- 1. І прыйшоў зноў у сінагогу.
І быў там чалавек, які меў усохлую руку. - 2. І сачылі за Ім,
ці не ацаліць яго ў суботу,
каб звінаваціць Яго. - 3. І кажа Ён чалавеку, што меў усохлую руку:
стань пасярэдзіне. - 4. А ім кажа:
ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць?
душу ўратаваць альбо загубіць?
Яны ж маўчалі. - 5. І, паглядзеўшы на іх з гневам, засмучаны жорсткасцю сэрцаў іх,
кажа чалавеку: працягні руку тваю.
І працягнуў ён,
і стала рука яго здаровай, як другая. - 6. І, выйшаўшы, фарысеі
адразу ўчынілі з ірадыянамі змову супраць Яго,
як Яго загубіць. - 7. Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора,
і мноства народу з Галілеі пайшло за Ім, і з Іудзеі, - 8. і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з-за Іардана.
І з наваколляў Тыра і Сідона мноства вялікае,
пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго. - 9. І сказаў вучням Сваім,
каб лодка была для Яго напагатове,
каб натоўп не цясніў Яго. - 10. Бо многіх Ён ацаліў,
так што нядужныя кідаліся да Яго,
каб да Яго дакрануцца. - 11. І духі нячыстыя, калі бачылі Яго,
падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы. - 12. І Ён строга забараняў ім,
каб не выяўлялі Яго. - 13. І ўзышоў на гару,
і паклікаў, каго Сам хацеў;
і прыйшлі да Яго. - 14. І паставіў дванаццаць,
каб былі з Ім і каб пасылаць іх прапаведаваць, - 15. і каб яны мелі ўладу ацаляць немачы і выганяць дэманаў.
- 16. Паставіў Сімана, даўшы яму імя Пётр,
- 17. і Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата Іакава,
даўшы ім імёны Ваанергес, што азначае "сыны громавы"; - 18. і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму,
і Іакава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта, - 19. і Іуду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
- 20. І прыйшлі ў дом,
і сабраўся зноў народ,
так што яны не маглі нават хлеба паесці. - 21. І дачуўшыся, блізкія Яго выйшлі забраць Яго;
бо казалі, што Ён не ў Сабе. - 22. А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма,
казалі, што Ён мае ў Сабе вельзевула
і што сілай князя дэманскага выганяе дэманаў. - 23. І, паклікаўшы іх, прытчамі казаў ім:
як можа сатана сатану выганяць? - 24. І калі царства раздзеліцца самое ў сабе,
не можа ўстаяць царства тое. - 25. І калі дом раздзеліцца сам у сабе,
не можа ўстаяць дом той. - 26. І калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзяліўся,
не можа ўстаяць, але прыйшоў канец яму. - 27. Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага,
нарабаваць дабра яго,
калі перш не звяжа дужага,
і тады абрабуе дом яго. - 28. Праўду кажу вам:
адпушчаны будуць сынам чалавечым
усе грахі і хуленні, якімі б ні хулілі, - 29. але хто будзе хуліць Духа Святога,
не будзе мець адпушчэння давеку,
а падлягае вечнаму асуджэнню. - 30. Так казаў Ён,
бо гаварылі: Ён духа нячыстага мае ў Сабе. - 31. І прыйшлі Маці Яго і браты Яго
і, стоячы на дварэ, паслалі да Яго паклікаць Яго. - 32. І сядзеў народ вакол Яго.
І сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае
на дварэ, шукаюць Цябе. - 33. І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая і браты Мае?
- 34. І агледзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго,
кажа: вось маці Мая і браты Мае; - 35. бо хто будзе выконваць волю Божую,
той Мне брат, і сястра, і маці.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Марка > Глава 3