- 1. Набліжалася свята праснакоў,
што называецца Пасхаю; - 2. і шукалі першасвятары і кніжнікі,
як забіць Яго, бо яны баяліся народу. - 3. Увайшоў жа сатана ў Іуду, званага Іскарыётам,
аднаго з ліку дванаццаці, - 4. і ён, пайшоўшы,
дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі,
як ён ім выдасць Яго. - 5. І яны ўзрадаваліся і пагадзіліся даць яму срэбранікаў;
- 6. і ён абяцаў
і шукаў нагоды выдаць Яго ім не пры народзе. - 7. Надышоў жа дзень праснакоў,
у які належала прыносіць пасхальную ахвяру; - 8. і паслаў Ён Пятра і Іаана,
сказаўшы: пайдзіце, прыгатуйце нам есці пасху. - 9. Яны ж сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?
- 10. Ён сказаў ім: вось, калі вы будзеце ўваходзіць у горад,
то сустрэнецца вам чалавек, які будзе несці збан вады;
ідзіце ўслед за ім у дом, у які ён увойдзе, - 11. і скажыце гаспадару дома:
"Настаўнік кажа табе: дзе пакой,
у якім Мне есці пасху з вучнямі Маімі?" - 12. І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, усланы;
там прыгатуйце. - 13. Яны пайшлі
і знайшлі, як Ён сказаў ім;
і прыгатавалі пасху. - 14. І, калі надышоў час, Ён узлёг,
і дванаццаць апосталаў з Ім, - 15. і сказаў ім:
вельмі жадаў Я гэтую пасху есці з вамі,
перш чым мукі прыму, - 16. бо кажу вам,
што ўжо не буду есці яе,
пакуль не здзейсніцца яна ў Царстве Божым. - 17. І, узяўшы чашу, узнёс падзяку
і сказаў: прыміце яе і падзяліце між сабою, - 18. бо кажу вам,
што не буду піць ад плоду вінаграднага,
пакуль не прыйдзе Царства Божае. - 19. І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, пераламіў і даў ім,
кажучы: гэта цела Маё, якое за вас аддаецца;
рабіце гэта на ўспамін пра Мяне. - 20. Таксама і чашу пасля вячэры,
кажучы: гэтая чаша — Новы Запавет у Маёй крыві,
якая за вас праліваецца. - 21. Але вось рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом;
- 22. і ўсё ж Сын Чалавечы ідзе, як вызначана,
але гора таму чалавеку, які Яго выдае. - 23. І яны пачалі пытацца адзін у аднаго,
хто б гэта з іх быў, што зробіць такое? - 24. Была ж і спрэчка паміж імі,
хто з іх павінен лічыцца большым. - 25. А Ён сказаў ім: цары народаў пануюць над імі,
і ўладары іх дабрадзеямі называюцца; - 26. вы ж не так:
але большы сярод вас, няхай будзе як меншы,
а начальнік — як слуга. - 27. Бо хто большы:
той, хто ўзляжыць, ці той, хто прыслужвае?
Хіба не той, хто ўзляжыць?
А Я пасярод вас як той, хто прыслужвае. - 28. Вы ж ператрывалі са Мною ў выпрабаваннях Маіх,
- 29. і Я завяшчаю вам, як завяшчаў Мне Айцец Мой, Царства,
- 30. каб вы елі і пілі за трапезаю Маёю ў Царстве Маім,
і будзеце сядзець на прастолах
і судзіць дванаццаць кален Ізраілевых. - 31. І сказаў Гасподзь: Сімане! Сімане!
вось, сатана прасіў, каб прасеяць вас, як пшаніцу; - 32. але Я маліўся за цябе, каб не знікла вера твая;
і ты некалі, вярнуўшыся, умацуй братоў тваіх. - 33. Ён жа сказаў Яму: Госпадзі!
з Табою я гатовы і ў цямніцу, і на смерць ісці. - 34. А Ён сказаў: кажу табе, Пётр,
не прапяе сёння певень,
як ты тройчы адрачэшся, сказаўшы, што не ведаеш Мяне. - 35. І сказаў ім:
калі Я пасылаў вас без мяшка і без торбы, і без абутку,
ці мелі вы ў чым нястачу?
Яны ж адказалі: ні ў чым. - 36. Сказаў жа ім:
але цяпер хто мае мяшок, няхай возьме яго, гэтаксама і торбу;
а хто не мае, няхай прадасць вопратку сваю і купіць меч; - 37. бо кажу вам,
што павінна яшчэ споўніцца на Мне гэта напісанае:
"і да злачынцаў залічаны".
