- 1. І ўвайшоўшы, Ён праходзіў праз Іерыхон.
- 2. І вось чалавек, званы імем Закхей,
які быў начальнік мытнікаў і быў багаты, - 3. імкнуўся ўбачыць Іісуса, хто Ён,
але не мог з-за натоўпу,
таму што быў малы ростам; - 4. і, забегшы наперад, узлез на смакоўніцу,
каб убачыць Яго,
бо Ён павінен быў там праходзіць. - 5. І калі прыйшоў Іісус на гэтае месца,
то, паглядзеўшы, убачыў яго
і сказаў яму: Закхей! хутчэй злазь,
бо сёння ў доме тваім належыць Мне быць. - 6. І той паспешна злез і прыняў Яго з радасцю.
- 7. І ўсе, убачыўшы гэта, наракалі,
кажучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён. - 8. Закхей жа, устаўшы, сказаў Госпаду:
вось, палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убогім,
і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш. - 9. Сказаў яму Іісус:
сёння настала збаўленне дому гэтаму,
таму што і ён — сын Аўраамаў. - 10. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і збавіць тое, што загінула.
- 11. Калі ж яны слухалі гэта, Ён дадаў яшчэ прытчу,
таму што быў блізка ад Іерусаліма,
і яны думалі, што зараз жа Царства Божае мае явіцца. - 12. Дык сказаў Ён:
Нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краіну,
каб атрымаць сабе царства і вярнуцца; - 13. і, паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, ён даў ім дзесяць мін
і сказаў ім: укладзіце ў справу, пакуль я вярнуся. - 14. Але яго грамадзяне ненавідзелі яго
і паслалі ўслед за ім пасольства,
кажучы: не хочам, каб ён царстваваў над намі. - 15. І сталася: калі ён вярнуўся, атрымаўшы царства,
то сказаў паклікаць тых рабоў, якім даў срэбра,
каб даведацца, хто што набыў. - 16. І прыйшоў першы, кажучы:
гаспадар, міна твая прынесла дзесяць мін. - 17. І ён сказаў яму: добра, раб добры;
за тое, што ў найменшым ты быў верны,
будзь уладаром над дзесяццю гарадамі. - 18. І прыйшоў другі, кажучы:
гаспадар, міна твая прынесла пяць мін. - 19. Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяццю гарадамі.
- 20. І яшчэ адзін прыйшоў, кажучы:
гаспадар, вось міна твая,
якую я трымаў схаваную ў хустцы, - 21. таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі:
бярэш, чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў. - 22. А той кажа яму:
вуснамі тваімі буду судзіць цябе, ліхі раб:
ты ведаў, што я чалавек жорсткі,
які бярэ, чаго не клаў, і жне, чаго не сеяў; - 23. чаму ж ты не аддаў маё срэбра ў абарот,
каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам? - 24. І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну
і аддайце таму, хто мае дзесяць мін. - 25. І сказалі яму: гаспадар, ён жа мае дзесяць мін.
- 26. Кажу вам, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена,
а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае ён; - 27. а тых ворагаў жа маіх,
якія не хацелі, каб я стаў царом над імі,
прывядзіце сюды і пазабівайце перада мною. - 28. І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Іерусалім.
- 29. І сталася: калі Ён наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі,
да гары, што завецца Елеонскай,
паслаў двух вучняў Сваіх, - 30. сказаўшы: ідзіце ў селішча, што насупраць;
увайшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асляня,
на якое ніколі ніхто з людзей не сядаў;
адвяжыце яго і прывядзіце; - 31. і калі хто спытае ў вас: "навошта адвязваеце?",
скажыце яму так: "яно патрэбна Госпаду". - 32. Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
- 33. Калі ж яны адвязвалі асляня,
гаспадары яго сказалі ім: нашто вы адвязваеце асляня? - 34. Яны сказалі: яно патрэбна Госпаду.
- 35. І прывялі яго да Іісуса,
і, накінуўшы вопратку сваю на асляня,
пасадзілі на яго Іісуса. - 36. І калі Ён ехаў, людзі пасцілалі вопратку сваю на дарогу.
- 37. А калі Ён набліжаўся ўжо да спуску з гары Елеонскай,
усё мноства вучняў, радуючыся, пачало моцным голасам хваліць Бога
за ўсе цуды, якія бачылі яны, - 38. кажучы: благаславёны Цар, Які прыходзіць у імя Гасподняе!
мір на нябёсах і слава ў вышніх! - 39. І некаторыя фарысеі з натоўпу
сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Сваім. - 40. А Ён прамовіў ім у адказ: кажу вам,
што калі яны змоўкнуць, то камяні закрычаць. - 41. І, калі Ён наблізіўся,
то, убачыўшы горад, заплакаў па ім, - 42. кажучы:
калі б і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў,
што трэба для міру твайго!
але цяпер гэта скрыта ад вачэй тваіх; - 43. бо прыйдуць на цябе дні,
і ўзвядуць ворагі твае вакол цябе вал,
і акружаць цябе,
і сціснуць цябе адусюль, - 44. і знішчаць цябе
і дзяцей тваіх у табе,
і не пакінуць каменя на камені ў табе
за тое, што не разумеў ты часу наведання цябе. - 45. І, увайшоўшы ў храм,
Ён пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім і куплялі, - 46. кажучы ім: напісана: "дом Мой — гэта дом малітвы",
а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў. - 47. І Ён кожны дзень вучыў у храме.
А першасвятары і кніжнікі шукалі, як загубіць Яго,
таксама і першыя людзі ў народзе, - 48. і не знаходзілі, што зрабіць з Ім,
бо ўвесь народ, слухаючы, абступаў Яго.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Лукi > Глава 19