і стала рука яго здаровай, як другая.
  • 11. Яны ж перапоўніліся шаленствам
    і гаварылі між сабою, што ім рабіць з Іісусам.
  • 12. І сталася ў тыя дні: выйшаў Ён на гару памаліцца
    і правёў усю ноч у малітве да Бога.
  • 13. А калі настаў дзень,
    паклікаў вучняў Сваіх
    і выбраў з іх дванаццаць,
    якіх і назваў Апосталамі:
  • 14. Сімана, якога і назваў Пятром,
    і Андрэя, брата яго,
    Іакава і Іаана,
    Філіпа і Варфаламея,
  • 15. Матфея і Фаму,
    Іакава Алфеевага і Сімана, называнага Зілотам,
  • 16. Іуду Іакавага
    і Іуду Іскарыёта, які і стаў прадажнікам.
  • 17. І, спусціўшыся з імі, стаў Ён на роўным месцы
    і многа вучняў Яго
    і вялікае мноства людзей з усёй Іудзеі і Іерусаліма,
    і ўзбярэжжа Тырскага і Сідонскага,
  • 18. што прыйшлі паслухаць Яго
    і ацаліцца ад хвароб сваіх,
    таксама і тыя, што пакутавалі ад духаў нячыстых;
    і ацаляліся.
  • 19. І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго,
    бо сіла ад Яго сыходзіла
    і ацаляла ўсіх.
  • 20. І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў:
    блажэнныя ўбогія духам, бо ваша ёсць Царства Божае.
  • 21. Блажэнныя галодныя цяпер, бо насыціцеся.
    Блажэнныя, хто плача цяпер, бо засмеяцеся.
  • 22. Блажэнныя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі
    і калі адлучаць вас, і зганьбяць,
    і выкінуць імя ваша як зло,
    за Сына Чалавечага.
  • 23. Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесяліцеся,
    бо вось узнагарода ваша вялікая на небе.
    Таму што гэтак рабілі прарокам бацькі іх.
  • 24. Але гора вам, багатыя,
    бо вы ўжо атрымліваеце ўцеху вашу.
  • 25. Гора вам, перасычаныя цяпер, бо голад зазнаеце.
    Гора вам, хто смяецца цяпер, бо засмуткуеце і заплачаце.
  • 26. Гора вам, калі добра будуць гаварыць пра вас усе людзі.
    Бо так рабілі лжэпрарокам бацькі іх.
  • 27. А вам, хто слухае, кажу:
    любіце ворагаў вашых,
    дабро рабіце тым, што ненавідзяць вас,
  • 28. благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас,
    і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас.
  • 29. Таму, хто б’е цябе па шчацэ, падстаў і другую;
    а таму, хто забірае ў цябе вопратку,
    не перашкаджай узяць і сарочку.
  • 30. Кожнаму, хто просіць у цябе, дай;
    і ў таго, хто забірае тваё, не патрабуй назад.
  • 31. І як вы хочаце, каб рабілі вам людзі,
    так і вы ім рабіце.
  • 32. А калі вы любіце тых, што любяць вас,
    якая вам за гэта падзяка?
    бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
  • 33. І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро,
    якая вам за гэта падзяка?
    бо і грэшнікі тое самае робяць.
  • 34. І калі пазычаеце тым,
    ад каго спадзеяцеся атрымаць назад,
    якая вам за гэта падзяка?
    бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам,
    каб атрымаць назад столькі ж.
  • 35. Але вы любіце ворагаў вашых,
    і дабро рабіце,
    і пазычайце, ні на што не спадзеючыся;
    і будзе ўзнагарода ваша вялікай,
    і будзеце сынамі Ўсявышняга;
    бо Ён добры і да няўдзячных і злых.
  • 36. Дык вось, будзьце міласэрныя,
    як і Айцец ваш міласэрны.
  • 37. Не судзіце, і вас не будуць судзіць;
    і не асуджайце, і не будзеце асуджаны;
    прабачайце і вам прабачаць;
  • 38. давайце, і вам будзе дадзена:
    меру добрую, шчыльна накладзеную,
    утрэсеную, перапоўненую дадуць вам у прыпол;
    бо якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца.
  • 39. Сказаў ім таксама прытчу:
    хіба можа сляпы сляпога вадзіць?
    ці не абодва ў яму ўпадуць?
  • 40. Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго,
    але, удасканаліўшыся,
    кожны будзе, як настаўнік яго.
  • 41. Што ж ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго,
    а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
  • 42. Альбо, як можаш казаць брату твайму:
    браце, дай, я выму парушынку з вока твайго, —
    калі сам бервяна ў воку тваім не бачыш.
    Крывадушнік, вымі перш бервяно з твайго вока,
    і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
  • 43. Бо няма добрага дрэва, якое б радзіла кепскі плод,
    няма і кепскага дрэва, якое б радзіла добры плод.
  • 44. Бо ўсякае дрэва па сваім плодзе пазнаецца:
    бо з калючых кустоў не збіраюць смокваў
    і з цярноўніку не здымаюць вінаграду.
  • 45. Добры чалавек з добрай скарбніцы сэрца свайго выносіць добрае,
    а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы сэрца свайго выносіць ліхое;
    бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны яго.
  • 46. Што ж клічаце Мяне: "Госпадзі, Госпадзі!",
    а не робіце таго, што Я кажу?
  • 47. Кожны, хто прыходзіць да Мяне
    і слухае словы Мае і выконвае іх,
    пакажу вам, да каго падобны.
  • 48. Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом,
    капаў і паглыбіўся і заклаў падмурак на камені;
    калі ж здарылася разводдзе,
    нахлынула рака на дом той
    і не змагла пахіснуць яго,
    бо ён быў закладзены на камені.
  • 49. А хто пачуў і не выканаў, той падобны да чалавека,
    які збудаваў дом на зямлі без падмурка;
    калі ж нахлынула на яго рака,
    адразу ён абваліўся
    і было разбурэнне дома таго вялікае.
Ничего нет для сопоставления.