- 1. Кіроўцу хору. Пасьля сьмерці Лабэна. Псальма Давідава.
- 2. [Алэф] Славіць буду Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе цуды Твае,
- 3. я буду радавацца, весяліцца, імя Тваё апяваць, Усявышні.
- 4. [Бэт] Як павернуць назад мае ворагі, - спатыкнуцца й загінуць прад абліччам Тваім,
- 5. бо Ты вёў мой суд і маю цяжбіну; Ты сеў на троне, Судзьдзя справядлівы.
- 6. [Гімэл] Ты абурыўся на народы, бязбожнага зьнішчыў, сьцёр іх імёны навечна.
- 7. [Далэт] У ворага зброі ня стала зусім, і гарады Ты разбурыў; загінула зь імі памяць пра іх.
- 8. [Гэ] А Гасподзь жыве вечна; Ён трон Свой на суд падрыхтаваў,
- 9. і Ён будзе судзіць сьвет па праўдзе, па справядлівасьці суд над народамі ўчыніць.
- 10. [Вав] І будзе Гасподзь прытулкам прыгнечанаму, прытулкам у скрушлівы час;
- 11. І спадзявацьмуцца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.
- 12. Сьпявайце Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя,
- 13. бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных.
- 14. [Хэт] Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, - Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці,
- 15. каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою.
- 16. [Тэт] Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае.
- 17. Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх.
- 18. [Ёд] Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, - усе народы, што забываюць Бога,
- 19. [Каф] бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне.
- 20. Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім.
- 21. Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны.
- 22. [Ламэд] Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі?
- 23. Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі.
- 24. [Мэм] Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае.
- 25. [Нун] Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; "не спагоніць"; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога!
- 26. [Аін] У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва;
- 27. і кажа ў сэрцы сваім: "не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха".
- 28. [Пэ] Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба.
- 29. [Цадэ] Сядзіць у засадзе ў задвор'і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным;
- 30. у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае,
- 31. згінаецца, прыпадае, - і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя;
- 32. кажа ў сэрцы сваім: "забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі".
- 33. [Каф] Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных.
- 34. Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: "Ты не спагоніш?"
- 35. [Рэш] Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік.
- 36. [Шын] Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху.
- 37. Гасподзь - цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай.
- 38. [Тав] Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё,
- 39. каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі.
Ничего нет для сопоставления.