- 1. І давялося Яму ў суботу,
першую па другім дні Пасхі,
праходзіць пасевамі,
і вучні Яго зрывалі каласы
і елі, расціраючы рукамі. - 2. Некаторыя ж з фарысеяў сказалі ім:
чаму вы робіце тое, што не дазволена рабіць па суботах? - 3. І сказаў ім Іісус у адказ:
хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід,
калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім? - 4. як увайшоў ён у дом Божы
і ўзяў хлябы выстаўлення,
якіх не дазволена было есці нікому, а толькі адным святарам,
і еў, і даў тым, што з ім былі. - 5. І казаў ім: Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.
- 6. Давялося і ў другую суботу ўвайсці Яму ў сінагогу і вучыць;
і быў там чалавек, і правая рука ў яго была сухая. - 7. Кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім,
ці не ацаліць Ён у суботу,
каб знайсці абвінавачанне супраць Яго. - 8. Але Ён ведаў помыслы іх
і сказаў чалавеку, які меў сухую руку:
падыміся і стань пасярэдзіне.
І той, падняўшыся, стаў. - 9. Іісус жа сказаў ім: спытаюся Я ў вас:
што дазволена рабіць па суботах —
дабро рабіць ці зло рабіць?
душу ўратаваць ці загубіць?
Яны ж маўчалі. - 10. І, паглядзеўшы на ўсіх іх,
сказаў яму: працягні руку тваю.
І ён зрабіў так,
і стала рука яго здаровай, як другая. - 11. Яны ж перапоўніліся шаленствам
і гаварылі між сабою, што ім рабіць з Іісусам. - 12. І сталася ў тыя дні: выйшаў Ён на гару памаліцца
і правёў усю ноч у малітве да Бога. - 13. А калі настаў дзень,
паклікаў вучняў Сваіх
і выбраў з іх дванаццаць,
якіх і назваў Апосталамі: - 14. Сімана, якога і назваў Пятром,
і Андрэя, брата яго,
Іакава і Іаана,
Філіпа і Варфаламея, - 15. Матфея і Фаму,
Іакава Алфеевага і Сімана, называнага Зілотам, - 16. Іуду Іакавага
і Іуду Іскарыёта, які і стаў прадажнікам. - 17. І, спусціўшыся з імі, стаў Ён на роўным месцы
і многа вучняў Яго
і вялікае мноства людзей з усёй Іудзеі і Іерусаліма,
і ўзбярэжжа Тырскага і Сідонскага, - 18. што прыйшлі паслухаць Яго
і ацаліцца ад хвароб сваіх,
таксама і тыя, што пакутавалі ад духаў нячыстых;
і ацаляліся. - 19. І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго,
бо сіла ад Яго сыходзіла
і ацаляла ўсіх. - 20. І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў:
блажэнныя ўбогія духам, бо ваша ёсць Царства Божае. - 21. Блажэнныя галодныя цяпер, бо насыціцеся.
Блажэнныя, хто плача цяпер, бо засмеяцеся. - 22. Блажэнныя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі
і калі адлучаць вас, і зганьбяць,
і выкінуць імя ваша як зло,
за Сына Чалавечага. - 23. Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесяліцеся,
бо вось узнагарода ваша вялікая на небе.
Таму што гэтак рабілі прарокам бацькі іх. - 24. Але гора вам, багатыя,
бо вы ўжо атрымліваеце ўцеху вашу. - 25. Гора вам, перасычаныя цяпер, бо голад зазнаеце.
Гора вам, хто смяецца цяпер, бо засмуткуеце і заплачаце. - 26. Гора вам, калі добра будуць гаварыць пра вас усе людзі.
Бо так рабілі лжэпрарокам бацькі іх. - 27. А вам, хто слухае, кажу:
любіце ворагаў вашых,
дабро рабіце тым, што ненавідзяць вас, - 28. благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас,
і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас. - 29. Таму, хто б’е цябе па шчацэ, падстаў і другую;
а таму, хто забірае ў цябе вопратку,
не перашкаджай узяць і сарочку. - 30. Кожнаму, хто просіць у цябе, дай;
і ў таго, хто забірае тваё, не патрабуй назад. - 31. І як вы хочаце, каб рабілі вам людзі,
так і вы ім рабіце. - 32. А калі вы любіце тых, што любяць вас,
якая вам за гэта падзяка?
бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць. - 33. І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро,
якая вам за гэта падзяка?
бо і грэшнікі тое самае робяць. - 34. І калі пазычаеце тым,
ад каго спадзеяцеся атрымаць назад,
якая вам за гэта падзяка?
бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам,
каб атрымаць назад столькі ж. - 35. Але вы любіце ворагаў вашых,
і дабро рабіце,
і пазычайце, ні на што не спадзеючыся;
і будзе ўзнагарода ваша вялікай,
і будзеце сынамі Ўсявышняга;
бо Ён добры і да няўдзячных і злых. - 36. Дык вось, будзьце міласэрныя,
як і Айцец ваш міласэрны. - 37. Не судзіце, і вас не будуць судзіць;
і не асуджайце, і не будзеце асуджаны;
прабачайце і вам прабачаць; - 38. давайце, і вам будзе дадзена:
меру добрую, шчыльна накладзеную,
утрэсеную, перапоўненую дадуць вам у прыпол;
бо якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца. - 39. Сказаў ім таксама прытчу:
хіба можа сляпы сляпога вадзіць?
ці не абодва ў яму ўпадуць? - 40. Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго,
але, удасканаліўшыся,
кожны будзе, як настаўнік яго. - 41. Што ж ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго,
а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? - 42. Альбо, як можаш казаць брату твайму:
браце, дай, я выму парушынку з вока твайго, —
калі сам бервяна ў воку тваім не бачыш.
Крывадушнік, вымі перш бервяно з твайго вока,
і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго. - 43. Бо няма добрага дрэва, якое б радзіла кепскі плод,
няма і кепскага дрэва, якое б радзіла добры плод. - 44. Бо ўсякае дрэва па сваім плодзе пазнаецца:
бо з калючых кустоў не збіраюць смокваў
і з цярноўніку не здымаюць вінаграду. - 45. Добры чалавек з добрай скарбніцы сэрца свайго выносіць добрае,
а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы сэрца свайго выносіць ліхое;
бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны яго. - 46. Што ж клічаце Мяне: "Госпадзі, Госпадзі!",
а не робіце таго, што Я кажу? - 47. Кожны, хто прыходзіць да Мяне
і слухае словы Мае і выконвае іх,
пакажу вам, да каго падобны. - 48. Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом,
капаў і паглыбіўся і заклаў падмурак на камені;
калі ж здарылася разводдзе,
нахлынула рака на дом той
і не змагла пахіснуць яго,
бо ён быў закладзены на камені. - 49. А хто пачуў і не выканаў, той падобны да чалавека,
які збудаваў дом на зямлі без падмурка;
калі ж нахлынула на яго рака,
адразу ён абваліўся
і было разбурэнне дома таго вялікае.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Лукi > Глава 6