- 1. Сказаў жа Ён ім і прытчу
пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам, - 2. кажучы: у адным горадзе быў нейкі суддзя,
які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. - 3. І была ў тым горадзе адна ўдава;
і яна прыходзіла да яго
і казала: абарані мяне ад праціўніка майго. - 4. А ён доўга не хацеў.
Потым жа сказаў сам сабе:
хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, - 5. але паколькі робіць мне клопат гэтая ўдава, абараню яе,
каб яна не прыходзіла бясконца і не дакучала мне. - 6. І сказаў Гасподзь: чуеце, што гаворыць суддзя няправедны?
- 7. А хіба Бог не стане на абарону выбраных Сваіх,
якія клічуць Яго дзень і ноч,
і будзе марудзіць у дачыненні да іх? - 8. Кажу вам, што Ён хутка стане на абарону іх.
Аднак, Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі? - 9. Сказаў жа і да некаторых,
што былі ўпэўнены ў сабе, быццам яны праведнікі,
а іншых прыніжалі,
такую прытчу: - 10. Два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца:
адзін фарысей, а другі мытнік. - 11. Фарысей, стаўшы, маліўся сам у сабе так:
Божа! дзякую Табе,
што я не такі, як іншыя людзі —
рабаўнікі, няправедныя, распуснікі,
або як гэты мытнік: - 12. пашчу два разы на тыдзень,
даю дзесяціну з усяго, што набываю. - 13. Мытнік жа, стоячы воддаль,
не смеў і вачэй узняць да неба,
а біў сябе ў грудзі, кажучы:
Божа! будзь міласцівы да мяне, грэшнага. - 14. Кажу вам,
што гэты пайшоў у дом свой больш апраўданы, чым той:
бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны,
а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны. - 15. Прыносілі да Яго і малых дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх;
убачыўшы гэта, вучні забаранялі ім. - 16. Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў:
пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім,
бо такіх ёсць Царства Божае; - 17. праўду кажу вам:
хто не прыме Царства Божага, як дзіця,
той не ўвойдзе ў яго. - 18. І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: Настаўнік добры!
што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае? - 19. Сказаў жа яму Іісус: што называеш Мяне добрым?
Ніхто не добры, толькі адзін Бог; - 20. ведаеш запаведзі:
"не пралюбадзейнічай,
не забівай,
не крадзі,
не сведчы лжыва,
шануй бацьку твайго і маці тваю". - 21. Ён жа сказаў: усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
- 22. Пачуўшы гэта,
Іісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе не хапае:
усё, што маеш, прадай і раздай убогім,
і мець будзеш скарб на небе,
і прыходзь, і ідзі за Мною. - 23. Ён жа, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся,
таму што быў вельмі багаты. - 24. Убачыўшы, што той моцна засмуціўся, Іісус сказаў:
як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае! - 25. Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка,
чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае. - 26. І сказалі тыя, што чулі: хто ж тады можа быць збаўлены?
- 27. Ён жа сказаў: немагчымае людзям магчыма Богу.
- 28. І сказаў Пётр: вось, мы ўсё пакінулі і пайшлі ўслед за Табою.
- 29. Ён жа сказаў ім: праўду кажу вам:
няма нікога, хто пакінуў дом, ці бацькоў,
ці братоў, ці сясцёр, ці жонку, ці дзяцей
дзеля Царства Божага, - 30. і не атрымае ў шмат разоў больш у час гэты,
а ў веку будучым жыцця вечнага. - 31. І, узяўшы дванаццаць вучняў,
сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Іерусалім,
і збудзецца ўсё напісанае прарокамі пра Сына Чалавечага: - 32. бо Ён выдадзены будзе язычнікам і абсмяяны,
і зняважаны, і апляваны, - 33. і пасля бічавання заб’юць Яго;
і на трэці дзень уваскрэсне. - 34. Але яны нічога з гэтага не зразумелі;
і было слова гэтае скрыта ад іх,
і яны не ўсведамлялі сказанага. - 35. І сталася: калі Ён набліжаўся да Іерыхона,
нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы; - 36. і пачуўшы, што міма праходзіць натоўп,
пытаўся: што гэта такое? - 37. Паведамілі яму, што Іісус Назаранін праходзіць.
- 38. І закрычаў ён, кажучы: Іісусе, Сыне Давідаў, памілуй мяне!
- 39. І тыя, што ішлі спераду, патрабавалі ад яго, каб замоўк,
але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне! - 40. Спыніўшыся, Іісус загадаў прывесці яго да Сябе.
Калі ж той наблізіўся да Яго, спытаў яго, - 41. кажучы: што хочаш, каб Я зрабіў табе?
Ён жа сказаў: Госпадзі! каб я стаў бачыць. - 42. Іісус сказаў яму: стань відушчым!
вера твая ўратавала цябе. - 43. І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, славячы Бога.
І ўсе людзі, пабачыўшы гэта, узнеслі хвалу Богу.
Ничего нет для сопоставления.