Бо тое, што пра Мяне, набліжаецца да канца. - 38. Яны ж сказалі: Госпадзі! вось тут два мячы.
Ён сказаў ім: даволі. - 39. І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Елеонскую;
і следам за Ім пайшлі вучні Яго. - 40. Прыйшоўшы на месца, Ён сказаў ім:
маліцеся, каб не ўпасці вам у спакусу. - 41. І Сам адступіў ад іх на адлегласць кінутага каменя,
і, стаўшы на калені, маліўся, - 42. кажучы: Ойча!
калі хочаш, пранясі чашу гэтую міма Мяне!
аднак не Мая воля, а Твая няхай будзе. - 43. Явіўся ж Яму Ангел з неба і ўмацоўваў Яго.
- 44. І Ён, перажываючы ўнутраную барацьбу, старанней маліўся;
і зрабіўся пот Яго, як кроплі крыві, што падалі на зямлю. - 45. І, устаўшы з малітвы і прыйшоўшы да вучняў,
Ён знайшоў, што яны спяць ад смутку, - 46. і сказаў ім: што спіце?
устаньце і маліцеся, каб не ўпасці вам у спакусу. - 47. Яшчэ калі Ён гаварыў гэта, тады з’явіўся натоўп,
і той, каго звалі Іуда, адзін з дванаццаці, ішоў паперадзе,
і ён наблізіўся да Іісуса, каб пацалаваць Яго.
Бо ён даў ім такі знак: Каго я пацалую, Той і ёсць. - 48. Іісус жа сказаў яму: Іуда!
пацалункам Сына Чалавечага выдаеш? - 49. Тыя, што былі з Ім, бачачы, да чаго ідзе,
сказалі: Госпадзі! ці не ўдарыць нам мячом? - 50. І адзін з іх ударыў першасвятаровага раба
і адсек яму правае вуха. - 51. На гэта Іісус сказаў: пакіньце, хопіць.
І, дакрануўшыся да вуха яго, ацаліў яго. - 52. Сказаў жа Іісус
першасвятарам, і начальнікам аховы храма, і старэйшынам,
якія сабраліся супраць Яго: быццам на разбойніка
выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне? - 53. штодня бываў Я з вамі ў храме,
і вы не паднялі рук на Мяне;
але гэта — ваша гадзіна і ўлада цемры. - 54. І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара.
Пётр жа ішоў следам здалёку. - 55. Калі ж яны расклалі агонь пасярод двара і селі разам,
сядзеў і Пётр паміж імі. - 56. І адна служанка, убачыўшы яго, што сядзеў пры агні,
і прыгледзеўшыся да яго, сказала: і гэты з Ім быў. - 57. Але ён адрокся ад Яго,
кажучы: жанчына, я не ведаю Яго. - 58. І неўзабаве другі, убачыўшы яго,
сказаў: і ты з іх.
Але Пётр сказаў: чалавеча, не. - 59. І, як прайшло каля адной гадзіны,
нехта іншы настойваў, кажучы:
сапраўды і гэты з Ім быў, бо ён Галілеянін. - 60. Але Пётр сказаў: чалавеча, я не ведаю, што ты гаворыш.
І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень. - 61. І, абярнуўшыся, Гасподзь паглядзеў на Пятра;
і ўспомніў Пётр слова Гасподняе, як Ён сказаў яму:
перш чым заспявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы. - 62. І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.
- 63. А людзі, якія трымалі Іісуса,
насміхаліся з Яго і білі; - 64. і, накрыўшы Яго, білі Яго па твары
і пыталіся ў Яго, кажучы: прароч, хто ўдарыў Цябе? - 65. І многа іншых хуленняў гаварылі супраць Яго.
- 66. І калі настаў дзень,
сабраліся старэйшыны народа і першасвятары, і кніжнікі,
і прывялі Яго ў сінедрыён свой - 67. і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам.
Ён жа сказаў ім: калі Я скажу вам, вы не паверыце; - 68. а калі і спытаюся ў вас, не адкажаце Мне
і не адпусціце; - 69. адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч сілы Божай.
- 70. І сказалі ўсе: дык Ты — Сын Божы?
Ён жа сказаў ім: вы кажаце, што Я. - 71. Яны ж сказалі: якое нам яшчэ трэба сведчанне?
мы ж самі чулі з вуснаў Яго!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Лукi > Глава 22