Глава 24

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24
  • 1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана,
    несучы падрыхтаваныя духмянасці, яны прыйшлі да магілы,
    і іншыя з імі;
  • 2. але знайшлі, што камень адвалены ад магілы,
  • 3. і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Іісуса.
  • 4. І сталася: калі яны былі ў недаўменні ад гэтага,
    вось з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні.
  • 5. Калі ж яны спалохаліся і схілілі твары да зямлі,
    тыя сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
  • 6. Яго няма тут, Ён уваскрэс;
    успомніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
  • 7. кажучы, што Сын Чалавечы
    мае быць аддадзены ў рукі людзей грэшных,
    і быць распяты,
    і на трэці дзень ўваскрэснуць.
  • 8. І ўспомнілі яны словы Яго,
  • 9. і, вярнуўшыся ад магілы,
    паведамілі ўсё гэта адзінаццаці і ўсім іншым.
  • 10. Былі ж гэта Магдаліна Марыя,
    і Іаанна, і Марыя, маці Іакава,
    і іншыя з імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
  • 11. І здаліся ім пустымі словы гэтыя,
    і не паверылі ім.
  • 12. Але Петр, устаўшы, пабег да магілы
    і, нахіліўшыся, убачыў, што толькі палотны ляжаць;
    і пайшоў назад, здзіўляючыся ў сабе таму, што адбылося.
  • 13. І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў паселішча,
    якое знаходзілася стадыях у шасцідзесяці ад Іерусаліма
    і называлася Эмаус;
  • 14. і яны размаўлялі між сабою пра ўсё тое, што адбылося.
  • 15. І сталася: калі яны размаўлялі і разважалі,
    Сам Іісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі,
  • 16. але вочы іх былі стрыманы, так што яны не пазналі Яго.
  • 17. Ён жа сказаў ім:
    пра што гэта вы, ідучы, разважаеце між сабою
    і чаму такія засмучаныя?
  • 18. У адказ адзін, імя якога Клеопа, сказаў Яму:
    Ты адзіны з падарожных у Іерусаліме не ведаеш пра тое,
    што адбылося ў ім у гэтыя дні?
  • 19. І сказаў ім: пра што?
    Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбылося з Іісусам Назаранінам,
    Які быў прарок, моцны ў справе і слове
    перад Богам і ўсім народам,
  • 20. і як выдалі Яго першасвятары і начальнікі нашы
    для асуджэння на смерць і распялі Яго;
  • 21. а мы спадзяваліся, што Ён Той,
    Хто павінен выбавіць Ізраіля,
    але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта сталася;
  • 22. але і некаторыя жанчыны з нашых уразілі нас:
    пабываўшы рана каля магілы
  • 23. і не знайшоўшы цела Яго,
    яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўленне Ангелаў,
    якія кажуць, што Ён жывы;
  • 24. і пайшлі некаторыя з нашых да магілы
    і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі,
    але Яго не бачылі.
  • 25. І Ён сказаў ім:
    о неразважлівыя і марудлівыя сэрцам,
    каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!
  • 26. ці не так належала адпакутаваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю?
  • 27. І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў,
    тлумачыў ім ва ўсім Пісанні тое, што сказана пра Яго.
  • 28. І наблізіліся яны да паселішча, у якое ішлі;
    і Ён рабіў выгляд, што пойдзе далей;
  • 29. а яны затрымлівалі Яго,
    кажучы: застанься з намі,
    бо вечарэе і дзень на зыходзе.
    І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
  • 30. І сталася: калі Ён узляжаў з імі,
    то, узяўшы хлеб, благаславіў
    і, пераламіўшы, даваў ім.
  • 31. І адкрыліся ў іх вочы,
    і яны пазналі Яго,
    ды Ён стаў нябачны для іх.
  • 32. І сказалі яны адзін аднаму: хіба не гарэла наша сэрца ў нас,
    калі гаварыў Ён з намі па дарозе
    і калі тлумачыў нам Пісанне?
  • 33. І, устаўшы ў той жа час, яны вярнуліся ў Іерусалім
    і знайшлі сабраных разам адзінаццаць і тых, што былі з імі,
  • 34. якія гаварылі,
    што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і явіўся Сіману.
  • 35. А яны расказвалі, што было ў дарозе
    і як яны пазналі Яго пры пераламленні хлеба.
  • 36. Калі ж яны гаварылі пра гэта,
    Сам Іісус стаў пасярод іх
    і сказаў: мір вам.
  • 37. Яны ж, сумеўшыся і спалохаўшыся,
    думалі, што бачаць духа;
  • 38. а Ён сказаў ім: чаго вы збянтэжаныя
    і чаму сумненні ўваходзяць у сэрцы вашы?
  • 39. паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае:
    гэта Я Сам;
    дакраніцеся да Мяне і паглядзіце:
    дух не мае плоці і касцей, што, як бачыце, Я маю.
  • 40. І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
  • 41. Калі ж яны яшчэ не верылі ад радасці і здзіўляліся,
    Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
  • 42. Яны ж падалі Яму кавалак печанай рыбы і мёду ў сотах.
  • 43. І, узяўшы, Ён перад імі з’еў
  • 44. і сказаў ім: вось словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі,
    што павінна здзейсніцца ўсё,
    напісанае ў законе Маісеевым і ў прарокаў, і ў псалмах пра Мяне.
  • 45. Тады Ён адкрыў ім розум для разумення Пісанняў
  • 46. і сказаў ім: так напісана
    і так належала адпакутаваць Хрысту
    і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень,
  • 47. і каб было прапаведана ў імя Яго пакаянне
    і адпушчэнне грахоў ва ўсіх народах, пачынаючы з Іерусаліма;
  • 48. вы ж сведкі гэтага;
  • 49. і вось Я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас;
    а вы заставайцеся ў горадзе Іерусаліме,
    пакуль не апранецеся сілаю з вышыні.
  • 50. І Ён вывеў іх да Віфаніі
    і, узняўшы рукі Свае, благаславіў іх.
  • 51. І сталася: калі Ён благаслаўляў іх,
    то пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
  • 52. І яны пакланіліся Яму
    і вярнуліся ў Іерусалім з радасцю вялікаю,
  • 53. і былі заўсёды ў храме,
    хвалячы і благаслаўляючы Бога.
    Амінь.