Глава 19

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І ўвайшоўшы, Ён праходзіў праз Іерыхон.
  • 2. І вось чалавек, званы імем Закхей,
    які быў начальнік мытнікаў і быў багаты,
  • 3. імкнуўся ўбачыць Іісуса, хто Ён,
    але не мог з-за натоўпу,
    таму што быў малы ростам;
  • 4. і, забегшы наперад, узлез на смакоўніцу,
    каб убачыць Яго,
    бо Ён павінен быў там праходзіць.
  • 5. І калі прыйшоў Іісус на гэтае месца,
    то, паглядзеўшы, убачыў яго
    і сказаў яму: Закхей! хутчэй злазь,
    бо сёння ў доме тваім належыць Мне быць.
  • 6. І той паспешна злез і прыняў Яго з радасцю.
  • 7. І ўсе, убачыўшы гэта, наракалі,
    кажучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён.
  • 8. Закхей жа, устаўшы, сказаў Госпаду:
    вось, палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убогім,
    і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш.
  • 9. Сказаў яму Іісус:
    сёння настала збаўленне дому гэтаму,
    таму што і ён — сын Аўраамаў.
  • 10. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і збавіць тое, што загінула.
  • 11. Калі ж яны слухалі гэта, Ён дадаў яшчэ прытчу,
    таму што быў блізка ад Іерусаліма,
    і яны думалі, што зараз жа Царства Божае мае явіцца.
  • 12. Дык сказаў Ён:
    Нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краіну,
    каб атрымаць сабе царства і вярнуцца;
  • 13. і, паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, ён даў ім дзесяць мін
    і сказаў ім: укладзіце ў справу, пакуль я вярнуся.
  • 14. Але яго грамадзяне ненавідзелі яго
    і паслалі ўслед за ім пасольства,
    кажучы: не хочам, каб ён царстваваў над намі.
  • 15. І сталася: калі ён вярнуўся, атрымаўшы царства,
    то сказаў паклікаць тых рабоў, якім даў срэбра,
    каб даведацца, хто што набыў.
  • 16. І прыйшоў першы, кажучы:
    гаспадар, міна твая прынесла дзесяць мін.
  • 17. І ён сказаў яму: добра, раб добры;
    за тое, што ў найменшым ты быў верны,
    будзь уладаром над дзесяццю гарадамі.
  • 18. І прыйшоў другі, кажучы:
    гаспадар, міна твая прынесла пяць мін.
  • 19. Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяццю гарадамі.
  • 20. І яшчэ адзін прыйшоў, кажучы:
    гаспадар, вось міна твая,
    якую я трымаў схаваную ў хустцы,
  • 21. таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі:
    бярэш, чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў.
  • 22. А той кажа яму:
    вуснамі тваімі буду судзіць цябе, ліхі раб:
    ты ведаў, што я чалавек жорсткі,
    які бярэ, чаго не клаў, і жне, чаго не сеяў;
  • 23. чаму ж ты не аддаў маё срэбра ў абарот,
    каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
  • 24. І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну
    і аддайце таму, хто мае дзесяць мін.
  • 25. І сказалі яму: гаспадар, ён жа мае дзесяць мін.
  • 26. Кажу вам, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена,
    а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае ён;
  • 27. а тых ворагаў жа маіх,
    якія не хацелі, каб я стаў царом над імі,
    прывядзіце сюды і пазабівайце перада мною.
  • 28. І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Іерусалім.
  • 29. І сталася: калі Ён наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі,
    да гары, што завецца Елеонскай,
    паслаў двух вучняў Сваіх,
  • 30. сказаўшы: ідзіце ў селішча, што насупраць;
    увайшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асляня,
    на якое ніколі ніхто з людзей не сядаў;
    адвяжыце яго і прывядзіце;
  • 31. і калі хто спытае ў вас: "навошта адвязваеце?",
    скажыце яму так: "яно патрэбна Госпаду".
  • 32. Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
  • 33. Калі ж яны адвязвалі асляня,
    гаспадары яго сказалі ім: нашто вы адвязваеце асляня?
  • 34. Яны сказалі: яно патрэбна Госпаду.
  • 35. І прывялі яго да Іісуса,
    і, накінуўшы вопратку сваю на асляня,
    пасадзілі на яго Іісуса.
  • 36. І калі Ён ехаў, людзі пасцілалі вопратку сваю на дарогу.
  • 37. А калі Ён набліжаўся ўжо да спуску з гары Елеонскай,
    усё мноства вучняў, радуючыся, пачало моцным голасам хваліць Бога
    за ўсе цуды, якія бачылі яны,
  • 38. кажучы: благаславёны Цар, Які прыходзіць у імя Гасподняе!
    мір на нябёсах і слава ў вышніх!
  • 39. І некаторыя фарысеі з натоўпу
    сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Сваім.
  • 40. А Ён прамовіў ім у адказ: кажу вам,
    што калі яны змоўкнуць, то камяні закрычаць.
  • 41. І, калі Ён наблізіўся,
    то, убачыўшы горад, заплакаў па ім,
  • 42. кажучы:
    калі б і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў,
    што трэба для міру твайго!
    але цяпер гэта скрыта ад вачэй тваіх;
  • 43. бо прыйдуць на цябе дні,
    і ўзвядуць ворагі твае вакол цябе вал,
    і акружаць цябе,
    і сціснуць цябе адусюль,
  • 44. і знішчаць цябе
    і дзяцей тваіх у табе,
    і не пакінуць каменя на камені ў табе
    за тое, што не разумеў ты часу наведання цябе.
  • 45. І, увайшоўшы ў храм,
    Ён пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім і куплялі,
  • 46. кажучы ім: напісана: "дом Мой — гэта дом малітвы",
    а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
  • 47. І Ён кожны дзень вучыў у храме.
    А першасвятары і кніжнікі шукалі, як загубіць Яго,
    таксама і першыя людзі ў народзе,
  • 48. і не знаходзілі, што зрабіць з Ім,
    бо ўвесь народ, слухаючы, абступаў Яго.
Ничего нет для сопоставления.