Глава 22

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Набліжалася свята праснакоў,
    што называецца Пасхаю;
  • 2. і шукалі першасвятары і кніжнікі,
    як забіць Яго, бо яны баяліся народу.
  • 3. Увайшоў жа сатана ў Іуду, званага Іскарыётам,
    аднаго з ліку дванаццаці,
  • 4. і ён, пайшоўшы,
    дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі,
    як ён ім выдасць Яго.
  • 5. І яны ўзрадаваліся і пагадзіліся даць яму срэбранікаў;
  • 6. і ён абяцаў
    і шукаў нагоды выдаць Яго ім не пры народзе.
  • 7. Надышоў жа дзень праснакоў,
    у які належала прыносіць пасхальную ахвяру;
  • 8. і паслаў Ён Пятра і Іаана,
    сказаўшы: пайдзіце, прыгатуйце нам есці пасху.
  • 9. Яны ж сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?
  • 10. Ён сказаў ім: вось, калі вы будзеце ўваходзіць у горад,
    то сустрэнецца вам чалавек, які будзе несці збан вады;
    ідзіце ўслед за ім у дом, у які ён увойдзе,
  • 11. і скажыце гаспадару дома:
    "Настаўнік кажа табе: дзе пакой,
    у якім Мне есці пасху з вучнямі Маімі?"
  • 12. І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, усланы;
    там прыгатуйце.
  • 13. Яны пайшлі
    і знайшлі, як Ён сказаў ім;
    і прыгатавалі пасху.
  • 14. І, калі надышоў час, Ён узлёг,
    і дванаццаць апосталаў з Ім,
  • 15. і сказаў ім:
    вельмі жадаў Я гэтую пасху есці з вамі,
    перш чым мукі прыму,
  • 16. бо кажу вам,
    што ўжо не буду есці яе,
    пакуль не здзейсніцца яна ў Царстве Божым.
  • 17. І, узяўшы чашу, узнёс падзяку
    і сказаў: прыміце яе і падзяліце між сабою,
  • 18. бо кажу вам,
    што не буду піць ад плоду вінаграднага,
    пакуль не прыйдзе Царства Божае.
  • 19. І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, пераламіў і даў ім,
    кажучы: гэта цела Маё, якое за вас аддаецца;
    рабіце гэта на ўспамін пра Мяне.
  • 20. Таксама і чашу пасля вячэры,
    кажучы: гэтая чаша — Новы Запавет у Маёй крыві,
    якая за вас праліваецца.
  • 21. Але вось рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом;
  • 22. і ўсё ж Сын Чалавечы ідзе, як вызначана,
    але гора таму чалавеку, які Яго выдае.
  • 23. І яны пачалі пытацца адзін у аднаго,
    хто б гэта з іх быў, што зробіць такое?
  • 24. Была ж і спрэчка паміж імі,
    хто з іх павінен лічыцца большым.
  • 25. А Ён сказаў ім: цары народаў пануюць над імі,
    і ўладары іх дабрадзеямі называюцца;
  • 26. вы ж не так:
    але большы сярод вас, няхай будзе як меншы,
    а начальнік — як слуга.
  • 27. Бо хто большы:
    той, хто ўзляжыць, ці той, хто прыслужвае?
    Хіба не той, хто ўзляжыць?
    А Я пасярод вас як той, хто прыслужвае.
  • 28. Вы ж ператрывалі са Мною ў выпрабаваннях Маіх,
  • 29. і Я завяшчаю вам, як завяшчаў Мне Айцец Мой, Царства,
  • 30. каб вы елі і пілі за трапезаю Маёю ў Царстве Маім,
    і будзеце сядзець на прастолах
    і судзіць дванаццаць кален Ізраілевых.
  • 31. І сказаў Гасподзь: Сімане! Сімане!
    вось, сатана прасіў, каб прасеяць вас, як пшаніцу;
  • 32. але Я маліўся за цябе, каб не знікла вера твая;
    і ты некалі, вярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
  • 33. Ён жа сказаў Яму: Госпадзі!
    з Табою я гатовы і ў цямніцу, і на смерць ісці.
  • 34. А Ён сказаў: кажу табе, Пётр,
    не прапяе сёння певень,
    як ты тройчы адрачэшся, сказаўшы, што не ведаеш Мяне.
  • 35. І сказаў ім:
    калі Я пасылаў вас без мяшка і без торбы, і без абутку,
    ці мелі вы ў чым нястачу?
    Яны ж адказалі: ні ў чым.
  • 36. Сказаў жа ім:
    але цяпер хто мае мяшок, няхай возьме яго, гэтаксама і торбу;
    а хто не мае, няхай прадасць вопратку сваю і купіць меч;
  • 37. бо кажу вам,
    што павінна яшчэ споўніцца на Мне гэта напісанае:
    "і да злачынцаў залічаны".
