- 1. І сказаў Давід: вось дом Госпада Бога і вось ахвярнік для цэласпаленьня Ізраіля.
- 2. І загадаў Давід сабраць прыхадняў, якія былі зь зямлі Ізраільскай, і паставіў каменячосаў, каб абчэсваць камяні на пабудову дома Божага.
- 3. І мноства жалеза для цьвікоў да дзьвярэй брамы і для сувязяў нарыхтаваў Давід, і мноства медзі без вагі,
- 4. і кедровых дрэў бязь ліку, бо Міданяне і Тыране даставілі Давіду мноства кедровых дрэў.
- 5. І сказаў Давід: Саламон, сын мой, малады і маласілы, а дом, які трэба пабудаваць для Госпада, павінен быць даволі велічны, на славу і ўпрыгажэньне перад усімі землямі: дык вось, буду я нарыхтоўваць для яго. І нарыхтаваў Давід да сьмерці сваёй многа.
- 6. І паклікаў Саламона, сына свайго, і наказаў яму пабудаваць дом Госпаду Богу Ізраілеваму.
- 7. І сказаў Давід Саламону: сыне мой` у мяне было на сэрцы пабудаваць дом у імя Госпада Бога майго,
- 8. але было мне слова Гасподняе, і сказана: ты праліў многа крыві і вёў вялікія войны; ты не павінен будаваць дом імю Майму, бо праліў многа крыві на зямлю перад абліччам Маім.
- 9. Вось, у цябе народзіцца сын: ён будзе чалавек мірны; Я дам яму спакой ад усіх ворагаў ягоных вакол: таму імя яму будзе Саламон. І мір і спакой дам Ізраілю ў дні ягоныя.
- 10. Ён пабудуе дом імю Майму, і ён будзе Мне сынам, а Я яму бацькам, і ўцьверджу трон царства яго над Ізраілем навечна.
- 11. І цяпер, сыне мой` хай будзе Гасподзь з табою, каб табе быў посьпех і ты пабудаваў дом Госпаду Богу твайму, як Ён гаварыў пра цябе.
- 12. Хай дасьць табе Гасподзь кемнасьць і розум і паставіць цябе над Ізраілем; і датрымайся закону Госпада Бога твайго.
- 13. Тады ты будзеш з посьпехам, калі будзеш старацца выконваць пастановы і законы, якія наказаў Гасподзь Майсею для Ізраіля. Будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не маркоціся.
- 14. І вось, я пры беднасьці маёй падрыхтаваў для дома Гасподняга сто тысяч талантаў срэбра, а медзі і жалезу няма вагі, бо яго мноства; і дрэва і камяні я таксама нарыхтаваў, а ты яшчэ дадай да гэтага.
- 15. У цябе мноства працаўнікоў, і каменячосаў, разьбяроў і цесьляроў, і ўсякіх здольных на ўсякую дзею;
- 16. золату, срэбру і медзі, і жалезу няма ліку: пачні і рабі; Гасподзь будзе з табою.
- 17. І запавядаў Давід усім князям Ізраілевым дапамагаць Саламону, сыну ягонаму:
- 18. ці ня з вамі Гасподзь Бог наш, Які даў вам спакой з усіх бакоў, бо Ён перадаў у рукі мае жыхароў зямлі, і ўпакорылася зямля перад Госпадам і перад народам Ягоным?
- 19. Дык вось, схілеце сэрца ваша і душу вашу да таго, каб знайсьці Госпада Бога вашага. Устаньце і пабудуйце сьвятыню Госпаду Богу, каб перанесьці каўчэг запавета Гасподняга і сьвяшчэнны посуд Божы ў дом, які ствараецца імю Гасподняму.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > 1-я Летапiсаў > Глава 22