Глава 18

  • 1. Сказаў жа Ён ім і прытчу
    пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам,
  • 2. кажучы: у адным горадзе быў нейкі суддзя,
    які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
  • 3. І была ў тым горадзе адна ўдава;
    і яна прыходзіла да яго
    і казала: абарані мяне ад праціўніка майго.
  • 4. А ён доўга не хацеў.
    Потым жа сказаў сам сабе:
    хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
  • 5. але паколькі робіць мне клопат гэтая ўдава, абараню яе,
    каб яна не прыходзіла бясконца і не дакучала мне.
  • 6. І сказаў Гасподзь: чуеце, што гаворыць суддзя няправедны?
  • 7. А хіба Бог не стане на абарону выбраных Сваіх,
    якія клічуць Яго дзень і ноч,
    і будзе марудзіць у дачыненні да іх?
  • 8. Кажу вам, што Ён хутка стане на абарону іх.
    Аднак, Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
  • 9. Сказаў жа і да некаторых,
    што былі ўпэўнены ў сабе, быццам яны праведнікі,
    а іншых прыніжалі,
    такую прытчу:
  • 10. Два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца:
    адзін фарысей, а другі мытнік.
  • 11. Фарысей, стаўшы, маліўся сам у сабе так:
    Божа! дзякую Табе,
    што я не такі, як іншыя людзі —
    рабаўнікі, няправедныя, распуснікі,
    або як гэты мытнік:
  • 12. пашчу два разы на тыдзень,
    даю дзесяціну з усяго, што набываю.
  • 13. Мытнік жа, стоячы воддаль,
    не смеў і вачэй узняць да неба,
    а біў сябе ў грудзі, кажучы:
    Божа! будзь міласцівы да мяне, грэшнага.
  • 14. Кажу вам,
    што гэты пайшоў у дом свой больш апраўданы, чым той:
    бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны,
    а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
  • 15. Прыносілі да Яго і малых дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх;
    убачыўшы гэта, вучні забаранялі ім.
  • 16. Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў:
    пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім,
    бо такіх ёсць Царства Божае;
  • 17. праўду кажу вам:
    хто не прыме Царства Божага, як дзіця,
    той не ўвойдзе ў яго.
  • 18. І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: Настаўнік добры!
    што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
  • 19. Сказаў жа яму Іісус: што называеш Мяне добрым?
    Ніхто не добры, толькі адзін Бог;
  • 20. ведаеш запаведзі:
    "не пралюбадзейнічай,
    не забівай,
    не крадзі,
    не сведчы лжыва,
    шануй бацьку твайго і маці тваю".
  • 21. Ён жа сказаў: усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
  • 22. Пачуўшы гэта,
    Іісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе не хапае:
    усё, што маеш, прадай і раздай убогім,
    і мець будзеш скарб на небе,
    і прыходзь, і ідзі за Мною.
  • 23. Ён жа, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся,
    таму што быў вельмі багаты.
  • 24. Убачыўшы, што той моцна засмуціўся, Іісус сказаў:
    як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае!
  • 25. Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка,
    чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
  • 26. І сказалі тыя, што чулі: хто ж тады можа быць збаўлены?
  • 27. Ён жа сказаў: немагчымае людзям магчыма Богу.
  • 28. І сказаў Пётр: вось, мы ўсё пакінулі і пайшлі ўслед за Табою.
  • 29. Ён жа сказаў ім: праўду кажу вам:
    няма нікога, хто пакінуў дом, ці бацькоў,
    ці братоў, ці сясцёр, ці жонку, ці дзяцей
    дзеля Царства Божага,
  • 30. і не атрымае ў шмат разоў больш у час гэты,
    а ў веку будучым жыцця вечнага.
  • 31. І, узяўшы дванаццаць вучняў,
    сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Іерусалім,
    і збудзецца ўсё напісанае прарокамі пра Сына Чалавечага:
  • 32. бо Ён выдадзены будзе язычнікам і абсмяяны,
    і зняважаны, і апляваны,
  • 33. і пасля бічавання заб’юць Яго;
    і на трэці дзень уваскрэсне.
  • 34. Але яны нічога з гэтага не зразумелі;
    і было слова гэтае скрыта ад іх,
    і яны не ўсведамлялі сказанага.
  • 35. І сталася: калі Ён набліжаўся да Іерыхона,
    нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы;
  • 36. і пачуўшы, што міма праходзіць натоўп,
    пытаўся: што гэта такое?
  • 37. Паведамілі яму, што Іісус Назаранін праходзіць.
  • 38. І закрычаў ён, кажучы: Іісусе, Сыне Давідаў, памілуй мяне!
  • 39. І тыя, што ішлі спераду, патрабавалі ад яго, каб замоўк,
    але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
  • 40. Спыніўшыся, Іісус загадаў прывесці яго да Сябе.
    Калі ж той наблізіўся да Яго, спытаў яго,
  • 41. кажучы: што хочаш, каб Я зрабіў табе?
    Ён жа сказаў: Госпадзі! каб я стаў бачыць.
  • 42. Іісус сказаў яму: стань відушчым!
    вера твая ўратавала цябе.
  • 43. І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, славячы Бога.
    І ўсе людзі, пабачыўшы гэта, узнеслі хвалу Богу.