    Бо тое, што пра Мяне, набліжаецца да канца.
  • 38. Яны ж сказалі: Госпадзі! вось тут два мячы.
    Ён сказаў ім: даволі.
  • 39. І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Елеонскую;
    і следам за Ім пайшлі вучні Яго.
  • 40. Прыйшоўшы на месца, Ён сказаў ім:
    маліцеся, каб не ўпасці вам у спакусу.
  • 41. І Сам адступіў ад іх на адлегласць кінутага каменя,
    і, стаўшы на калені, маліўся,
  • 42. кажучы: Ойча!
    калі хочаш, пранясі чашу гэтую міма Мяне!
    аднак не Мая воля, а Твая няхай будзе.
  • 43. Явіўся ж Яму Ангел з неба і ўмацоўваў Яго.
  • 44. І Ён, перажываючы ўнутраную барацьбу, старанней маліўся;
    і зрабіўся пот Яго, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
  • 45. І, устаўшы з малітвы і прыйшоўшы да вучняў,
    Ён знайшоў, што яны спяць ад смутку,
  • 46. і сказаў ім: што спіце?
    устаньце і маліцеся, каб не ўпасці вам у спакусу.
  • 47. Яшчэ калі Ён гаварыў гэта, тады з’явіўся натоўп,
    і той, каго звалі Іуда, адзін з дванаццаці, ішоў паперадзе,
    і ён наблізіўся да Іісуса, каб пацалаваць Яго.
    Бо ён даў ім такі знак: Каго я пацалую, Той і ёсць.
  • 48. Іісус жа сказаў яму: Іуда!
    пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?
  • 49. Тыя, што былі з Ім, бачачы, да чаго ідзе,
    сказалі: Госпадзі! ці не ўдарыць нам мячом?
  • 50. І адзін з іх ударыў першасвятаровага раба
    і адсек яму правае вуха.
  • 51. На гэта Іісус сказаў: пакіньце, хопіць.
    І, дакрануўшыся да вуха яго, ацаліў яго.
  • 52. Сказаў жа Іісус
    першасвятарам, і начальнікам аховы храма, і старэйшынам,
    якія сабраліся супраць Яго: быццам на разбойніка
    выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне?
  • 53. штодня бываў Я з вамі ў храме,
    і вы не паднялі рук на Мяне;
    але гэта — ваша гадзіна і ўлада цемры.
  • 54. І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара.
    Пётр жа ішоў следам здалёку.
  • 55. Калі ж яны расклалі агонь пасярод двара і селі разам,
    сядзеў і Пётр паміж імі.
  • 56. І адна служанка, убачыўшы яго, што сядзеў пры агні,
    і прыгледзеўшыся да яго, сказала: і гэты з Ім быў.
  • 57. Але ён адрокся ад Яго,
    кажучы: жанчына, я не ведаю Яго.
  • 58. І неўзабаве другі, убачыўшы яго,
    сказаў: і ты з іх.
    Але Пётр сказаў: чалавеча, не.
  • 59. І, як прайшло каля адной гадзіны,
    нехта іншы настойваў, кажучы:
    сапраўды і гэты з Ім быў, бо ён Галілеянін.
  • 60. Але Пётр сказаў: чалавеча, я не ведаю, што ты гаворыш.
    І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.
  • 61. І, абярнуўшыся, Гасподзь паглядзеў на Пятра;
    і ўспомніў Пётр слова Гасподняе, як Ён сказаў яму:
    перш чым заспявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы.
  • 62. І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.
  • 63. А людзі, якія трымалі Іісуса,
    насміхаліся з Яго і білі;
  • 64. і, накрыўшы Яго, білі Яго па твары
    і пыталіся ў Яго, кажучы: прароч, хто ўдарыў Цябе?
  • 65. І многа іншых хуленняў гаварылі супраць Яго.
  • 66. І калі настаў дзень,
    сабраліся старэйшыны народа і першасвятары, і кніжнікі,
    і прывялі Яго ў сінедрыён свой
  • 67. і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам.
    Ён жа сказаў ім: калі Я скажу вам, вы не паверыце;
  • 68. а калі і спытаюся ў вас, не адкажаце Мне
    і не адпусціце;
  • 69. адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч сілы Божай.
  • 70. І сказалі ўсе: дык Ты — Сын Божы?
    Ён жа сказаў ім: вы кажаце, што Я.
  • 71. Яны ж сказалі: якое нам яшчэ трэба сведчанне?
    мы ж самі чулі з вуснаў Яго!
Ничего нет для сопоставления.