Глава 1

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16
  • 1. Пачатак Евангелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,
  • 2. як напісана ў прарокаў:
    "вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім,
    які падрыхтуе шлях Твой перад Табою".
  • 3. "Голас таго, хто кліча ў пустыні:
    падрыхтуйце шлях Госпаду,
    простымі зрабіце сцежкі Яму".
  • 4. З’явіўся Іаан, хрысцячы ў пустыні
    і прапаведуючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў.
  • 5. І выходзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалімляне,
    і хрысціліся ад яго ўсе ў рацэ Іардане,
    спавядаючыся ў грахах сваіх.
  • 6. Іаан жа насіў вопратку з вярблюджага воласу
    і скураны пояс на паясніцы сваёй
    і еў акрыды і дзікі мёд.
  • 7. І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне,
    у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць рамень абутку Яго.
  • 8. Я хрысціў вас вадою,
    а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым.
  • 9. І было ў тыя дні,
    прыйшоў Іісус з Назарэта Галілейскага
    і хрысціўся ад Іаана ў Іардане.
  • 10. І калі выходзіў з вады,
    убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы
    і Дух як голуб сыходзіць на Яго.
  • 11. І голас быў з нябёсаў:
    Ты Сын Мой узлюблены,
    Якога Я ўпадабаў.
  • 12. І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.
  • 13. І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною,
    і быў са звярамі.
    І Ангелы служылі Яму.
  • 14. Пасля ж таго, як узяты быў Іаан,
    прыйшоў Іісус у Галілею,
    прапаведуючы Евангелле Царства Божага.
  • 15. і кажучы, што споўніўся час
    і наблізілася Царства Божае;
    пакайцеся і веруйце ў Евангелле.
  • 16. А ідучы каля мора Галілейскага,
    убачыў Сімана і Андрэя, брата Сіманавага,
    якія закідвалі мярэжы ў мора,
    бо яны былі рыбаловы.
  • 17. І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною,
    і Я зраблю, што вы будзеце лаўцамі людзей.
  • 18. І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі ўслед за Ім.
  • 19. І, прайшоўшы крыху адтуль,
    Ён убачыў Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата яго,
    як яны, таксама ў лодцы, ладзілі мярэжы;
  • 20. і адразу паклікаў іх.
    І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі,
    пайшлі за Ім.
  • 21. І прыходзяць у Капернаум;
    і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.
  • 22. І здзіўляліся вучэнню Яго;
    бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу,
    а не як кніжнікі.
  • 23. І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым,
    і закрычаў ён,
  • 24. кажучы: пакінь,
    што табе да нас, Іісусе Назараніне?
    Ты прыйшоў загубіць нас.
    Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы.
  • 25. Але Іісус забараніў яму,
    кажучы: змоўкні і выйдзі з яго.
  • 26. І дух нячысты,
    скалануўшы яго і ўскрыкнуўшы моцным голасам,
    выйшаў з яго.
  • 27. І жахнуліся ўсе,
    так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта?
    што гэта за новае вучэнне,
    што Ён з уладаю і духам нячыстым загадвае,
    і яны слухаюцца Яго?
  • 28. І разнеслася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галілеі.
  • 29. І адразу, выйшаўшы з сінагогі,
    яны прыйшлі ў дом Сімана і Андрэя
    з Іакавам і Іаанам.
  • 30. А цешча Сіманава ляжала ў гарачцы,
    і адразу кажуць Яму пра яе.
  • 31. І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку;
    і гарачка адразу пакінула яе,
    і яна прыслужвала ім.
  • 32. А як вечарэла і сонца зайшло,
    прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
  • 33. І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
  • 34. І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хваробаў,
    і дэманаў многіх выгнаў,
    і не дазваляў дэманам гаварыць,
    бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
  • 35. А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў;
    і пайшоў у пустэльнае месца,
    і там маліўся.
  • 36. І паспяшаліся ўслед Яму Сіман і тыя, што былі з ім.
  • 37. І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
  • 38. І кажа Ён ім:
    хадзем у бліжэйшыя вёскі і гарады,
    каб Мне і там прапаведаваць;
    бо на тое Я і выйшаў.
  • 39. І Ён прапаведаваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі
    і дэманаў выганяў.
  • 40. І прыходзіць да Яго пракажоны,
    просячы Яго і на калені падаючы перад Ім,
    кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне.
  • 41. Іісус жа, змілаваўшыся над ім, працягнуў руку,
    дакрануўся да яго і кажа яму: хачу, ачысціся.
  • 42. І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа,
    і ён стаў чысты.
  • 43. І, звярнуўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,
  • 44. і кажа яму: глядзі,
    нікому нічога не гавары;
    а ідзі, пакажыся святару
    і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей,
    дзеля сведчання ім.
  • 45. А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і распавядаць,
    так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад,
    а быў звонку, у пустэльных мясцінах.
    І прыходзілі да Яго адусюль.