- 1. Сыны Рувіма, першынца Ізраілевага, - ён першынец; але калі запляміў ён пасьцель бацькі свайго, першынства яго аддадзена сынам Язэпа, сына Ізраілевага, з тым аднак, каб ня пісацца ім першароднымі;
- 2. бо Юда быў мацнейшы за братоў сваіх, і правадыр ад яго, але першынства перанесена на Язэпа.
- 3. Сыны Рувіма, першынца Ізраілевага: Ханох, Фалу, Хэцрон і Хармі.
- 4. Сыны Ёіля: Шэмая, сын ягоны: ягоны сын Гог, ягоны сын Шымэй,
- 5. ягоны сын Міха, ягоны сын Рэая, ягоны сын Ваал,
- 6. ягоны сын Бэера, якога зьвёў у палон Тэглафэласар, цар Асірыйскі. Ён быў князем Рувімлянаў.
- 7. І браты ягоныя, па плямёнах іхніх, па радаводным сьпіску іхнім, былі: галоўны Ёіль, потым Захар,
- 8. і Бэла, сын Азаза, сына Шэмы, сына Ёіля. Ён жыў у Араэры да Нэво і Ваал-Мэона;
- 9. а на ўсход ён жыў да ўваходу ў пустыню, якая ідзе ад ракі Еўфрат, бо статкі іхнія былі шматлікія ў зямлі Галаадскай.
- 10. У дні Саўла яны вялі вайну з Агаранамі, якія загінулі ад рук іхніх, а яны пачалі жыць у намётах іхніх па ўсёй усходняй старане Галаада.
- 11. Сыны Гада жылі насупраць іх у зямлі Васанскай да Салхі:
- 12. у Васане Ёіль быў галоўны, Шафан другі, потым Яанай і Шафат.
- 13. Братоў іхніх зь сямействамі іхнімі было сем: Міхаіл, Мэшулам, Шэва, Ёрай, Яакан, Зія і Эвэр.
- 14. Вось сыны Авіхаіла, сына Хурыя, сына Ярааха, сына Галаада, сына Міхаіла, сына Ешышая, сына Яхдо, сына Буза.
- 15. Ахі, сын Аўдыіла, сына Гунэіевага, быў галавою свайго роду.
- 16. Яны жылі ў Галаадзе, у Васане і ў залежных ад яго гарадах і ва ўсіх навакольлях Сарона, да зыходу іхняга.
- 17. Усе яны палічаны ў дні Ёатама, цара Юдэйскага, і ў дні Ераваама, цара Ізраільскага.
- 18. У нашчадкаў Рувіма і Гада і паўплемя Манасіінага было людзей ваяўнічых, мужоў, якія носяць шчыт і меч, страляюць з лука і прывучаных да бітвы, сорак чатыры тысячы сямсот шэсьцьдзясят, якія выходзяць на вайну.
- 19. І ваявалі яны з Агаранамі, Етурам, Нафішам і Надавам.
- 20. І дадзена была ім дапамога супроць іх, і аддадзены былі ў рукі іхнія Агаране, і ўсё, што ў іх было, бо яны падчас бітваў заклікалі да Бога, і Ён пачуў іх, за тое, што яны спадзяваліся на Яго.
- 21. І ўзялі яны статкі іхнія: вярблюдаў пяцьдзясят тысяч, з дробнага быдла дзьвесьце пяцьдзясят тысяч, аслоў дзьве тысячы, і сто тысч душ людзей,
- 22. бо многа было забіта, бо ад Бога была бітва гэтая. І жылі яны на месцы іхнім да перасяленьня.
- 23. Нашчадкі паўкалена Манасіінага жылі ў той зямлі, ад Васана да Ваал-Эрмона і Сэніра і да гары Эрмона; і іх было многа.
- 24. І вось узначальцы пакаленьняў іхніх: Эфэр, Ішэі, Элііл, Азрыіл, Ерамія, Гадавія і Ягдыіл, мужы моцныя, мужы знакамітыя, галовы родаў сваіх.
- 25. Але калі яны саграшылі супроць Бога бацькоў сваіх і пачалі блудна хадзіць сьледам за багамі народаў той зямлі, якіх выгнаў Бог ад аблічча іхняга,
- 26. дык Бог Ізраілеў узбурыў дух Фула, цара Асірыйскага, і дух Тэглафэласара цара Асірыйскага, і ён выселіў Рувімлянаў і Галіцянаў і палавіну калена Манасіінага, і адвёў іх у Халал і Хавор, і Ару, і на раку Газан, - дзе яны да гэтага дня.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > 1-я Летапiсаў > Глава 5