Глава 28

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29
  • 1. І сабраў Давід у Ерусаліме ўсіх правадыроў Ізраільскіх, начальнікаў плямёнаў і начальнікаў аддзелаў, якія служылі цару, і тысячнікаў, і сотнікаў, і наглядчыкаў за маёмасьцю і статкамі цара і сыноў ягоных зь еўнухамі, ваеначальнікаў і ўсіх адважных мужоў.
  • 2. І стаў Давід цар на ногі свае і сказаў: паслухайце мяне, браты мае і народ мой` было ў мяне на сэрцы пабудаваць дом спакою для каўчэга запавета Гасподняга і ў падножжа нагам Бога нашага, і патрэбнае для будаўніцтва я падрыхтаваў.
  • 3. Але Бог сказаў мне: ня будуй дома імю Майму, бо ты чалавек ваяўнічы і праліваў кроў.
  • 4. Аднак жа выбраў Гасподзь Бог Ізраілеў мяне з усяго дома майго, каб быць мне царом над Ізраілем вечна, бо Юду выбраў Ён князем, а ў доме Юды дом бацькі майго, а з сыноў бацькі майго мяне ўдабраволіў паставіць царом над усім Ізраілем,
  • 5. з усіх жа сыноў маіх, - бо многа сыноў даў мне Гасподзь, - Ён выбраў Саламона, сына майго, сядзець на троне царства Гасподняга над Ізраілем,
  • 6. і сказаў мне: Саламон, сын твой, пабудуе дом Мой і двары Мае, бо Я выбраў яго Сабе ў сыны, і Я буду яму бацькам,
  • 7. і сьцьверджу царства яго навечна, калі ён будзе цьвёрды ў выкананьні запаведзяў Маіх і пастановаў Маіх, як да сёньня.
  • 8. І цяпер перад вачыма ўсяго Ізраіля, сходу Гасподняга і ў вушы Бога нашага кажу: захоўвайце і трымайцеся ўсіх запаведзяў Госпада Бога вашага, каб валодаць вам гэтаю добраю зямлёю, і пакінуць яе пасьля сябе ў спадчыну дзецям сваім навек.
  • 9. І ты, Саламоне, сыне мой, ведай Бога бацькі твайго і служы Яму ад усяго сэрца і ад усёй душы, бо Гасподзь выпрабоўвае ўсе сэрцы і ведае ўсе рухі думак. Калі будзеш ісьціць Яго, дык знойдзеш Яго, а калі пакінеш Яго, Ён пакіне цябе назаўсёды.
  • 10. Глядзі ж, калі Гасподзь выбраў цябе пабудаваць дом для сьвятыні, будзь цьвёрды і рабі.
  • 11. І аддаў Давід Саламону, сыну свайму, чарцёж бабінца і дамоў яго, і кладовак яго, і межаў яго, і ўнутраных пакояў яго, і дома для каўчэга,
  • 12. і чарцёж усяго, што было ў яго на душы двароў дома Гасподняга і ўсіх пакояў вакол, скарбніц дома Божага і скарбніц рэчаў прысьвечаных,
  • 13. і сьвятарскіх і лявіцкіх аддзяленьняў, і ўсякай службовай дзейнасьці ў доме Гасподнім, і ўсяго службовага посуду дома Гасподняга,
  • 14. залатых рэчаў, з пазнакаю вагі, для ўсякай службовай пасудзіны, усіх рэчаў срэбраных, з пазнакаю вагі, для ўсякай пасудзіны службовай.
  • 15. І даў золата на сьвяцільні і залатыя лампады, з пазнакаю вагі кожнай сьвяцільні і лампады яго, таксама сьвяцільняў срэбраных, з пазнакаю вагі кожнай сьвяцільні і лампады яго, гледзячы па службовым прызначэньні кожнай сьвяцільні;
  • 16. і золата для сталоў пакладных хлябоў, для кожнага залатога стала, і срэбра для сталоў срэбраных,
  • 17. і відэльцаў, і чараў і крапільніц з чыстага золата, і залатых місак, з пазнакаю вагі кожнай місы, і срэбраных міс, з пазнакаю вагі кожнай місы,
  • 18. і для ахвярніка дымленьня зьлітага золата з пазнакаю вагі, і зладжваньня калясніцы з залатымі херувімамі, якія прасьціраюць крылы і пакрываюць каўчэг запавета Гасподняга.
  • 19. Усё гэта ў пісаньні ад Госпада, казаў Давід, як Ён навёў мяне на розум на ўсе пабудовы.
  • 20. І сказаў Давід сыну свайму Саламону: будзь цьвёрды і мужны, і прыступай да справы, ня бойся і не жахайся, бо Гасподзь Бог, Бог мой, з табою; Ён не адступіць ад цябе і не пакіне цябе, пакуль ня ўчыніш усёй дзеі, якая патрабуецца для дома Гасподняга.
  • 21. І вось аддзелы сьвятароў і лявітаў, дзеля ўсялякай службы пры доме Божым. І ў цябе ёсьць дзеля ўсякай дзеі руплівыя людзі, майстры на ўсякую працу, і начальнікі і ўвесь народ гатовы да ўсіх тваіх загадаў.