Глава 15

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі,
    каб слухаць Яго.
  • 2. І наракалі фарысеі і кніжнікі,
    кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.
  • 3. А Ён сказаў ім такую прытчу, гаворачы:
  • 4. хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх,
    не пакідае дзевяноста дзевяці ў пустыні
    і не ідзе па тую, што згубілася, пакуль не знойдзе яе?
  • 5. І, знайшоўшы, ускладае на плечы свае, радуючыся;
  • 6. і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў,
    кажучы ім: парадуйцеся са мною,
    бо я знайшоў сваю згубленую авечку.
  • 7. Кажу вам, што гэтак большая радасць будзе на небе
    за аднаго грэшніка, які каецца,
    чым за дзевяноста дзевяць праведнікаў,
    якія не маюць патрэбы ў пакаянні.
  • 8. Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў,
    калі згубіць адну драхму,
    не запальвае свяцільнік і не мяце хату,
    і не шукае старанна, пакуль не знойдзе?
  • 9. І, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак,
    кажучы: парадуйцеся са мною,
    бо я знайшла згубленую драхму.
  • 10. Так, кажу вам,
    бывае радасць у Ангелаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.
  • 11. І Ён сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
  • 12. і сказаў малодшы з іх бацьку:
    бацька, дай мне належную частку маёмасці.
    І той падзяліў ім маёмасць.
  • 13. І праз некалькі дзён,
    сабраўшы ўсё, малодшы сын адышоў у далёкую краіну
    і там растраціў маёмасць сваю, жывучы распусна.
  • 14. Калі ж ён патраціў усё,
    настаў голад вялікі ў той краіне,
    і ён пачаў цярпець нястачу;
  • 15. і, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з жыхароў той краіны,
    а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней;
  • 16. і ён жадаў напоўніць жывот свой ражкамі,
    якія елі свінні,
    але ніхто не даваў яму.
  • 17. І, прыйшоўшы да розуму, сказаў:
    колькі наймітаў у бацькі майго маюць хлеба ўдосталь,
    а я з голаду гіну;
  • 18. устану, пайду да бацькі майго
    і скажу яму: бацька, я саграшыў супраць неба і перад табою,
  • 19. і ўжо не варты называцца сынам тваім;
    прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх.
  • 20. І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго.
    І калі ён яшчэ быў далёка,
    убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся;
    і, пабегшы, кінуўся на шыю яму і пацалаваў яго.
  • 21. Сын жа сказаў яму:
    бацька, я саграшыў супраць неба і перад табою
    і ўжо не варты называцца сынам тваім.
  • 22. А бацька сказаў рабам сваім:
    прынясіце найлепшае адзенне і апраніце яго,
    і дайце персцень на руку яго і абутак на ногі;
  • 23. і прывядзіце ўкормленае цяля і зарэжце,
    будзем есці і весяліцца,
  • 24. бо сын мой гэты быў мёртвы і ажыў,
    прападаў і знайшоўся.
    І пачалі весяліцца.
  • 25. А яго старэйшы сын быў на полі;
    і калі, вяртаючыся, наблізіўся да дому,
    пачуў музыку і танцы,
  • 26. і, паклікаўшы аднаго са слуг,
    пытаўся: што гэта такое?
  • 27. Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў,
    і твой бацька зарэзаў укормленае цяля,
    бо здаровым яго спаткаў.
  • 28. І ён разгневаўся і не хацеў увайсці.
    Бацька ж яго выйшаў і прасіў яго.
  • 29. А ён сказаў бацьку ў адказ: вось,
    я столькі гадоў служу табе
    і ніколі загаду твайго не пераступіў,
    а ты мне ніколі не даў казляняці,
    каб я з сябрамі сваімі павесяліўся;
  • 30. а калі прыйшоў гэты сын твой,
    што праеў тваю маёмасць з блудніцамі,
    ты закалоў яму ўкормленае цяля.
  • 31. Ён жа сказаў яму: дзіця,
    ты заўсёды са мною, і ўсё маё — гэта тваё;
  • 32. а ўзвесяліцца і ўзрадавацца трэба было,
    што гэты брат твой мёртвы быў і ажыў,
    прападаў і знайшоўся.
Ничего нет для сопоставления.