Глава 11

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29
  • 1. І сабраліся ўсе Ізраільцяне да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы костка твая і плоць твая;
  • 2. і ўчора і заўчора, калі яшчэ Саўл быў царом, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля, і Гасподзь Бог твой сказаў табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыр народу Майго Ізраіля.
  • 3. І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі Давід запавет у Хэўроне перад абліччам Гасподнім: і яны памазалі Давіда ў цара над Ізраілем, па слове Гасподнім, праз Самуіла.
  • 4. І пайшоў Давід і ўвесь Ізраіль да Ерусаліма, гэта значыць, да Евуса. А там былі Евусэі, жыхары той зямлі.
  • 5. І сказалі жыхары Евуса Давіду: ня ўвойдзеш сюды. Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта - горад Давідаў.
  • 6. І сказаў Давід: хто першы за ўсіх паб'е Евусэяў, той будзе галавою і ваенным начальнікам. І ўзышоў самы першы Ёаў, сын Саруі, і зрабіўся ўзначальцам.
  • 7. Давід жыў у той крэпасьці, таму і называлі яе горадам Давідавым.
  • 8. І ён забудаваў горад навакол, ад Міло, усю ваколіцу, а Ёаў аднавіў астатні горад.
  • 9. І меў посьпех Давід, і ўзвышаўся больш і больш, і Гасподзь Саваоф быў зь ім.
  • 10. Вось галоўныя мацакі ў Давіда, якія многа супрацоўнічалі зь ім у царстве ягоным, разам з усім Ізраілем, каб паставіць яго царом, па слове Гасподнім, над Ізраілем,
  • 11. і вось лік мацакоў, якія былі ў Давіда: Есваал, сын Ахамані, галоўны з трыццаці: ён падняў дзіду сваю на трыста чалавек і пабіў іх за адзін раз.
  • 12. Пасьля яго Элеазар, сын Дадо Ахахэяніна, адзін з трох мацакоў:
  • 13. ён быў з Давідам у Фасдаміме, куды Філістымляне сабраліся на вайну. Там частка поля была засеяна ячменем, і народ пабег ад Філістымлянаў;
  • 14. але яны сталі сярод поля, убераглі яго і пабілі Філістымлянаў. І дараваў Гасподзь выратаваньне вялікае!
  • 15. Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў падняліся на скалу да Давіда, у пячору Адалам, калі табар Філістымлянаў быў разьмешчаны ў даліне Рэфаімавай.
  • 16. Давід тады быў ва ўмацаваным месцы, а ахоўнае войска Філістымлянаў было тады ў Віфляеме.
  • 17. І моцна захацелася піць Давіду, і ён сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы?
  • 18. Тады гэтыя трое прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі, і прынесьлі Давіду. Але Давід не захацеў піць яе і выліў яе ў славу Госпада,
  • 19. і сказаў: аслані мяне Гасподзь, каб я зрабіў гэта! Ці ж буду я піць кроў мужоў гэтых, якія клалі душы свае? Бо зь небясьпекай свайму жыцьцю яны прынесьлі ваду. І не захацеў піць яе. Вось што зрабілі гэтыя тры мацакі.
  • 20. І Авэса, брат Ёава, быў галоўны з трох: ён забіў дзідай сваёй трыста чалавек, і быў у славе ў тых трох.
  • 21. З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнікам; але з тымі трыма не раўняўся.
  • 22. Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцэпла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове, у сьнежны час;
  • 23. ён жа забіў Егіпцяніна, чалавека ростам у пяць локцяў: у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, як навой у ткачоў, а ён падышоў да яго з кіем і, вырваўшы дзіду з рукі Егіпцяніна, забіў ягонай жа дзідай:
  • 24. вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдая, і ён быў у славе ў тых трох мацакоў;
  • 25. ён быў больш знакаміты за тых трыццацёх, але з трыма не раўняўся, і Давід паставіў яго бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў.
  • 26. А галоўныя з воінаў: Асаіл, брат Ёава: Элханан, сын Дадо, зь Віфляема;
  • 27. Шама Гарадыцянін; Хэрэц Пэланіцянін;
  • 28. Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін; Эвіезэр Анатацянін;
  • 29. Сіўхай Хушацянін; Ілай Ахахіянін.
  • 30. Магарай Нэтафатыцянін; Хэлэд, сын Вааны, Хэтафацянін;
  • 31. Ітай; сын Рыбая, зь Гівы Веньямінавай: Ванэя Піратанянін:
  • 32. Хурай з Нагалэ-Гааша; Авіел з Аравы;
  • 33. Азмавэт Бахаруміянін; Эліяхба Шаалбанянін.
  • 34. Сыны Гашэма Гізаніцяніна: Ёнатан, сын Шаге, Гарарыцянін;
  • 35. Ахіям, сын Сахара, Гарарыцянін; Эліфал, сын Уры;
  • 36. Хэфэр з Махэры; Ахія Пэланіцянін;
  • 37. Хэцрой Кармэліцянін; Наарай, сын Эзбая;
  • 38. Ёіл, брат Натана; Міўхар, сын Гагрыя;
  • 39. Цэлэк Аманіцянін; Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі;
  • 40. Іра Ітрыянін; Гарэб Ерыянін;
  • 41. Урыя Хэтэянін;
  • 42. Адына, сын Шызы, Рувімлянін, узначалец Рувімлянаў, і ў яго, было трыццаць;
  • 43. Ханан, сын Маахі; Ёсафат Мітніянін;
  • 44. Узія Аштэрацянін; Шама Еэл, сыны Хатама Араэраніна;
  • 45. Едэяэл, сын Шымрыя, і Ёха, брат ягоны, Тыціянін;
  • 46. Эліел з Махавіма, і Ерывай і Ёшавія, сыны Элнаама, і Ітма, Маавіцянін;
  • 47. Эліел, Авэд і Ясіел з Мэцаваі.