- 1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана,
несучы падрыхтаваныя духмянасці, яны прыйшлі да магілы,
і іншыя з імі; - 2. але знайшлі, што камень адвалены ад магілы,
- 3. і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Іісуса.
- 4. І сталася: калі яны былі ў недаўменні ад гэтага,
вось з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні. - 5. Калі ж яны спалохаліся і схілілі твары да зямлі,
тыя сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? - 6. Яго няма тут, Ён уваскрэс;
успомніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, - 7. кажучы, што Сын Чалавечы
мае быць аддадзены ў рукі людзей грэшных,
і быць распяты,
і на трэці дзень ўваскрэснуць. - 8. І ўспомнілі яны словы Яго,
- 9. і, вярнуўшыся ад магілы,
паведамілі ўсё гэта адзінаццаці і ўсім іншым. - 10. Былі ж гэта Магдаліна Марыя,
і Іаанна, і Марыя, маці Іакава,
і іншыя з імі, якія сказалі пра гэта Апосталам. - 11. І здаліся ім пустымі словы гэтыя,
і не паверылі ім. - 12. Але Петр, устаўшы, пабег да магілы
і, нахіліўшыся, убачыў, што толькі палотны ляжаць;
і пайшоў назад, здзіўляючыся ў сабе таму, што адбылося. - 13. І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў паселішча,
якое знаходзілася стадыях у шасцідзесяці ад Іерусаліма
і называлася Эмаус; - 14. і яны размаўлялі між сабою пра ўсё тое, што адбылося.
- 15. І сталася: калі яны размаўлялі і разважалі,
Сам Іісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі, - 16. але вочы іх былі стрыманы, так што яны не пазналі Яго.
- 17. Ён жа сказаў ім:
пра што гэта вы, ідучы, разважаеце між сабою
і чаму такія засмучаныя? - 18. У адказ адзін, імя якога Клеопа, сказаў Яму:
Ты адзіны з падарожных у Іерусаліме не ведаеш пра тое,
што адбылося ў ім у гэтыя дні? - 19. І сказаў ім: пра што?
Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбылося з Іісусам Назаранінам,
Які быў прарок, моцны ў справе і слове
перад Богам і ўсім народам, - 20. і як выдалі Яго першасвятары і начальнікі нашы
для асуджэння на смерць і распялі Яго; - 21. а мы спадзяваліся, што Ён Той,
Хто павінен выбавіць Ізраіля,
але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта сталася; - 22. але і некаторыя жанчыны з нашых уразілі нас:
пабываўшы рана каля магілы - 23. і не знайшоўшы цела Яго,
яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўленне Ангелаў,
якія кажуць, што Ён жывы; - 24. і пайшлі некаторыя з нашых да магілы
і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі,
але Яго не бачылі. - 25. І Ён сказаў ім:
о неразважлівыя і марудлівыя сэрцам,
каб верыць усяму, што гаварылі прарокі! - 26. ці не так належала адпакутаваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю?
- 27. І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў,
тлумачыў ім ва ўсім Пісанні тое, што сказана пра Яго. - 28. І наблізіліся яны да паселішча, у якое ішлі;
і Ён рабіў выгляд, што пойдзе далей; - 29. а яны затрымлівалі Яго,
кажучы: застанься з намі,
бо вечарэе і дзень на зыходзе.
І Ён увайшоў, каб застацца з імі. - 30. І сталася: калі Ён узляжаў з імі,
то, узяўшы хлеб, благаславіў
і, пераламіўшы, даваў ім. - 31. І адкрыліся ў іх вочы,
і яны пазналі Яго,
ды Ён стаў нябачны для іх. - 32. І сказалі яны адзін аднаму: хіба не гарэла наша сэрца ў нас,
калі гаварыў Ён з намі па дарозе
і калі тлумачыў нам Пісанне? - 33. І, устаўшы ў той жа час, яны вярнуліся ў Іерусалім
і знайшлі сабраных разам адзінаццаць і тых, што былі з імі, - 34. якія гаварылі,
што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і явіўся Сіману. - 35. А яны расказвалі, што было ў дарозе
і як яны пазналі Яго пры пераламленні хлеба. - 36. Калі ж яны гаварылі пра гэта,
Сам Іісус стаў пасярод іх
і сказаў: мір вам. - 37. Яны ж, сумеўшыся і спалохаўшыся,
думалі, што бачаць духа; - 38. а Ён сказаў ім: чаго вы збянтэжаныя
і чаму сумненні ўваходзяць у сэрцы вашы? - 39. паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае:
гэта Я Сам;
дакраніцеся да Мяне і паглядзіце:
дух не мае плоці і касцей, што, як бачыце, Я маю. - 40. І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
- 41. Калі ж яны яшчэ не верылі ад радасці і здзіўляліся,
Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа? - 42. Яны ж падалі Яму кавалак печанай рыбы і мёду ў сотах.
- 43. І, узяўшы, Ён перад імі з’еў
- 44. і сказаў ім: вось словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі,
што павінна здзейсніцца ўсё,
напісанае ў законе Маісеевым і ў прарокаў, і ў псалмах пра Мяне. - 45. Тады Ён адкрыў ім розум для разумення Пісанняў
- 46. і сказаў ім: так напісана
і так належала адпакутаваць Хрысту
і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень, - 47. і каб было прапаведана ў імя Яго пакаянне
і адпушчэнне грахоў ва ўсіх народах, пачынаючы з Іерусаліма; - 48. вы ж сведкі гэтага;
- 49. і вось Я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас;
а вы заставайцеся ў горадзе Іерусаліме,
пакуль не апранецеся сілаю з вышыні. - 50. І Ён вывеў іх да Віфаніі
і, узняўшы рукі Свае, благаславіў іх. - 51. І сталася: калі Ён благаслаўляў іх,
то пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба. - 52. І яны пакланіліся Яму
і вярнуліся ў Іерусалім з радасцю вялікаю, - 53. і былі заўсёды ў храме,
хвалячы і благаслаўляючы Бога.
Амінь.
Ничего нет для сопоставления.